Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь накіруе гуманітарную дапамогу ў ЗША, калі Лукашэнка падпіша ўказ


Ігар Карней, Менск Беларуская гуманітарная дапамога можа быць накіраваная ў ЗША на падставе прэзыдэнцкага ўказу. Але ўказу пакуль няма, заявіў прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Міністэрства замежных справаў ня мае зьвестак пра дакладную колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія апынуліся ў зоне бедзтва на паўднёвым узьбярэжжы ЗША. Паводле атрыманых зь іншых крыніцаў зьвестак, папярэдне можна казаць пра двух беларускіх студэнтаў, якія пры ўдзеле расейскіх дыпляматаў былі вывезеныя ў бясьпечныя раёны ЗША.

Пра тэрміны вяртаньня пацярпелых на радзіму ў беларускім МЗС таксама нічога ня ведаюць. Тым часам, кіраўніцтва Злучаных Штатаў пакуль не адрэагавала на прапанову гуманітарнай дапамогі з боку Беларусі.

Паводле апошніх зьвестак з ЗША, ратавальнікам трэба эвакуяваць амаль паўсотні тысяч чалавек, якія застаюцца адрэзаныя вадой. Цалкам верагодна, што ў гэтай масе могуць быць прадстаўнікі розных краінаў, якія на час летніх вакацыяў зьяжджаюцца ў ЗША на заробкі. У выканаўца абавязкаў кіраўніка прэсавай службы МЗС Руслана Есіна я пацікавіўся: ці сапраўдныя паведамленьні некаторых расейскіх СМІ, якія пішуць, што ў складзе эвакуяваных са стадыёну “Superdome” студэнтаў быў беларус з прозьвішчам Антановіч?

(Есін: ) “Мы правяраем гэтую інфармацыю, усё ўдакладняем. Кожную хвіліну інфармацыя мяняецца”.

Гэтаксама на мінулым тыдні была распаўсюджаная інфармацыя, што ў бясьпечнае месца вывезеная яшчэ адна грамадзянка Беларусі, якая працавала ў Новым Арлеане. У МЗС з гэтай нагоды таксама нічога не ўдакладнілі.

Тым часам, у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў лічаць перабольшанымі размовы пра магчымасьць неадкладнай гуманітарнай дапамогі насельнікам штату Луізіяна з боку Беларусі. Прадстаўнік міністэрства Алег Голубеў кажа, што аказаньне дапамогі рэглямэнтуецца ўказам прэзыдэнта, а такога распараджэньня няма.

(Голубеў: ) “У нас падобныя рашэньні прымае прэзыдэнт, пасьля чаго мы фармуем дапамогу. Ёсьць адпаведныя фонды, спэцыяльныя запасы на выпадак надзвычайных здарэньняў — як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі. Але ЗША пакуль што адмаўляецца нават ад расейскай дапамогі: тамтэйшыя ратавальнікі гатовыя ляцець у Луізіяну хоць зараз. Калі будзе прынятае рашэньне нашым кіраўніцтвам аб аказаньні дапамогі, мы таксама гатовыя — ці ад сябе непасрэдна, ці накіраваўшы эшалён у Маскву. Адтуль ужо расейскія самалёты павязуць нашыя грузы далей. Гэткім чынам летась мы адпраўлялі дапамогу ў Шры-Лянку. Таму дапамогу аказаць мы гатовыя, калі будзе ўказаньне “зьверху”. Але дзеля гэтага трэба, каб прыняў адпаведнае рашэньне прэзыдэнт”.

Між тым, некаторыя афіцыйныя палітыкі адкідаюць нават тэарэтычную магчымасьць падобнай гуманітарнай дапамогі. Сябра Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец перакананы, што амэрыканскія ўлады ніколі ня прымуць дапамогі ад імя Лукашэнкі.

(Чаргінец: ) “Для Буша тысяча загінулых, няхай яшчэ тры тысячы памруць — гэта дробязі ў параўнаньні зь нянавісьцю ў свой час да Садама Хусэйна, а цяпер — да Беларусі. Палітычныя інтарэсы і асабістыя амбіцыі адыгрываюць нашмат большую ролю, чым клопат пра амэрыканскі народ. Як зацыкліцца на нейкай асобе, дык гэта ўжо вышэй за інтарэсы свайго ўласнага народу”.

Падзеі ў Новым Арлеане справакавалі ня толькі крытыку на адрас амэрыканскага кіраўніцтва, але і імклівае падзеньне курсу даляра ў параўнаньні з эўрапейскай валютай — фінансавы рынак неадкладна адрэагаваў на магчымыя нэгатыўныя для эканомікі ЗША наступствы ўрагану “Катрына”. Але беларускі фондавы рынак на ўсясьветныя фінансавыя і прыродныя катаклізмы не адрэагаваў практычна ніяк.

Тым часам, улады ЗША абвясьцілі, што аднаўленьне Новага Арлеану пачнецца толькі ў наступным годзе. Горад давядзецца пакінуць у гэткім стане прынамсі на дзевяць месяцаў, а бальшыня яго жыхароў здолее вярнуцца ў свае дамы не раней як празь некалькі гадоў. Таксама прагназуецца, што агульная колькасьць загінулых у Новым Арлеане значна перавысіць колькасьць ахвяраў тэрарыстычнай атакі 11 верасьня 2001 году.
XS
SM
MD
LG