Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Эўропе пачынаецца продаж новага альбому гурту Rolling Stones


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 5 верасьня ў Эўропе і 6 верасьня ў ЗША і Канадзе на паліцах музычных крамаў зьявіцца новы альбом легендарнага рок-гурту “Rolling Stones”. Напярэдадні прэм’еры, якую аматары рок-музыкі чакалі доўгіх 8 гадоў, бальшыня брытанскіх газэт надрукавалі водгукі і рэцэнзіі на новы дыск.

Назву дыска “Bigger Bang” можна перакласьці як “Яшчэ большы выбух”. Рэцэнзэнты заўважылі ў назьве намёк на цікавасьць музыкаў да гэтак званай тэорыі “вялікага выбуху”, якой тлумачаць паходжаньне Сусьвету.

Гэта -- першы студыйны альбом “Rolling Stones” за апошнія восем гадоў. У ім 16 песень, і гучаць яны цэлую гадзіну. Тут і творы ў знаёмым прыхільнікам гурту стылі, таксама баляды, фанк і музыка, якая нагадвае пра блюзавыя карані гурту. У інтэрвію ВВС гітарыст Кіт Рычардс сказаў, што “калі вы ня ведаеце блюзу, няма сэнсу браць у рукі гітару і спрабаваць іграць рок-н-рол ці іншую сучасную папулярную музыку”. Ёсьць на дыску і рэдкая для “ролінгаў” палітычная песьня “Sweet Neo-Con” (“Мілы нэакансэрватар”). Лідэр гурту сэр Мік Джагер патлумачыў ВВС, што палічыў сваім абавязкам напісаць песьню, прысьвечаную амэрыканскай палітыцы. На ягоную думку, “у апошнія два-тры гады палітыку вызначае вельмі невялікая, але рашучая група ўплывовых людзей”.

Меркаваньні пра новую працу жывых клясыкаў рок-н-ролу самыя розныя. Так, газэта “Independent” называе яго самым лепшым з таго, што зрабіў калектыў ад 1972 году, калі зьявіўся клясычны падвойны альбом “Ссылка на Галоўнай вуліцы”. Іншыя газэты больш стрымана ацэньваюць кружэлку. “Gardian” піша, што ў альбоме “шмат вады”.

Музыкам ужо болей як па 60 гадоў. І натуральнае пытаньне - ці доўга яны яшчэ пратрымаюцца на сцэне, ці не стане гэты альбом апошнім у іхнай фантастычнай кар’еры. Кіт Рычардс кажа, што “думаць пра пэнсію – гэта самагубства. Гэта як харакіры. Я зьбіраюся дажыць да 100 гадоў і застацца ў гісторыі.”

Цяпер гурт “Rolling Stones” знаходзіцца ва ўсясьветным турнэ, на канцэртах пераважна выконвае песьні з новага дыску “Bigger Bang”. Крытыкі заўважаюць, што, мяркуючы па той энэргіі, якую дэманструюць музыкі на канцэртах, у іх яшчэ шмат сілаў. “Gardian” піша, што пры ўсіх недахопах альбому “на лебядзіную песьню ці на надмагільны камень гэтая калекцыя новых песень у жанры рытм-энд-блюзу і рэстараннага року зусім не падобная”.
XS
SM
MD
LG