Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна далучылася да заявы ЭЗ пра антыдэмакратычны ўціск ў Беларусі


Паўло Зуб’юк, Кіеў Эўразьвяз, а зь ім і Ўкраіна выказваюць “заклапочанасьць варожым стаўленьнем беларускае ўлады да грамадзянскае супольнасьці, уключаючы адміністрацыйныя й заканадаўчыя захады, якія працягваюць абмяжоўваць дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў”.

Нагадаю, што далучэньне Ўкраіны да цытаванай заявы Эўрапейскага Зьвязу адбылося на фоне шэрагу ініцыятываў Украіны для дэмакратызацыі постсавецкай прасторы. Некалькі дзён таму Ўкраіна далучылася да заявы брытанскага старшынёўства Эўразьвязу, у якой падтрымліваецца ідэя тэхнічнае дапамогі на адрас Беларусі пры падрыхтоўцы выбараў беларускага прэзыдэнта.

Прэс-сакратар украінскага Міністэрства замежных справаў Васіль Філіпчук адзначае, што абарона дэмакратычных каштоўнасьцяў не зьяўляецца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі:

(Філіпчук: ) "Я хацеў бы адзначыць, што перш за ўсё пытаньне ўнутранага жыцьця краіны ў тым разуменьні, ў якім яно існавала за часам халоднай вайны ці ў 19-м стагодзьдзі – яно больш не існуе. У прыватнасьці, калі гаварыць пра пытаньне дэмакратыі ў Беларусі, я хацеў бы нагадаць, што Беларусь узяла на сябе забавязаньні ў рамках Стамбульскага саміту АБСЭ ў 1999 годзе забясьпечыць адкрытую, празрыстую і дэмакратычную працэдуру выбарчага працэсу, стварыць умовы для дзейнасьці мірнай палітычнай апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці, вольнага ад страху. Забясьпечыць выражэньне ўсіх пунктаў гледжаньня грамадзтва ў СМІ, вольных ад дзяржаўнае цэнзуры.

Вось такія забавязнаньні, якія датычаць унутранага жыцьця, ужо зьяўляюцца міжнароднымі. Мы сочым, каб і ўнутры нашае дзяржавы, і ў суседніх краінах нормы жыцьця былі адпаведныя да міжнародных абавязацельстваў".

Спадар Філіпчук адзначыў, што ўкраінскі бок прыкладае ўсе намаганьні, каб захады Ўкраіны для дэмакратызацыі Беларусі ня сталі прычынаю пахаладаньня ў адносінах паміж Кіевам і Менскам. Наадварот, Украіна імкнецца да канструктыўнага дыялёгу зь беларускім кіраўніцтвам, прыкладам чаго зьяўляецца сустрэча прэзыдэнтаў і міністраў замежных справаў дзьвюх краінаў на саміце СНД у Казані.
XS
SM
MD
LG