Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ацэньваюць пэрспэктывы сёлетняга жніва


Іна Студзінская Завяршаецца жніво. Віцэ-прэм’ер Беларусі Іван Бамбіза заявіў пра тое, што сёлета краіна атрымае ўраджай збожжа аб’ёмам каля 6 мільёнаў 400 тысячаў тон, а можа і больш. Беларусь мае намер нарошчваць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі на расейскі рынак. У бліжэйшыя гады віцэ-прэм’ер паставіў задачу выйсьці на 1 мільён тон паставак бульбы ў Расею (цяпер экспартуецца ў 10 разоў менш – 100 тысячаў тон бульбы). А беларускую гародніну будуць экспартаваць у прамысловыя рэгіёны Расейскай Фэдэрацыі.

Што ўраджай сёлета сапраўды неблагі - прызнаюць ўсе. Але ня ўсе адмыслоўцы зьвязваюць гэта з самай пільнай увагай да праблем сяла з боку найвышэйшага кіраўніцтва краіны, як цьвердзіць пастаянна Беларускае тэлебачаньне і дзяржаўная прэса.

Вось меркаваньне прафэсара Івана Нікітчанкі.

(Нікітчанка: ) “Склаліся вельмі спрыяльныя ўмовы надвор’я, па-першае. Па-другое, на зямлі ж ёсьць гаспадар. У мужыка ж душа баліць, калі што ня так. Яны зробяць усё адно – едзе Лукашэнка, кажа ён што або ня кажа – яны зробяць усё адно.

Але я ня веру ў гэтыя лічбы. У мінулым годзе таксама крычалі: ай-ай, як добра ўсё! А глянуць, колькі завезена ўсяго! Мы завезьлі на мільярд з гакам харчовых тавараў, у тым ліку і збожжа. Год скончыцца, будуць справаздачы, тады пабачым, колькі завезьлі чаго”.

Сапраўды, у беларускіх крамах вельмі шмат замежнай гародніны і садавіны. (Ня будзем казаць пра экзатычныя культуры, якія ў краіне не растуць). Але морква ў асноўным галяндзкая, капуста і яблыкі – польскія, памідоры – гішпанскія, перац малдаўскі… Кажуць, усё вырастае, але захоўваць ня ўмеем. Дарэчы, падчас паездкі па Гомельшчыне Лукашэнка прапанаваў прыстасоўваць пад сховішчы для гародніны невыкарыстоўваныя і незавершаныя будынкі.

Афіцыйна кіраўніцтва кажа толькі пра закупку пшаніцы цьвёрдых гатункаў. Сёлета плянуецца закупіць каля 150 тысячаў тон. Але дзе будуць закупляць - віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза пакуль не ўдакладніў.

Вось меркаваньне экспэрта ў галіне сельскай гаспадаркі Аляксандра Ярашука.

(Ярашук: ) “Паводле аб’ектыўнасьці, насамрэч можна казаць, што сёлета ня самы горшы ўраджай. Але ці ўзялі мы Бога за бараду? Нічога надзвычайнага не адбылося. Паказчык высокі, але зусім не надзвычайны. Гэты ажыятаж, які ствараецца штучна ня першы год, правакуе і штурхае кіраўнікоў усіх рангаў на тое, каб рабіць прыпіскі. Але, самае галоўнае, напэўна, тое, што насамрэч ураджаі, можа, і неблагія, але цэны ў нашых крамах як мелі, так і маюць тэндэнцыю мяняцца ў бок павелічэньня”.

У канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка наведаў Гомельскую вобласьць і паставіў цэлы шэраг задач – што і дзе вырошчваць.

Нагадаю, раней кіраўнік дзяржавы загадаў “заваліць” краіну сваёй цыбуляй, потым гарошкам. Не атрымалася. Цяпер вось загадаў вырошчваць на Гомельшчыне спаржавую фасолю (звычайная фасоля, маўляў, дрэнна высьпявае). І сказаў, што ніводнай тоны піваваранага ячменю сёлета ў Беларусь завезена ня будзе – цытую: “У нас нармальны ячмень і добрае піва”. Ці нармальная гэта практыка – першай асобе дзяржавы кіраваць, дзе і што вырошчваць, разважае Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Нідзе ў сьвеце вы ня ўбачыце, каб кіраўнік даваў нейкія загады тым, хто працуе на зямлі – што яму сеяць і чым займацца. Таму што мае месца прыватная ўласнасьць на зямлю. А ва ўмовах сыстэмы камандна-адміністрацыйнай, канешне ж, можна ўявіць сабе, што гэта будзе цалкам ідэалёгія, а ня сельская гаспадарка. І што тычыцца піваварнага ячменю – не павінна гэта зьяўляцца элемэнтам палітыкі, якая вырашаецца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Трэба толькі заахвоціць селяніна, і ён будзе вырошчваць і піваварны ячмень, і спаржу, і індыкаў, страўсаў – усё, што хочаце. Але толькі ў тым выпадку, калі гэта не дырэктыва, а сапраўды эканамічны інтарэс”.

А вось меркаваньне члена-карэспандэнта Акадэміі навук, прафэсара Івана Нікітчанкі.

(Нікітчанка: ) “Гэта павінен вырашаць гаспадар. Трэба зямлю аддаць гаспадару, а не расказваць байкі – што вырошчваць, куды дзяваць. Ёсьць гаспадар. Ён ведае, што яму трэба вырасьціць, што ў яго купяць, што яму патрэбна для самога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG