Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўмін не падтрымаў ідэю пабудовы 425-мэтровай тэлевізійнай вежы


Ігар Карней, Менск Савет міністраў Беларусі нечакана для многіх не падтрымаў ідэю будаўніцтва новай тэлевізійнай вежы ў раёне сталічнага выставачнага цэнтру “БелЭКСПА”. Між тым, гэтае рашэньне яшчэ нічога не азначае: міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка па-ранейшаму перакананы, што вежа краіне неабходная і свае аргумэнты ён бліжэйшым часам зьбіраецца пераказаць Аляксандру Лукашэнку. Зрэшты, і канчатковае рашэньне наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва ў Менску адной з вышэйшых у сьвеце тэлевежаў будзе вырашаць асабіста кіраўнік краіны.

Бадай, упершыню за час абмеркаваньня мэтазгоднасьці чарговай глябальнай будоўлі міністар сувязі заявіў, што тэлевежа неабходная краіне і ў якасьці турыстычнага аб’екту, які будзе спрыяць прытоку ў Беларусь замежнікаў.

Дагэтуль прадстаўнікі міністэрства націскалі на тое, што неабходнасьць выкліканая, перадусім, тэхналягічнымі патрэбамі – маўляў, існуючая тэлевізійная мачта ў Калодзішчах маральна састарэла і не спраўляецца з функцыянальнымі задачамі.

Між тым, спэцыялісты канстатуюць, што прывязваць тэлевежу да паляпшэньня якасьці тэлетрансьляцыі не выпадае – увесь сьвет бярэ на ўзбраеньне спадарожнікавыя спосабы перадачы сыгналу, а эра аналягавага тэлебачаньня завяршаецца. Пра гэта гаворыць навуковец, кандыдат фізыка-матэматычных навук Ігар Сташкевіч:

(Сташкевіч: ) “Ідэалягічна гэта праект 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Зараз нідзе ў сьвеце такія вежы не будуюцца і будавацца ня будуць. Чаму? Таму што зьмяніліся прынцыпы пашырэньня тэлевізійнага сыгналу. Калі ў 1960-х было аналягавае тэлебачаньне, патрабавалася перадача сыгналу з высокіх вежаў (з тым, каб сыгнал трапляў на большую тэрыторыю), то цяпер сыгнал падаецца са спадарожніка. Не патрэбныя ніякія вежы. Досыць усталяваць талерку дома і прымаць да тысячы каналаў. Разьвіцьцё ідзе менавіта гэтым шляхам ва ўсіх нашых суседзяў. Прыкладам, у Польшчы звыш сотні ўласна польскіх каналаў, якія ідуць са спадарожніка. І там практычна на кожнай хаце ў вёсцы можна ўбачыць гэтую талерку. А мы тым часам хочам будаваць вежу… Нонсэнс нейкі. Тым больш, што эра аналягавага тэлебачаньня заканчваецца, пачынаецца тэлебачаньне лічбавае; бяз вежаў, толькі праз спадарожнік”.

Аднак кіраўніцтва Міністэрства сувязі спадзяецца, што адна з вышэйшых у сьвеце тэлевежаў усё ж будзе збудаваная ў менскім мікрараёне Вясьнянка. Пры гэтым, выдаткі на будаўніцтва не павінны перавысіць 110 мільёнаў даляраў, а вежа цягам 2006-2008 гадоў мусіць ўзьняцца ў неба на 425 мэтраў. З дзесяткаў падобных аб’ектаў па ўсім сьвеце яна будзе саступаць толькі аналягічным вежам у Канадзе, Расеі і Кітаі.

Адзін з найбольш рэальных кандыдатаў на рэалізацыю праекту – менскі архітэктар Віктар Крамарэнка. Сваю гіпатэтычную тэлевежу ён назваў “Папараць-кветка” і, як апавядае архітэктар, паводле задумы яна ня меней арыгінальная за яшчэ адзін ягоны праект – будынак Нацыянальнай бібліятэкі.

Навіну пра тое, што ўрад не падтрымаў ідэю будаўніцтва тэлевежы, спадар Крамарэнка ўспрыняў па-філязофску. Толькі кажа, што за сем гадоў можна, нарэшце, было вызначыцца – ёсьць неабходнасьць у падобным аб’екце ці не?

(Крамарэнка: ) “У 1998 годзе Міністэрства сувязі правяло тэндэр на праект тэлевежы. У конкурсе ўзялі ўдзел каля 10 праектных бюро з самых розных краінаў – ад Італіі і Нямеччыны да Кітаю і, натуральна, Беларусі. Праектаў было вельмі шмат, але экспэртная камісія ў выніку аддала перавагу варыянту, які распрацоўваў я, беларускі архітэктар, паставіўшы яго на першае месца”.

Калі Аляксандар Лукашэнка вырашыць, што тэлевежа сапраўды мае для Беларусі стратэгічнае значэньне, яе будаўніцтва можа быць пачатае ўжо ў наступным годзе. Як удакладнілі ў Міністэрстве сувязі, чакаць засталося нядоўга – цягам верасьня павінна быць прынятае канчатковае рашэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG