Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Днях беларускага пісьменства пісьменьнікаў не запрасілі


Вячаслаў Кулік, Менск Учора ўвечары ў райцэнтры Камянец на Берасьцейшчыне адбылося закрыцьцё Дня беларускага пісьменства. Арганізатары афіцыйнага мерапрыемства адмежавалі ад удзелу у ім сяброў Саюза беларускіх пісьменьнікаў. СБП не атрымаў ніводнага запрашэньня.

Жыхары гораду пад Белай Вежай як гаспадары 12-га па ліку Дня беларускага пісьменства ня вольныя былі самі запрашаць гасьцей. Гэтага ня ўтойвала ў гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода загадчыца ідэалягічнага аддзелу Камянецкага райвыканкаму Ірына Нягерыш.

(Нягерыш: ) “У мяне тут ёсьць сьпіс запрошаных ад імя Міністэрства інфармацыі. Пісьменьнікі: Казапалянская, Кустава, Лайкоў, Мазго, Малахоўскі, Марцыновіч...”

У гэты сьпіс малавядомых літаратараў не патрапілі беларускія пісьменьнікі з гучнымі, як брэнд, прозьвішчамі: Барадулін, Бураўкін, Някляеў, Іпатава, Законьнікаў. Не запрошаны ў Камянец Ніл Гілевіч, хаця першыя экспэдыцыі “Дарога да сьвятыняў” народны пісьменьнік блаславіў ня толькі паэтычнымі радкамі.

(Гілевіч: ) “Гэтае сьвята некалі пачыналі арганізоўваць людзі, якія былі ля мяне і са мною”.

Удзельнікі афіцыйнага мерапрыемства атрымалі спэцвыпуск газэты “Навіны Камянеччыны”. У ім матэрыял нумар адзін – Адама Мальдзіса. Ён дасьледуе літаратурную спадчыну горада. Аднак і прафэсар ва ўчорашні выходны заставаўся ў Менску.

(Мальдзіс: ) “Нават каб запрасілі мяне на гэтае сьвята, мог бы паехаць, але мне куды больш даражэйшыя гэтыя два дні. Я ўжо даўно ня памятаю, што такое выхадныя дні”.

У нядзелю ў Камянцы некаторыя мінакі на вуліцах блыталі Дзень пісьменства з “Дажынкамі”.

(Спадарыня: ) “Вуліцы зьмяніліся, стала ўсё вельмі прыгожа”.

(Спадар: ) “Дні беларускага пісьменства – гэта як “Дажынкі” для нашых гарадоў. Асабліва для такіх невялікіх раённых цэнтраў”.

(Спадарыня: ) “Вельмі шмат конкурсаў, цікавых прызоў, бяспройгрышная лятарэя”.

Паводле меркаваньня краязнаўцы, аўтара некалькіх кніжак пра Камянец Рыгора Мусевіча, Дзень пісьменства не ўзбагаціў славесную памяць Белавежжа.

(Мусевіч: ) “Дзень пісьменства трэба было падрыхтаваць на нашым мясцовым матэрыяле. Гэта вельмі важна. Калісьці ў Камянцы стаяла царква Уваскрашэньня, а пры царкве быў кляштар, а пры кляштары – школа. Так школа мае непасрэднае дачыненьне да Дня пісьменства”.

Паводле Рыгора Мусевіча, раённая ўлада пераняла прыклад вышэйшай “вэртыкалі”. “Адна не запрасіла вядомых пісьменьнікаў, другая адхіліла ўсе мясцовыя ініцыятывы”, - кажа суразмоўца.

(Мусевіч: ) “Я прапаноўваў усталяваць памятныя знакі, дзе стаяла наша гарадзкая ратуша. Што Камянцу было дадзена Магдэбурскае права ў 1503 годзе. Быў княскі палац, у якім спыняліся князі валынскія, літоўскія, каралі польскія. Гэта ж такія гістарычныя памятныя мясьціны!”

Камэнтуе сытуацыю старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Уладныя структуры падзялілі беларускае пісьменства на “чэсных” і “нячэсных”. “Нячэсныя” не прадстаўленыя ў афіцыйных днях паэзіі, у дзяржаўных часопісах, у літаратурных штотыднёвіках. Губляе па вялікім рахунку літаратура, беларуская сучасная культура. Звычайны з глыбінкі беларускі чалавек, чытач не задае сабе пытаньні: чаму не прыехалі, ці не запрасілі альбо не пусьцілі? Ён робіць банальную выснову: няма сучаснай беларускай літаратуры, няма вядомых пісьменьнікаў. Ён так мяркуе, бо ня бачыць, яны да яго не даяжджаюць у значныя традыцыйныя сьвяты пісьменства, сьвяты кнігі”.
XS
SM
MD
LG