Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 жніўня была зацьверджаная "наркамаўка"


RFE/RL Каляндар Свабоды – 26 і 27 жніўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 26 і 27 жніўня.

26 жніўня 1933 году была прынятая сумнавядомая пастанова Савету Народных Камісараў БССР у моўным пытаньні – “Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу”. Гэты дакумэнт стаў яшчэ адной вяхой выцясьненьня роднае мовы з шырокага грамадзкага ўжытку. Менавіта пасьля і ў выніку той пастановы распаўсюдзілася меркаваньне пра “грубасьць” беларускае мовы. Гэта ня дзіўна, бо найбольш прыкметнай ахвярай рэфарматараў стаў мяккі знак. Большасьць мовазнаўцаў краіны не прынялі таго грубага ўмяшаньня чыноўнікаў у моўныя справы і былі рэпрэсаваныя – расстраляныя ці сасланыя ў ГУЛАГ.

Сьпіс славутых людзей, якія прыйшлі на сьвет 26 жніўня, распачынае імя Хрыстафора Калюмба, гішпанскага марахода і адкрывальніка Амэрыкі. У гэты ж дзень нарадзіўся францускі паэт Гіём Апалінэр. Сёньня Апалінэру спаўняецца 125 гадоў. Ягоныя продкі – Кастравіцкія па лініі маці – паходзілі зь Беларусі. Таксама 26 жніўня ў 1914 годзе нарадзіўся аргентынскі пісьменьнік Хуліа Картасар.

А яшчэ ў гэты дзень у 1940-м годзе прыйшоў на сьвет скульптар Анатоль Арцімовіч. Жыхары беларускай сталіцы ведаюць ягоны вялізны рэльеф на фасадзе Дому модаў у Менску. Называецца гэты твор “Салідарнасьць”. Апроч гэтага, Арцімовіч браў удзел у стварэньні Кургана Славы і мэмарыялу ў Берасьцейскай крэпасьці.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

27 жніўня ў 1820 годзе расейскі цар Аляксандар І падпісаў указ пра забарону дзейнасьці езуітаў у Расейскай імпэрыі. Для Беларусі гэта быў удар па ўсёй сыстэме асьветы, бо менавіта сябры “Таварыства Ісуса” засяродзілі ў сваіх руках усю сярэднюю і вышэйшую адукацыю на тэрыторыі краіны. Езуіцкія акадэміі і калегіюмы дзейнічалі ў нас больш за 200 гадоў, давалі якасную эўрапейскую адукацыю і выпусьцілі мноства вучоных, грамадзкіх дзеячоў і пісьменьнікаў.

27 жніўня ў 1937 годзе ў Курапатах органы НКВД расстралялі беларускіх археолягаў Сяргея Дубінскага, Аляксандра Каваленю і Аляксандра Ляўданскага. У памяць пра рэпрэсаваных навукоўцаў іхныя калегі-археолягі ўсталявалі ў Курапатах адмысловы крыж.

У сьвеце заўтрашні дзень знакаміты тым, што 27 жніўня сьвяткуе сваю дзяржаўную незалежнасьць Рэспубліка Малдова і што ў гэты дзень у розныя гады нарадзіліся нямецкі філёзаф Георг Гегель, украінскі пісьменьнік Іван Франко і ягоны амэрыканскі калега Тэадор Драйзэр, а таксама славутая сваёй дабрачыннасьцю Маці Тэрэза, якая заснавала каталіцкі Ордэн міласэрнасьці і кіравала ім да апошніх дзён жыцьця.
XS
SM
MD
LG