Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гігантаманія: суровая неабходнасць або “спаленыя” грошы?


Ігар Карней, Менск Апанэнты цяперашніх уладаў сумняюцца ў мэтазгоднасьці маштабных будоўляў, бальшыня зь якіх вядзецца пад асабістым патранажам Аляксандра Лукашэнкі. Спэцыялісты абвінавачваюць кіраўніцтва краіны ў гігантаманіі, якая ня мае нічога агульнага з рацыянальным выкарыстаньнем зямлі і аб’ектаў, якія ўсё больш нагадваюць помнікі гэтай эпосе.

Цяпер асноўны гіганцкі праект - будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Бібліятэку абяцалі здаць акурат да 1 верасьня – Дня ведаў. Аднак пасьля таго, як будынак пачаў даваць непазьбежную “усадку” і з шыбаў паляцела шкло, тэрміны вырашылі адкарэктаваць. Гісторык, доктар навук Леанід Лыч у зьвязку з адкрыцьцём бібліятэкі выступіў зь нечаканай ініцыятывай. Ён лічыць, што няма ніякай неабходнасьці перавозіць у новы будынак усе кнігі. У памяшканьні старога кнігасховішча спадар Лыч прапануе сабраць усе беларускія кнігі, якія падчас пераезду рызыкуюць папросту зьнікнуць.

(Лыч: ) “Я назваў бы гэта “Бібліятэкай беларускай кнігі”. Ня толькі якія па-беларуску напісаныя, але і выдадзеныя падчас вымушанага знаходжаньня за межамі Беларусі, кнігі нашых аўтараў на расейскай мове… І выкінуць, у сваю чаргу, усё, што нас ня тычыцца. Няхай вязуць туды, у новае памяшканьне... Цяжка ўявіць, колькі людзей будзе адарвана ад беларускай кнігі! Гэта ж ускраіна горада; асьпіранты, студэнты – так, селі ў мэтро і паехалі. А ўжо чалавек гадоў у 50 падумае: ай, можа абыйдуся. І будзе абыходзіцца…”.

(Карэспандэнт: ) “Кіраўніцтву бібліятэкі вы прапаноўвалі такую ідэю?”.

(Лыч: ) “Не, я зь імі ня зьвязваўся. Я індывідуальна выступаю, сам ад сябе. Не хачу іх вучыць, у іх саміх павінна такая думка ўзьнікнуць. Гэта ж яны мусяць быць прапагандыстамі беларускай кнігі. А туды як закінуць нашыя кнігі, яны там адназначна зьнікнуць у моры расейскамоўных, не знайсьці іх будзе…”.

Калі будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі набліжаецца да фінішу, то іншыя праекты толькі чакаюць свайго часу. Якія яшчэ маштабныя будоўлі заплянаваныя на бліжэйшую пэрспэктыву? Да канца верасьня Аляксандар Лукашэнка мусіць канчаткова вырашыць лёс двух праектаў: тэлевежы, якую, паводле праектнай дакумэнтацыі плянуюць паставіць каля выставачнага комплексу “БелЭКСПА”, і беларускага аналягу амэрыканскай “сыліконавай даліны” - “Парку высокіх тэхналёгій”. Дарэчы, сайт Парку не абнаўляецца ад красавіка – тут па-ранейшаму вісіць заклік узяць удзел у абмеркаваньні найлепшага варыянту назвы (нездарма прэзыдэнцкі дарадца Валерый Цапкала быў названы “Тытанікам Байнэту” як куратар “найгоршага інтэрнэт-рэсурсу” у беларускім сэктары сеціва). Што да тэлевежы, то днямі яе нечакана забракаваў урад. Тым ня меней, паводле зьвестак, кіраўнік краіны вельмі хоча, каб вежа была пабудаваная. Прынамсі, сам Лукашэнка разглядае вежу як важны тэхналягічны, палітычны і турыстычны аб’ект. А вось акадэмік Аляксандар Вайтовіч лічыць, што, як і ў выпадку зь бібліятэкай, грошы будуць толькі змарнаваныя: будзе вежа або не – якасьць беларускага тэлеэфіру ад гэтага ня зьменіцца.

(Вайтовіч: ) “Уся краіна і так ахопленая Беларускім тэлебачаньнем. Дык якая патрэба ў праектах, калі і так усё працуе? Зь іншага боку, зьдзіўляе, калі хваляцца супрацоўнікі БТ: нашае тэлебачаньне глядзяць у суседніх краінах, у Скандынавіі… Беларускае тэлебачаньне, аб’ектыўна кажучы, вельмі невысокага ўзроўню. І гэта вынік палітыкі, якую праводзяць улады ў адносінах да тэлебачаньня. Быў на чале Рыбакоў, які ніколі не займаўся тэлебачаньнем і нават журналістам ня быў прафэсійным. Прызначылі новага, таксама не спэцыяліста. Нічога добрага ня будзе, пакуль на сваіх месцах ня будуць прафэсіяналы. І калі нехта думае, што нашае тэлебачаньне зараз пачнуць усюды глядзець, то глыбока памыляецца”.

