Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана перарэгістрацыі — страта брэнду


Валер Каліноўскі, Менск Перарэгістрацыя СМІ са словамі “беларускі” і “нацыянальны” ў назвах прайшла бяз стратаў. Калі не лічыць, што незалежныя выданьні страцілі вядомыя ў грамадзтве брэнды, а таксама выдаткавалі немалыя сродкі на афармленьне новых назваў. Да апошняга моманту не была яснай сытуацыя з "БДГ". Пятнічны нумар газэты ня выйшаў з гэтай жа прычыны.

У Міністэрстве інфармацыі паведамілі, што ўсе незалежныя грамадзка-палітычныя выданьні, якія падавалі заявы на перарэгістрацыю ў сувязі з забаронай на выкарыстаньне словаў “нацыянальны” і “беларускі” ў назвах, прайшлі гэтую працэдуру да канца адведзенага А.Лукашэнкам трохмесячнага тэрміну.

Шэраг выданьняў такіх заяваў не падавалі: па-першае, дзяржаўныя СМІ, напрыклад, “Беларуская думка”, “Белорусская нива”; па-другое, выданьні, які ўжо доўгі час не выдаваліся; і па-трэцяе, СМІ, якія чакаюць зьменаў ва ўказе А.Лукашэнкі ад 31 траўня, якія б дазволілі ім выходзіць пад ранейшай назвай. Да апошніх можна аднесьці прафсаюзны тыднёвік “Беларускі час”, апошні нумар якога выйшаў са старой назвай, фактычна з парушэньнем указу.

Такім чынам усе незалежныя выданьні прайшлі перарэгістрацыю, у выніку якой “Белорусский рынок” стаў тыднёвікам “Белорусы и рынок”, “Нацыянальная эканамічная газета” — “Эканамічнай газетай”, “Белорусская деловая газета” перарэгістравалася пад назвай “БДГ. Деловая газета”.

“БДГ” перарэгістравалі апошняй і ў апошнія гадзіны адведзенага А.Лукашэнкам трохмесячнага тэрміну. У выніку газэта не змагла выпусьціць нумару за пятніцу, што прынесла ёй істотныя страты, якія галоўны рэдактар выданьня Пётар Марцаў ацаніў прыблізна на 5 тысяч даляраў. Яшчэ 500—700 даляраў каштавалі паслугі натарыюсаў пры падрыхтоўцы дакумэнтаў да перарэгістрацыі. Гэтых грошай, зразумела, ніхто ня верне. Спадар Марцаў спадзяецца, што аўторкавы нумар “БДГ” удасца выпусьціць, калі смаленская друкарня апэратыўна аформіць патрэбныя для гэтага дакумэнты.

Віцэ-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец вітаў перарэгістрацыю недзяржаўных СМІ, але зазначыў, што страты гэтых выданьняў у выніку працэдуры перарэгістрацыі даволі істотныя:

(Бастунец: ) “Па-першае, у любым выпадку, калі выданьні страчваюць брэнд, гэта ня так проста для іх. Па-другое, шмат часу і грашовых сродкаў давялося патраціць на перарэгістрацыю, хаця і казалі, што яна будзе праводзіцца без аплаты, але на самай справе, за падрыхтоўку дакумэнтаў, за іх натарыяльнае засьведчаньне трэба было плаціць, і гэта дастаткова сур’ёзныя грошы. Але самыя вялікія страты — гэта час, гэта нэрвы, гэта брэнд”.

Спадар Бастунец перакананы: верагоднасьць таго, што некаторыя з незалежных СМІ маглі страціць права на выхад, была даволі вялікая. Асабліва складана працэс ішоў зь перарэгістрацыяй “БДГ”.

(Бастунец: ) “Верагоднасьць таго, што выданьні будуць закрытыя, існавала. І, магчыма, тая ўвага, якую грамадзянская супольнасьць зьвярнула на гэтыя падзеі, якраз і ня дала зрабіць гэтага”.

Беларуская асацыяцыя журналістаў, міжнародныя журналісцкія арганізацыі зьвярталіся да міністра інфармацыі Беларусі і Менскага гарвыканкаму з тым, каб яны не стваралі перашкодаў у перарэгістрацыі незалежных СМІ.
XS
SM
MD
LG