Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Словы “нацыянальны” і “беларускі” канчатковы зьнішчаны з назваў


Міхал Стэльмак, Менск 31 траўня Аляксандр Лукашэнка выдаў указ, якім забараніў мець гэтыя словы ў назвах, у прыватнасьці, некамэрцыйных арганізацыяў. На перарэгістрацыю было адведзена тры месяцы. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, зроблена гэта з мэтай “упарадкаваньня” назваў. Дзіўна, аднак, тое, што ўпарадкаваньне тычыцца толькі недзяржаўных структураў.

Пад забарону патрапілі назвы вядомых у Беларусі некамэрцыйных арганізацыяў. Напрыклад, Беларускай канфэдэрацыі прамыславікоў і прадпрымальнікаў, Беларускага саюзу наймальнікаў. Пра тое, як яны будуць цяпер называцца, распавёў мне прадстаўнік гэтых арганізацыяў Віталь Сэўрукевіч:”

(Сэўрукевіч: ) “Беларускаму саюзу наймальнікаў мы далі назву Рэспубліканскі саюз наймальнікаў. Што тычыцца канфэдэрацыі, то мы падалі бяз слова “беларускі”. Атрымалася Саюз некамэрцыйных арганізацыяў ”Канфэдэрацыя прамыславікоў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў)”. Пакуль пра іх дзяржаўную рэгістрацыю нам нічога не вядома”.

Паводле тлумачэньняў прадстаўнікоў некамэрцыйных арганізацыяў, большасьць іх дакумэнты на перарэгістрацыю падалі напрыканцы адведзенага тэрміну. Таму, як яны спадзяюцца, афіцыйныя адказы да іх яшчэ не дайшлі. Дарэчы, яны непакояцца не дарэмна. Ігнараваньне працэдуры перарэгістрацыі пагражае цяжкімі наступствамі. Вось што патлумачыла на гэты конт супрацоўніца упраўленьня рэгістрацыі і ліцэнзаваньня Менгарвыканкаму, што брала ўдзел у перарэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў, але якая не пажадала назваць свайго прозьвішча:

(Спадарыня: ) “Гэты ўказ устанавіў прававыя наступствы. Іх дзейнасьць будзе прызнаная незаконнай. Адсюль і ўсе наступствы гэтага”.

Пагроза магчымай ліквідацыі прымусіла большасьць некамэрцыйных арганізацыяў адказна паставіцца да указу Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, Беларуская асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў ужо зарэгістраваная пад новай назвай: “Асацыяцыя “БАМАП”. А вось Беларускі аграпрамысловы саюз спадзяецца на захаваньне ў сваёй назьве слова “беларускі”. Вось што патлумачыў на гэты конт яго прадстаўнік Валеры Яфімаў:

(Яфімаў: ) “Перададзены ў Адміністрацыю прэзыдэнта, ва ўрад дакумэнт, які павінен дазволіць выкарыстаньне слова “беларускі” арганізацыям, якія ўваходзяць у аб’яднаньне наймальнікаў. Калі будзе адмова на нашы просьбы, тады будзем варушыцца”.

Зьмена назваў, як вынікае з тлумачэньняў прадстаўнікоў некамэрцыйных структураў, стварае шмат складанасьцяў у іх дзейнасьці. Той самы, напрыклад, Беларускі аграпрамысловы саюз уваходзіць у Міжнародны аграпрамысловы саюз, кантактуе зь Сялянскім саюзам зь Нямеччыны. Шырокія міжнародныя кантакты маюць і іншыя арганізацыі, якім цяпер трэба будзе тлумачыць партнэрам, што яны называюцца інакш. Апроч таго, працэдура зьмены назвы арганізацыі патрабуе фінансавых выдаткаў. Вось якое меркаваньне з гэтай нагоды выказаў вядомы беларускі экспэрт у пытаньнях гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Для мяне застаецца незразумелай мэта прыняцьця гэтага ўказу. Бо словы “беларускі” і “нацыянальны” азначаюць ня столькі дзяржаўную, колькі этнічную прыналежнасьць. Неяк лягічна патлумачыць, чаму было патрэбна праводзіць перарэгістрацыю некамэрцыйных аб’яднаньняў, немагчыма. Магчыма, сапраўднай мэтай выданьня гэтага ўказу якраз і зьяўлялася фактычная перарэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў і, асабліва газэтаў, і тады ўсё становіцца зразумелым”.

Нагадаем, што згаданы ўказ Аляксандра Лукашэнкі тычыцца перарэгістрацыі недзяржаўных газэтаў са словамі “беларускі” і “нацыянальны”. Яны таксама сутыкнуліся зь цяжкасьцямі пры перарэгістрацыі. “Белорусский рынок” будзе цяпер называцца “Белорусы и рынок”, “Белорусская газета” – “БелГазета”, “Белорусская деловая газета” –“БДГ. Деловая газета”.

Гл. таксама • Цана перарэгістрацыі — страта брэнду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG