Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня выйшла “Белорусская деловая газета”?


Ігар Карней, Менск Заплянаваны на сёньня чарговы нумар “Белорусской деловой газеты” ня выйшаў. Нягледзячы на тое, што Міністэрства інфармацыі быццам падоўжыла тэрмін перарэгістрацыі выданьняў, якія ўжываюць ў сваіх назвах словы “беларускі” і “нацыянальны”, выдавец Пётар Марцаў кажа, што надрукавацца пад назвай “Белорусская деловая газета” ў друкарні ўжо немагчыма – дамова падпісваецца на месяц і там разумеюць, што пад старой назвай друкаваць газэту ўжо не давядзецца. Пасьведчаньне аб рэгістрацыі пад назвай “БДГ. Деловая газета” выданьне пакуль так і не атрымала. Паводле Марцава, кола замкнулася. Наш карэспандэнт высьвятляў: якія ўсё ж тэрміны незарэгістраваныя выданьні з аднаго боку і Мінінфармацыі – з другога, лічаць канчатковымі. Што з гэтай нагоды думае той жа спадар Марцаў, прадстаўнікі міністэрства?

У Міністэрстве інфармацыі пацьвердзілі зьвесткі, якія зьявіліся пры канцы мінулага тыдня: тэрмін перарэгістрацыі недзяржаўных газэт, у назвах якіх маюцца варыяцыі словаў “беларускі” і “нацыянальны”, падоўжаны да 5 верасьня.

Фактычна, усе найбольш вядомыя выданьні пасьпелі атрымаць пасьведчаньні аб перарэгістрацыі і ў раней акрэсьленыя тэрміны – да канца жніўня. Гэта і “Белорусский рынок” (новая назва “Беларусы і рынак”), і “Нацыянальная эканамічная газета” (новая назва “Эканомічная газета”); 31 жніўня зарэгістраваная “Белгазета” (да нядаўняга часу – “Белорусская газета”).

Незарэгістраванай застаецца толькі “Белорусская деловая газета” – з названых хіба што найбольш апазыцыйная да цяперашніх уладаў. Ці супадзеньне гэта? Натуральна, у галіновым ведамстве гэтага не камэнтуюць. Аднак загадчык аддзелу рэгістрацыі СМІ Мінінфармацыі Віктар Гурэцкі цьвердзіць: у рэдакцыі яшчэ ёсьць шанец зарэгістравацца пад заяўленай назвай “БДГ. Деловая газета”.

(Гурэцкі: ) “Нейкае ж рашэньне, натуральна, прыме міністар. Але нашыя юрысты падлічылі: 5 верасьня – апошні дзень, калі можна выпускаць газэту пад старой назвай”.

Як вынікае са словаў спадара Гурэцкага, тэрмін сапраўды ўхвалены на ўзроўні міністра і магчымасьць друкавацца быццам ёсьць. З чым у дадзеным выпадку ня згодзен рэдактар "БДГ" Пётра Марцаў? Калі я напярэдадні затэлефанаваў галоўнаму рэдактару "БДГ", той сваю пазыцыю аргумэнтаваў адназначна: указам Аляксандра Лукашэнкі самы апошні тэрмін перарэгістрацыі – 31 жніўня. А, як выказаўся Марцаў, інтэрпрэтацыі з гэтай нагоды Міністэрства інфармацыі не цікавяць ні кіраўніцтва друкарні, ні распаўсюднікаў. Праўда, я нагадаў: напрыканцы мінулага тыдня на ўзроўні кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі было абвешчана, што тэрміны перарэгістрацыі падоўжаныя да 5 верасьня.

(Марцаў: ) “Ды пайшлі яны… Я чытаю ўказ прэзыдэнта і там усё бачу. На маю просьбу даць пісьмовае тлумачэньне аб тэрмінах рэгістрацыі яны адказалі адмовай. А вуснае тлумачэньне потым ні да чаго не “прышыеш”. Чаму не захацелі пісьмова мне адказваць з гэтай нагоды? Я прасіў: напішыце, калі ласка, дайце пісьмовы адказ, што тэрміны рэгістрацыі падоўжаныя да 4-5 верасьня. Яны адмовіліся”.

(Карэспандэнт: ) “Але, маючы гарантыі Мінінфармацыі да 5 верасьня не прадпрымаць карных захадаў, чаму вы адмовіліся друкавацца сёньня – за тры дні да заканчэньня акрэсьленага міністэрствам тэрміну?”

(Марцаў: ) “Справа ў тым, што я ня выйшаў бы 2 верасьня ужо нават з-за друкарні: заказ-нарад у друкарні афармляецца на месяц. Друкарня ведае, што павінна быць новая назва, новае пасьведчаньне. Апроч таго, да заказ-нараду прыкладаецца новае пасьведчаньне аб рэгістрацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, у вырашэньні лёсу "БДГ" вы чакаеце 5 верасьня?”.

