Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі бок: Юлія Цімашэнка ў Беларусь пакуль не зьбіраецца


Валер Каліноўскі, Менск Прэсавая служба беларускага кіраўніка паведаміла аб дамоўленасьці Аляксандра Лукашэнкі й Віктара Юшчанкі наконт сустрэчы прэм’ераў дзьвюх краін “бліжэйшым часам” — з мэтай абмеркаваньня парадку дня ўкраінска-беларускіх перамоваў у вярхох. Ці зьявіцца ў Менску кіраўнік ураду Ўкраіны, Юлія Цімашэнка, адна зь лідэраў аранжавай рэвалюцыі?

Тэлефонная размова Віктара Юшчанкі й Аляксандра Лукашэнкі адбылася неўзабаве пасьля іхных перамоваў у Казані пад час саміту СНД, калі лідэры дзьвюх краін, як паведамляе прэсавая служба А. Лукашэнкі, дамовіліся сустрэцца й выпрацаваць “дарожную мапу” для паляпшэньня двухбаковых адносін.

Распрацоўкай гэтай “дарожнай мапы”, нібыта, ужо займаюцца экспэрты дзьвюх краін. Падрыхтаваць парадак дня гіпатэтычнай сустрэчы Юшчанкі й Лукашэнкі мусяць прэм’еры, у сувязі з чым прэсавая служба беларускага кіраўніка паведаміла, што “бліжэйшым часам у Беларусь зь візытам прыбудзе старшыня Ўраду Ўкраіны Юлія Цімашэнка”.

Спадарыню Цімашэнка чакаюць у Менску ўжо ў першай дэкадзе верасьня. Аднак у службе пратаколу Кабінэту міністраў Украіны гэтай інфармацыі аб візыце кіраўніка ўкраінскага ўраду ў Менск не пацьвердзілі.

(Супрацоўнік апарату Кабміну: ) “Ведаеце, пакуль што не, бліжэйшым часам не плянуецца”.

Інфармацыя наконт тэлефоннай размовы Віктара Юшчанкі й Аляксандра Лукашэнкі супала з паведамленьнем пра тое, што Ўкраіна далучылася да заявы Эўрапейскага зьвязу, у якой выказваецца занепакоенасьць уціскам грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. На думку ўкраінскага палітоляга Аляксандра Дзергачова, гэта сьведчыць аб тым, што А. Лукашэнку нельга разьлічваць на нейкую падтрымку Кіеву.

(Дзергачоў: ) “Кіеў абсалютна будзе падтрымліваць, скажам, Польшчу. Калі будзе актыўнай Літва, то Літву. Увогуле, усе гэтыя беларускія праграмы, так бы мовіць. І ня толькі будзе іх падтрымліваць, але будзе ініцыяваць шмат што. Аднак размова не вядзецца пра экспарт Аранжавай рэвалюцыі”.

Са словаў Аляксандра Дзергачова, цяпер Украіна прэтэндуе на пэўныя элемэнты пасярэдніцтва ў адносінах Беларусі з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Эўразьвязам цалкам.

“Акрамя таго, Украіна будзе імкнуцца вырашаць практычныя пытаньні ў адносінах зь Беларусьсю, якія пасьля аранжавай рэвалюцыі застаюцца ў стане стагнацыі”, — мяркуе кіеўскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў.

Ягоны менскі калега Аляксей Кароль перакананы, што й А. Лукашэнка зацікаўлены ў лепшых адносінах зь цяперашнім украінскім кіраўніцтвам, бо яго хвалюе міжнародная ізаляцыя напярэдадні выбараў. Спадар Кароль упэўнены, што Віктар Юшчанка не адступае ад сваіх ранейшых нэгатыўных адносін да ладу, панавальнага ў Беларусі, але ён і не адмаўляецца будаваць міждзяржаўныя адносіны.

(Кароль: ) “Палітыка Юшчанкі дастаткова лягічная. Палітыка Лукашэнкі па-свойму таксама лягічная. Але яна й сьведчыць аб пэўнай яго занепакоенасьці й адступленьні ад жорсткай пазыцыі — ня дзеля сапраўднага паляпшэньня адносінаў, а дзеля дасягненьня вельмі канкрэтнай прагматычнай мэты — захаваньня ўлады за сабой”.
XS
SM
MD
LG