Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізноў пачынаецца “Аршанская бітва”


Браніслава Станкевіч, Аршанскі раён (Эфір 3 верасьня) На Крапівенскім полі, недалёка ад вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну, сёньня распачнецца штогадовы бардаўскі фэст. Фэст мае назоў “Аршанская бітва”, і праходзіць напярэдадні Дня вайсковае славы 8-га верасьня – як напамін пра перамогу беларускага войска ў Аршанскай бітве 1514 году.

Як і заўжды, сёлетні фэст “Аршанская бітва-2005” традыцыйна праходзіць у першыя выходныя верасьня.

Уласна канцэртная праграма распачынаецца з наступленьнем цемры, у сьвятле агульнага вогнішча, але ўжо сёньня ўдзень на Крапівенскім полі зьявіліся першыя намёты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. І дзесьці да 8-й вечара сюды зьедуцца некалькі соцень аматараў беларускай песьні – удзельнікаў ды сухачоў.

Бардаўскі фэст пад Воршай праходзіць ужо 12-ы раз. Хтосьці прыяжджае сюды, дачуўшыся пра імпрэзу ўпершыню, а нехта бывае ці не штогод, як, да прыкладу, вядомы мастак Алесь Пушкін. Сёлета ён прыехаў сюды з падарункамі і мноствам пэрспэктыўных плянаў, пра якія мы размаўлялі яшчэ задоўга да пачатку канцэрту, пад сакатаньне конікаў, седзячы на стромкім беразе рэчкі Крапіўны.

(Пушкін: ) “Ёсьць прапанова – нарэшце прафэсійна аздобіць гэтую традыцыю на Крапівенскім полі. У мяне ёсьць узор лягатыпу імпрэзы – гэта тарча, шалом з адкрытым забралам, з дэвізам “Patria super omniа ”, або “Радзіма перад усім”, і тэкстам “Ворша-2005”. Далей будзе “Ворша – 2006”, 2008, 2012, 2014 і гэтак далей. Да 2014-га году хочацца, каб тут быў памятны знак, каб тут папрацаваў архітэктар. Вось мая мара: фірмовы стыль плюс архітэктурнае аздабленьне. І гэта па сілах прыватнай ініцыятыве, калі дзяржава нават пальцам па пальцу не пастукае і не капейкі з дзяржаўнага бюджэту на гэта ня пойдзе!”

Алесь Пушкін асабіста гатовы ўзяць удзел у распрацоўцы праекту нейкага памятнага знаку, ці мэмарыялу, які, на ягоную думку, тут неабходна ўсталяваць прынамсі да 2014-га году – да 500-х угодкаў гістарычнай Бітвы пад Воршай. А сёньня ўвечары ў складзе адмысловага журы ён будзе вызначаць найлепшага выканаўцу спаміж удзельнікаў бардаўскага фэсту, які атрымае з ягоных рук сымбалічную карону пераможцы.
XS
SM
MD
LG