Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экалягічны форум: сьвята прайшло, праблемы засталіся


Вінцэсь Мудроў, Полацак Мінулымі выхаднымі ў Полацку прайшоў ІІІ Рэспубліканскі экалягічны форум. Афіцыйныя СМІ надалі гэтай падзеі шмат увагі, і тон радыё- і тэлерэпартажаў наводзіў на думку, што экалягічныя праблемы Полаччыны – аднаго з самых праблемных геатэхнічных рэгіёнаў краіны ўжо вырашаныя.

Сам форум распачаўся ў суботу, а ў пятніцу пачаў сваю працу міжнародны навуковы сымпозіюм “Экалягічныя праблемы прыродна-тэхнічных комплексаў”. На яго сабралася звыш 120 навукоўцаў-эколягаў ды іх калегаў са сумежных навуковых галінаў зь Беларусі, Расеі ды Літвы. Былі запрошаныя таксама навукоўцы са Швэцыі, Латвіі, Польшчы ды іншых эўрапейскіх краінаў, але яны не прыехалі. На сымпозіюме быў зачытаны не адзін дзясятак навуковых спавешчаньняў. Што да яго практычнай вартасьці, дык тут згадаем ліст, накіраваны навукоўцамі на адрас Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) з пратэстам супраць плянаў будаўніцтва ля беларускіх межаў ядзернага могільніку.

Ну а сам форум уяўляў сабою звычайнае гарадзкое сьвята з шэсьцем гасьцей пад духавы аркестар (госьці, дарэчы, прыехалі з усіх абласьцей, а таксама зь Менску), сцэнаю на цэнтральным пляцы, выступам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама дэпутатаў парлямэнту, выставай “Сучасныя тэхналёгіі ў галіне прыродакарыстаньня”, вулічным гандлем, гала-канцэртам, фаервэркам і сьвяточнай вячэрай для VIP-пэрсонаў у рэстаране “Славянскі”. Апошняе мерапрыемства, вядома ж, шырока не рэклямавалася. Самай адметнай падзеяй форуму можна лічыць адкрыцьцё ў горадзе прыродна-экалягічнага музэю. Ён разьмясьціўся ў старой воданапорнай вежы і выглядае арыгінальным як звонку, так і што да экспазыцыі. Гаворыць аўтар мастацкай канцэпцыі музэю мастак Уладзімер Шапо.

(Шапо:) “Практычна гэта першы музэй падобнага кшталту ў Беларусі. Над экспазыцыяй, над мастацкім абліччам музэю мы працавалі сумесна з мастаком Уладзімерам Гавазюком. Наколькі нам удалося выявіць тэму – пра гэта скажуць наведнікі. Але я спадзяюся, што праца будзе працягнутая: трэба яшчэ зрабіць купал з росьпісам, канфэрэнц-залю з тэхнічнымі сродкамі, бібліятэку”.

Узьнікае пытаньне: ці ўздымаліся на форуме экалягічныя праблемы рэгіёну? Я ўважліва паслухаў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Лявонція Харужыка ды іншых прамоўцаў, якія выступалі падчас адкрыцьця форуму. Яны казалі пра суворыя выклікі часу, пра глябальныя экалягічныя калізіі, пра трапічныя ўраганы, аднак праблем, зьвязаных зь дзейнасьцю тутэйшага нафтахімічнага комплексу ніхто зь іх не згадаў. Відаць, палічылі, што гэта праблемы суседняга Наваполацку і палачанаў яны ня тычацца, хоць Полацак і Наваполацак - гэта адна гарадзкая аглямэрацыя. У горадзе і рэгіёне, дарэчы, шмат і іншых экалягічных праблем, пра што сьведчыць міні-апытаньне, якое я правёў на вуліцах сьвяточнага гораду.

(Спадар:) “Я магу сказаць, што, прыяжджаючы часьцяком у Наваполацак, адчуваю пах, які струменяць прамысловыя гіганты. Так, прыкладам, рэгулярна вечарам у пятніцу адбываецца выкід шкодных прадуктаў з вытворчасьці ў атмасфэру нашага гораду”.

(Спадар:) “Сьвята падрыхтавалі, і гэта добра для нашага гораду. Напрыклад, цэнтар упарадкавалі… Але што тычыцца непасрэдна экалягічных праблемаў, дык яны, на жаль, не вырашаюцца. Напрыклад, тая самая Палата, ад якой пайшла назва Полацкау. Гэтая рэчка на сёньняшні дзень вельмі брудная, недагледжаная”.

(Спадар:) “Цэнтар прыбралі, а далей ад цэнтру – скруціш галаву. Там як быў хаос, так і застаўся. Вось, да прыкладу, вуліца Стадыённая. Толькі вакол аднаго дома траву скасілі, а ўсе астатнія бур’яном пазарасталі”.

(Спадар:) “У нашым Полацкім рэгіёне, я лічу, нагоды для сьвята ніякай няма. Таму што ў Дзьвіне ўжо шмат гадоў нельга купацца, на вуліцах поўна старых машын – нават цяжка дыхаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG