Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дыслексія – новая праграма змаганьня з хваробай


Натальля Судлянкова, Прага 1 верасьня дзеці вяртаюцца да падручнікаў, а тыя, якія ідуць у першую клясу, часьцяком задаюць сваім бацькам пытаньне: “А што, калі я не навучуся добра чытаць?”. Хвароба “дыслексія” – няздольнасьць чалавека добра чытаць і пісаць, можа закрануць дзіця зь любой сацыяльнай клясы. І таму навіна, якая прыйшла зь Вялікай Брытаніі, ня можа пакінуць бацькоў абыякавымі. Рут Міскін, былая настаўніца, распрацавала праграму, якая дапамагае навучыць чытаць і пісаць літаральна кожнага. Пра Рут Міскін напісаў брытанскі ліст “Санды Таймз”. Больш падрабязна пра гэты артыкул распавядае наша карэспандэнтка.

Рут Міскін гаворыць, што навучыць дзяцей чытаць – прасьцей простага. Яна перакананая, што навучыць чытаць можна практычна любое дзіця. Зусім нядаўна паводле яе мэтодыкаў паставілі экспэрымэнт у адной здалёк не самай лепшай школе ўва ўсходнім Лёндане. Вынік уразіў пэдагогаў – за 16 тыдняў практычна ўсе дзеці, нават тыя, каго настаўнікі лічылі абсалютна беспэрспэктыўнымі, пачалі чытаць. Рут Міскін распрацавала сваю мэтодыку, пакуль працавала старэйшай настаўніцай у школе, дзе пераважная большасьць яе вучняў была з Азіі. Яны паступалі ў школу, увогуле не валодаючы ангельскай мовай.

У чым сакрэт праграмы Рут Міскін? Яе мэтодыка заснаваная на гэтак званых сынтэтычных гуках, калі слова будуецца з асноўных гукаў. Гэтых гукаў, паводле Рут Міскін, 44. І яна вучыць дзяцей гэтым гукам, паказваючы малюнкі з выявамі, якія бліжэй за ўсё да гэтых гукаў. Так “мыш” – гэта гук “м”. І пасьля таго, як дзеці навучацца хутка вымаўляць і знаходзіць выявы пэўых гукаў сярод іншых, яны пачынаюць чытаць кнігі, у якіх гісторыі і казкі можна прачытаць ізноў жа з дапамогай малюнкаў і выяваў.

“Кнігі вельмі цікавыя, таму дзеці хочуць чытаць іх зноў і зноў” – гаворыць Рут Міскін. І чым болей гукаў яны ведаюць, тым больш складаныя і цікавыя кнігі могуць чытаць.

Рут Міскін заснавала сваю ўласную кампанію, якая займаецца прапагандай мэтодыкі Рут і навучэньнем настаўнікаў. Да праграмы далучыліся ўжо болей, як 200 школ. Дырэктар адной са школ Вал Арбон гаворыць, што настаўнікі проста ў захапленьні ад мэтодыкі. Сама Рут перакананая, што ў мэтодыцы галоўнае тое, што паводле яе падручнікаў бацькі таксама могуць вучыць дзяцей.

Аднак, пэўны час мэтодыкі Рут Міскін былі папросту нямоднымі. Школьная сыстэма вельмі артадаксальная, зьмяніць нешта ў ёй надзвычай складана ў любой краіне. У дадатак, як вядома, практычна кожны лічыць сябе пэдагогам, гатовым вучыць іншых таму, як выхоўваць дзяцей. Таму да сыстэмы Рут Міскін даволі доўга ставіліся зь недаверам. Але, здаецца, цяпер гэтае стаўленьне зьмянілася, і ў барацьбе з дыслексіяй пачынаецца новы этап.
XS
SM
MD
LG