У маштабах зь бібліятэкай і пакуль што гіпатэтычнай тэлевежай хутка могуць зраўнацца гіганцкія сьвінакомплексы, якія неўзабаве пачнуць узводзіць блізу літоўскай мяжы. Кожны – на 108 тысячаў галоў. Але, падобна, пакуль такое суседства больш хвалюе літоўскі ўрад, які ўжо называе чаканыя выдаткі ад сьвіной жыцьцядзейнасьці “экалягічным бедзтвам”. Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў лічыць: гаварыць пра трагедыю пакуль заўчасна, аднак экалягічная экспэртыза ў такіх выпадках неабходная паглыбленая.

(Лявонаў: ) “Павінна быць экалягічная экспэртыза. Адпаведныя спэцыялісты ёсьць і ў Беларусі, і за мяжой, і пакуль цяжка штосьці канкрэтна казаць, наколькі там пацерпіць экалёгія. Разам з тым, я добра ведаю: на падставе сучасных тэхналёгій можна будавацца так, што асаблівай шкоды для навакольля ня будзе. Але якія мэтады будуць прынятыя ў дадзеным выпадку – не магу сказаць: трэба бачыць і праект, і месца, выбранае пад будаўніцтва”.

Пра глябальныя будоўлі можна казаць у кантэксьце абсалютных скрайнасьцяў: з адного боку сьвінакомплексы, з другога – агучаныя днямі Лукашэнкам пляны пабудаваць у Менску хакейны палац на 15 тысячаў гледачоў, і абавязкова – самы прыгожы ў Эўропе.

Спартовыя аб’екты цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ўваходзяць у склад прыярытэтных: завершаны даўгабуд у Берасьці – легкаатлетычная заля, збудаваны футбольны манэж у Менску. Легендай ужо сталі лядовыя палацы, мода на якія дайшла і да рэгіёнаў: у 2006 годзе будаўніцтва лядовай арэны пачнецца ў Пружанах. За тры гады зьявіліся два гарналыжныя комплексы пад Менскам і адзін пад Мазыром (дзяржаўныя “Сілічы” пабудавалі за некалькі кілямэтраў ад прыватнага комплексу “Лагойск”, адбіўшы добрую палову наведнікаў). На наступны год заплянаванае будаўніцтва велатрэку і поўная перабудова менскага стадыёну “Трактар”. Праўда, колькасьць вялікіх спартоўцаў у адпаведнай прапорцыі ад такіх будоўляў чамусьці не расьце.

Апошнім часам не шкадуюцца грошы і на асобныя навуковыя распрацоўкі – як у выпадку з супэркампутарам і спадарожнікам. Супэркампутар “СКІФ-1000”, прапісаны ў Нацыянальнай акадэміі навук, лічыцца адзіным інтэлектуальным прадуктам так званай саюзнай дзяржавы, але, як кажа вучоны сакратар Інстытуту аб’яднаных праблемаў інфарматыкі Альберт Пятроўскі, запатрабаванасьць яго мізэрная.

(Пятроўскі: ) “Скажам так, нават ня рынак не гатовы. Яго выкарыстоўваюць, мы ж рабілі супэркампутар не для сябе... Але калі мы прапануем рэсурсы бясплатна, то ўсе з задавальненем карыстаюцца. Аднак, калі ўдакладняем - таварышы, трэба плаціць - адразу ж узьнікаюць пытаньні. Хоць грошы, трэба заўважыць, і невялікія”.

Нарэшце, на 5 сьнежня заплянаваны вывад на арбіту першага беларускага спадарожніка “БелКА” (Беларускі Касьмічны Апарат). Як расказаў адзін з навукоўцаў, які быў задзейнічаны ў праекце на пачатковым этапе, дзеля таго, каб спадарожнік за некалькі хвілінаў абляцеў тэрыторыю Беларусі, зрабіўшы некалькі здымкаў, укладаюцца мільёны даляраў. На яго думку, куды больш ашчадна было б купіць неабходныя здымкі, перададзеныя са спадарожнікаў іншых краінаў.

(Навуковец: ) “Сэнс увесь у тым, што гэта “спаленыя” грошы, “выдраныя” зь бюджэту. Тое, што магло пайсьці на разьвіцьцё навукі, імгненна патраціцца на асабістыя амбіцыі”.

На заканчэньне можна адзначыць: крыху меншыя сродкі, чым на спорт і гіганцкія сьвінакомплексы, выдаткоўваюцца на будаўніцтва абавязковых 5 дамоў у цэнтральных сядзібах калгасаў. Шмат хто лічыць такое асваеньне грошай амаль злачынным – калгасам навязанае ўладамі “задавальненьне” абыходзіцца, як кватэра ў сталіцы – па 30 тысячаў даляраў за кожны дом. І гэта – без вады і каналізацыі. Між тым, падобныя ўзоры мусяць стаць прататыпам аграгарадкоў, якія зь фінансавага гледзішча ацэняць, натуральна, яшчэ больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG