Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаная дата суду над Садамам Хусэйнам


Сьвятлана Курс, Прага Судовы працэс ў справе Садама Хусэйна распачнецца 19 кастрычніка. Хусэйн абвінавачаны пакуль ў адным злачынстве: зьнішчэньні 150 жыхароў паўночнаірацкага гораду Шыа пасьля няўдалага замаху на Хусэйна ў 1982 годзе. Калі абвінавачаньне будзе даказанае, былому ірацкаму дыктатару пагражае сьмяротнае пакараньне.

Суд над Садамам Хусэйнам распачнецца 19 кастрычніка, праз чатыры дні пасьля заплянаванага рэфэрэндуму па прыняцьці Канстытуцыі Іраку, праз два з паловай гады пасьля ўварваньня сілаў кааліцыі ў Ірак.

Урадавыя чыноўнікі рыхтавалі працэс цягам месяцаў і цяпер хочуць правесьці аб''ектыўны, але хуткі працэс.

Гаворыць часовы прэм''ер-міністар Іраку Ібрагім ад-Джафары.

(Ад-Джафары: ) "Мы – за адэкватны судовы працэс. Судовая ўлада незалежная ад выканаўчай і заканадаўчай. Але ўсе галіны ўлады – выканаўчая, заканадаўчая й судовая, мусяць разумець, што яны атрымалі паўнамоцтвы ад іракцаў. Закон мусіць выконвацца, і мы давядзем судовай уладзе, каб працэс быў хуткім, а вырак справядлівым”.

Сьледзтва грунтуецца на адным эпізодзе – масавым забойстве сіламі бясьпекі 143 мужчын і юнакоў у правінцыі Дуджаіл і зьмяшчэньне ў турму яшчэ 1500 жыхароў правінцыі, у якой 8 ліпеня 1982 году на Хусэйна быў зьдзейсьнены няўдалы замах.

68-гадовы Садам Хусэйн, захоплены амэрыканскімі войскамі ў сьнежні 2003 году, можа быць пакараны сьмерцю, калі яго віну давядуць у судзе.

Працэс датычыць і 7-мі ягоных паплечнікаў, у тым ліку Барзана Ібрагіма, адзінакроўнага брата Хусэйна й былога чыноўніка службы бясьпекі ды Тага Ясіна, віцэ-старшыні Рэвалюцыйнай Рады партыі Баас. Чатыры іншыя падсудныя – функцыянэры Баас, адказныя за правінцыю Дуджаіл.

У ліпені прадстаўнікі ўраду Іраку заявілі, што могуць прад''явіць больш за 500 абвінавачаньняў былому дыктатару, але гэта толькі зацягне працэс. Сьпіс абвінавачаньняў уключае масавыя забойствы курдаў пасьля іхнага паўстаньня напрыканцы 1980-х, масавыя забойствы шыітаў пасьля іхнага паўстаньня ў 1991 году, напад на Кувэйт у 1990-м, забойствы палітычных апанэнтаў.

Працэс над Хусэйнам будзе няпростым. Адзін з адвакатаў Хусэйна заявіў, што ў ліпені ў памяшканьні суда на ягонага падабароннага напаў невядомы мужчына, на што судзьдзя ніяк не адрэагаваў. Судзьдзя адпрэчвае абвінавачаньні. Сілы бясьпекі, якія будуць ахоўваць суд, вымушаныя апасацца нападаў як праціўнікаў, гэтак і прыхільнікаў Садама Хусэйна.
XS
SM
MD
LG