(Марцаў: ) “Ды не чакаю я нічога, бо ведаю – нічога яны не перарэгіструюць. Ну, скажыце – што ім перашкаджае перарэгістраваць? І якая прынцыповая розьніца – калі? А так атрымліваецца, што “пад мяне” выдалі ўказ. Мяне гэта, натуральна, “цешыць”. Але, насамрэч, няма прычынаў для таго, каб учора ня даць дазволу, сёньня… “Белгазету” урэшце ж зарэгістравалі? Тыя ж быццам былі праблемы – прасілі расшыфраваць назву. Ёй далі, а мне – не. Ну, і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму, на ваш погляд, узьніклі такія розначытаньні ўказу?”

(Марцаў: ) “На самой справе сытуацыя выглядае адназначна: тэрмін дзеяньня ўказу – да 31 жніўня ўключна. А ўжо гэтыя тлумачэньні міністэрскіх работнікаў (вусныя) нікога не цікавяць. Чаму яны адмовіліся даць мне пісьмовае тлумачэньне наконт тэрмінаў дзеяньня ўказу? Тым больш, што ўсе гэтую сытуацыю ведаюць, уключна з гандлярамі, крамамі. Ніхто ня будзе ўлазіць у нюансы, колькі дзейнічае ўказ – да 4-5 верасьня, ці яшчэ да нейкага тэрміну. Яны ведаюць – да першага, і ўсё”.

Указ аб упарадкаваньні выкарыстаньня назваў “беларускі” і “нацыянальны” недзяржаўнымі ўстановамі і СМІ быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 31 траўня і, паводле лёгікі, сапраўды павінен быў набыць сілу ў апошнія дні жніўня. Аднак да кансэнсусу ў тэрмінах куратары і падначаленыя, падобна, так і не прыйшлі. У любым выпадку, 5 верасьня агульная сытуацыя будзе адносна зразумелай.

Некалькі фактаў з гісторыі наступу ўладаў на незалежную прэсу.

2002 год. Тры журналісты – Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч, асуджаныя на розныя тэрміны абмежаваньня свабоды за паклёп на прэзыдэнта.

2002 год. Суд паводле пазову Анатоля Тозіка прысудзіў газэце “Наша Свабода” штраф 55 тысяч даляраў. Выдаўцом і адным з рэдактараў газэты быў Павал Жук. Пасьля прысуду газэта была вымушаная зачыніцца.

2004 год. Канфлікт уладаў і заснавальніка “Новай газэты Смаргоні” Рамуальда Ўлана. Спадара Ўлана абвінавацілі ў невыкананьні нормаў пажарнай бясьпекі і працоўнага заканадаўства і вынеслі папярэджаньне У выніку прэтэнзіяў да выдаўца выпуск “Новай газэты Смаргоні” быў прыпынены на 3 месяцы – ад 3-га кастрычніка да 3-га студзеня 2004 году. Рамуальд Улан спрабаваў адкрыць яшчэ два выданьні “Новую газэту Астраўца” і “Новую газэту Ашмянаў”, але двойчы вэртыкаль адмовілася даць дазвол на разьмяшчэньне рэдакцыі. “Новая газэта Смаргоні” выходзіла ад 1996 году, яе наклад у некалькі разоў перавысіў наклад раённай газэты “Сьветлы шлях”.

Студзень 2005. Суд Цэнтральнага раёну Менску спагнаў 40 мільёнаў рублёў са спартовай газэты «Прэсбол» і яе галоўнага рэдактара Уладзімера Беражкова на карысьць міністра фінансаў Мікалая Корбута, які таксама ўзначальвае Беларускую асацыяцыю гімнастыкі. Падставай паслужыў артыкул у «Прэсболе», дзе гаварылася, што намесьніка старшыні асацыяцыі, расейскага бізнэсоўца Андрэя Іманалі шукае Інтэрпол за ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы. Да самога артыкулу прэтэнзій не было. Але міністар палічыў, што зьмешчаны побач здымак мог даць чытачам падставу думаць, што адзін зь ягоных чатырох намесьнікаў у міністэрстве – злачынца.

Красавік 2005. Суд Кастрычніцкага раёну Менску пастанавіў спагнаць 50 мільёнаў рублёў зь “Белорусской деловой газеты” і 10 мільёнаў рублёў з журналісткі Ірыны Халіп на карысьць галоўнага рэдактара амэрыканскага выданьня “Русская Америка” Аркадзя Мара. Замежны журналіст, пра якога Ірына Халіп пісала у артыкуле “У Аклагоме так і не даведаюцца пра Лукашэнку”, палічыў сябе абражаным і прасіў суд спагнаць з аўтаркі і газэты 1 мільён даляраў. У тым артыкуле Мар быў названы “лахатроншчыкам”, які зарабляе грошы на інтэрвію з аўтарытарнымі кіраўнікамі СНД.

11 лютага 2005 году прадстаўнік Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Міклаш Харасьці падчас візыту ў Менск заявіў, што Беларусь унікальная сярод 55 краінаў-сябраў АБСЭ, бо беларускае заканадаўства аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта прадугледжвае турэмнае зьняволеньне. Нават у Туркмэністане закон не такі жорсткі. Спадара Харасьці выказаў заклапочанасьць тым, што колькасьць незалежных выданьняў у Беларусі скарачаецца – за апошні час закрыты 32 газэты, а 5 выданьняў вымушаны друкавацца за мяжой.
XS
SM
MD
LG