Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік "Deutsche Welle" – пра будучыя праграмы для Беларусі


Алена Струвэ, Менск З нагоды маючага адбыцца адкрыцьця вяшчаньня на Беларусь на "Deutsche Welle" (яно намечана на канец кастрычніка) кіраўнік гэтага нямецкага радыё Эрык Бэтэрман выступіў зь некаторымі тлумачэньнямі ва ўплывовым нямецкім выданьні "Frankfurter Allgemeine".

Кіраўнік "Deutsche Welle" спадар Эрык Бэтэрман заявіў чытачом "Frankfurter Allgemeine", што ў будучых праграмах на Беларусь “ні ў якім выпадку ня будуць утрымлівацца заклікі да зьвяржэньня прэзыдэнта Лукашэнкі”. Паводле ягоных словаў, у перадачах ня будзе нічога ад палітычнага місіянэрства. Супрацоўнікі нямецкага радыё, аўтары будучых праграмаў, маюць намер інфармацыйна асьвятляць самыя розныя тэмы з самых розных бакоў.

На пытаньне, з чым жа зьвязана адкрыцьцё гэтага новага вяшчаньня, спадар Бэтэрман адказвае: “Наш досьвед, напрыклад, — з Украінай, паказвае, што апазыцыйныя сілы й няўрадавыя арганізацыі выкарыстоўваюць замежнае радыёвяшчаньне дзеля таго, каб лепш растлумачыць насельніцтву свае задачы. Інфармацыю пра афіцыйную палітыку народ атрымлівае штодня праз афіцыйныя СМІ. У гэтым сэнсе "Deutsche Welle" ёсьць голасам свабоды”.

Гаворачы пра інфармацыйную канцэпцыю новых праграмаў, спадар Бэтэрман вызначае два блёкі. Першы інфармацыйны блёк будзе прысьвечаны палітычным падзеям у Беларусі. Гэта будуць паведамленьні пра апазыцыю, мэдыі, жыцьцё моладзі, культуру, а таксама пра тое, як і якім чынам палітыка ўраду ўплывае на людзей, якія жывуць у Беларусі.

У другім блёку размова будзе весьціся пра эўрапейскае жыцьцё —штодзённае жыцьцё звычайных эўрапейцаў і падзеі, якія адбываюцца ў Брусэлі, у арганізацыях ЭЗ.

“Чаму перадачы на Беларусь будуць весьціся па-расейску?” — запытвае "Frankfurter Allgemeine" ў кіраўніка "Deutsche Welle".

“Па-першае, у нас вельмі абмежаваныя фінансавыя й кадравыя рэсурсы, — патлумачвае спадар Бэтэрман. І дадае: “Аднак жа, як паказвае наш досьвед у цэнтальнаазіяцкім рэгіёне, куды мы маем гэтак званае праграмнае акно на расейскай мове, а таксама, як паказвае досьвед вяшчаньня прыватных станцыяў з суседніх зь Беларусью краінаў, да беларускай моладзі можна “дастукацца” толькі перадачамі на расейскай мове”.

“Але, — працягвае кіраўнік Deutsche Welle, — як кажуць, мы ня робім “зь беднасьці добрай справы”, “мы ніякім спосабам не зьбіраемся падтрымліваць лукашэнкаву стратэгію русыфікацыі”. Адмыслова для крытыкаў расейскамоўнага вяшчаньня на Беларусь спадар Бэтэрман зазначае: паралельна з радыёпраграмамі "Deutsche Welle" запрапануе й інфармацыйны матэрыял па-беларуску ў інтэрнэце.

Нагадаем: згодна з падпісаным паміж "Deutsche Welle" й Эўракамісіяй кантрактам, на будучае вяшчаньне выдаткавана 138 тысяч эўра. Размова пакуль ідзе пра гадавы праект. Новыя 15-хвілінныя праграмы на Беларусь будуць выходзіць пяць разоў на тыдзень — ад панядзелка да пятніцы. Як засьведчыла ў эфіры "Deutsche Welle" дырэктар расейскай службы радыё Карнэлія Рабітц, незалежная нямецкая станцыя, аднак, не пераўтворыцца ў інструмэнт брусэльскіх чыноўнікаў. У вяшчаньні на Беларусь, як і ў іншых перадачах радыё, будзе прыстунічаць гэтак званы нямецкі акцэнт, будуць уздымацца тэмы нямецкай палітыкі й культуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG