Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Новым Арлеане ўлады загадалі вайскоўцам страляць


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Праз чатыры дні пасьля таго, як ураган “Катрына” абрушыўся на паўдзённыя штаты ЗША, у Новым Арлеане сытуацыя пагаршаецца. Побач з праблемай эвакуацыі і забесьпячэньня гораду харчаваньнем, пітной вадой, электраэнэргіяй паўстала яшчэ адно зло. У горадзе не спыняюцца акты гвалту і марадэрства. Каб навесьці парадак, улады ў выпадку неабходнасьці загадалі вайскоўцам страляць.

Губэрнатар штата Луізіяна Кэтлін Бланка загадала вайскоўцам Нацыянальнай гвардыі, якія патрулююць амаль цалкам затоплены Новы Арлеан, страляць і забіваць марадэраў і гвалтаўнікоў.

Такі жорсткі загад выкліканы рэзкім пагаршэньнем бясьпекі ў горадзе. Злачынцы перашкаджаюць намаганьням уратаваць дзясяткі тысячаў людзей. Так, газэта “Нью-Ёрк Таймс” паведамляе, што кіраўнік новаарлеанскай паліцыі заявіў у чацьвер пра банду ўзброеных бандытаў, якія ўзялі пад кантроль спартовы цэнтар, дзе каля 25 тысячаў чалавек у адчаі шукалі прытулку. Паводле паліцэйскага чыноўніка, забойствы і гвалт над людзьмі адбываўся і на суседніх вуліцах.

Фатаздымкі зафіксавалі трупы, якія ляжаць сярод людзей, што хаваюцца ў гэтай залі. У чацьвер эвакуацыя з гэтага цэнтру была перапыненая пасьля таго, як зь зямлі невядомыя абстралялі гелікоптэры ратаўнікоў.

Інфармацыйныя агенцтвы цытуюць пацярпелых, якія кажуць, што ў горадзе пануе анархія. Сёньня зьявіліся паведамленьні пра моцныя выбухі ў раёне новаарлеанскай набярэжнай. Прычыны і наступствы невядомыя.

Каля 100 тысячаў чалавек, нягледзячы на афіцыйную просьбу напярэдадні ўрагану пакінуць горад, засталіся ў Новым Арлеане. Бальшыня зь іх – бедныя, і яны ня маюць рэсурсаў, каб самім перамагчы бяду. Ратаўнікі працягваюць падбіраць людзей з дахаў іхных затопленых дамоў ці зь іншых высокіх месцаў, дзе яны ўжо пяты дзень застаюцца без вады і ежы. Прыблізна 80 працэнтаў гораду затопленая. У асобных месцах глыбіня вады дасягае трох мэтраў.

Пакуль няма дадзеных пра колькасьць загіблых, але гаворка можа ісьці пра тысячы чалавек. Газэты пішуць пра трупы, якія плаваюць у вадзе, бо ратаўнікі засяродзіліся на жывых. Экспэрты папярэджваюць пра магчымасьць эпідэміі.

Прэзыдэнт Джордж Буш сказаў, што запатрабуецца шмат часу і вялікіх грошай, каб ліквідаваць наступствы катастрофы, якая адбылася на тэрыторыі, паводле памераў, блізкай да тэрыторыі Вялікай Брытаніі. Учора амэрыканскі Сэнат вырашыў выдаткаваць раёну бяды прыблізна дзесяць з паловай мільярдаў даляраў.

Для адміністрацыі Джорджа Буша гэта – другое паводле маштабу выпрабаваньне ўнутры краіны пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Аднак, улады заяўляюць пра магчымасьці ЗША перамагчы і гэтую навалу.

(Буш: ) “Цяпер тыя, хто пацярпеў ад урагану, перажываюць жахлівыя дні. Я разумею гэта. Але ж я перакананы, што зь цягам часу вы зможаце вярнуцца да нармальнага жыцьця. Расквітнеюць новыя гарадкі і паселішчы. Цудоўны Новы Арлеан зноў стане на ногі. Амэрыка стане яшчэ мацнейшай. Зараз уся краіна з вамі.”

Міжнародная супольнасьць выказвае салідарнасьць з ЗША і прапануе сваю дапамогу. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан у зьвязку зь бядой Амэрыкі сказаў:

(Анан: ) "Страты ад урагану нашмат больш жахлівыя, чым усе мы маглі думаць спачатку. Амэрыканскі народ заўсёды быў адным зь першых, хто адгукаўся на чужыя няшчасьці. Цяпер ён пацярпеў сам. Перад тварам усяго сьвету я выказваю сваю салідарнасьць зь ім і прапаную любую дапамогу, на якую ААН здольная".
XS
SM
MD
LG