Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ЗША рэкамэндуе абмінаць Беларусь


Любоў Лунёва, Менск Урад ЗША заклікае амэрыканскія фірмы не карыстацца беларускім транзытам, а абмінаць тэрыторыю Беларусі. У іншым выпадку, папярэджвае амэрыканскае Міністэрства гандлю, існуе пагроза канфіскацыі ня толькі тавараў, але й транспартных сродкаў.

Міністэрства гандлю ЗША інфармуе сваіх грамадзянаў аб тым, што іх тавары на тэрыторыі Беларусі могуць быць захопленыя, а потым прададзеныя ў спэцыяльных крамах. Тое ж можа адбыцца і з транспартнымі сродкамі, на якіх перавозілі грузы. Пры гэтым указваецца, што фармальныя прычыны могуць зьмяняцца, але галоўнае застаецца: нагодай для канфіскацыі могуць быць памылкі друку, нястача некаторых подпісаў на дакумэнтах, нязначныя неадпаведнасьці з інвэнтаром і грузам.

Міністэрства таксама папярэджвае: беларускія ўлады часам заяўляюць, што кампаніі-атрымальніка грузаў альбо не існуе, альбо яна спыніла свой бізнэс.

Урад ЗША паведамляе, што амбасада ЗША ў Беларусі намагаецца дапамагаць амэрыканскім кампаніям, але апошнім часам колькасьць канфіскаваных грузаў павялічваецца. Таму амэрыканскі ўрад рэкамэндуе не перавозіць транзытам тавары празь Беларусь, а шукаць іншыя напрамкі.

Раней урады Нямеччыны, Швэйцарыі, Малдовы і Аўстрыі гэтаксама заклікалі сваіх аўтаперавозчыкаў не карыстацца беларускім транзытам. Беларускія аўтаперавозчыкі, якія працуюць на іншаземныя кампаніі, таксама пазьбягаюць вазіць грузы праз тэрыторыю сваёй краіны.

Мікалай, кіроўца са стажам, выказаў агульную думку: “Лепш спаліць саляркі на 1000 км, чым згубіць і груз і машыну.”

Адміністрацыйнае заканадаўства дае падставы мытнікам затрымліваць грузы, а суду – іх канфіскоўваць. Паводле кодэксу, недакладнасьці і памылкі друку ў суправаджальных дакумэнтах даюць падставы для канфіскацыі. Таму мытнікі дзейнічаюць упэўнена. Гаворыць намесьнік кіраўніка Ашмянскай мытні Зьміцер Цяліцын:

(Цяліцын: ) “А ў нас жа саюзная дзяржава з Расеяй. Гэта ж увоз на тэрыторыю саюзнай дзяржавы. Мы ж ня ведаем, ці дойдзе гэты груз да Расеі, а можа ён на тэрыторыі Беларусі застанецца… Я гляджу, мы й беларусаў часта выгружаем… Ад перавозчыкаў тут мала што залежыць, галоўнае як аформленыя дакумэнты.”

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што практыка канфіскацыі грузаў прывяла да рэзкага зьніжэньня транзытных перавозак і, адпаведна, – да матэрыяльных стратаў.

(Раманчук: ) “Гэта не дае працы беларускім аўтаперавозчыкам, якія пазбаўленыя права выступаць як надзейныя партнэры для заходніх і расейскіх кампаній. У нас расьце сума ўрону, кошт затрату нашых магчымасьцяў. Такім чынам, гэта тое, што мог зарабіць наш бізнэс беларускі, калі б гэты паток грузаў ішоў праз нашу краіну. Гэта ня толькі закупкі паліва, паслуг беларускіх, а таксама й падаткі, якія маглі б ісьці ў наш бюджэт. У год мы маглі б атрымаць ад 200 да 300 мільёнаў даляраў дадатковых грошай.”

Некаторыя замежныя кампаніі са сваімі перавозчыкамі заключаюць дамовы, у якіх напісана: калі аўтаперавозчык самавольна вырашыў скарыстацца беларускім транзытам, у выпадку затрыманьня грузу, ён пазбаўляецца страхоўкі.
XS
SM
MD
LG