Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураган "Катрына" выкліча вялікія эканамічныя наступствы для ЗША


Вячаслаў Ракіцкі, Прага На паўдзённым усходзе ЗША працягваюцца ратавальныя працы пасьля жахлівага ўдару ўрагану “Катрына”. Прэзыдэнт краіны Джордж Буш паабяцаў доўгатэрміновую фэдэральную дапамогу пацярпеламу ад стыхіі рэгіёну. Выступаючы ў Новым Арлеане, Джордж Буш заявіў пра дасягнуты прагрэс у барацьбе з наступствамі стыхіі. Але, як адзначаюць аналітыкі і міжнародная прэса, прыродная катастрофа будзе мець сур’ёзныя наступствы ня толькі для эканомікі трох амэрыканскіх штатаў, а і ў цэлым для ЗША. Магчыма, што іх адчуе і ўвесь сьвет. Тэму працягвае Вячаслаў Ракіцкі.

Найперш гэта будзе тычыцца нафты. У Мэксыканскай затоцы здабывалася палова амэрыканскай нафты і амаль столькі ж газу. Цяпер жа каля 90 адсоткаў здабычы ў гэтым раёне спыненае. Амэрыканскі рынак сутыкнуўся зь недахопам прапановы нафты, што імгненна выклікала рост яе кошту ў сьвеце да 70 даляраў за барэль. Натуральна, што ледзь не ўдвая вырасьлі і цэны на бэнзін у ЗША. Эканамісты прагназуюць рост цаны на паліва і ў Эўропе. Так, брытанская газэта “Gardian” папярэджвае, што ўжо ад наступнага тыдня бэнзін у Брытаніі можа каштаваць 1 фунт замест сёньняшніх 90 пэнсаў.

Эканамісты прагназуюць і падаражаньне іншых тавараў ў ЗША. І праблема ня толькі ў высокай цане на паліва. У зоне бяды аказаліся пяць з дванаццаці буйных амэрыканскіх гандлёвых партоў. Празь іх у ЗША трапляюць імпартныя пракат сталі, бананы, кава, іншыя спажывецкія тавары. Спынены рух і па рацэ Місісіпі – адной з галоўных транспартных артэрыяў на паўдзённым усходзе ЗША.

Гандляры думаюць, як запоўніць паліцы ў крамах, а перавозчыкі грузаў, як не збанкрутаваць увогуле. Кампаніі, якія займаюцца марскімі перавозкамі, губляюць ад урагану па 3 – 4 мільёны даляраў у дзень. А яшчэ і непасрэдныя страты – ўзьбярэжжа заваленае абломкамі баржаў і кантэйнэраў. Яшчэ горш авіякампаніям. Спыніліся іх палёты ў пацярпелыя штаты, а да таго ж даражэе і авіяцыйная газа.

Моцна ўдарыла стыхія і па турыстычным бізнэсе. Эканоміка Новага Арлеану шмат у чым была прывязаная да турызму. Летась у гэтым горадзе турысты пакінулі каля 5 мільярдаў даляраў. Ня хутка сюды зноў прыедуць турысты, гэтак жа, як і ў штат Місісіпі, які істотныя прыбыткі меў ад казыно.

Усё гэта натуральным чынам адаб’ецца на ўсім амэрыканскім бюджэце. Кангрэс ЗША станоўча паставіўся да запыту прэзыдэнта выдаткаваць на барацьбу з наступствамі ўрагану дзесяць з паловай мільярдаў даляраў. Магчыма, дапамога нават будзе павялічаная. Адным з вынікаў – амаль тыдзень даляр падае адносна іншых асноўных валютаў.

Тым ня меней, пакуль яшчэ рана падсумоўваць эканамічны балянс удару стыхіі. Гэтаксама, як ня сёньня і ня заўтра стане вядомай дакладная колькасьць галоўных ахвяраў стыхіі – людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG