Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў “Кмары” вызвалілі зь менскага ізалятру на Акрэсьціна


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэта “Свабодзе” пацьвердзіў Зураб Квачадзэ, консул Грузіі ва Ўкраіне, які адмыслова быў накіраваны ў Менск для аказаньня дапамогі сваім суайчыньнікам. “Яны ўжо са мной”, – сказаў Зураб Квачадзэ па тэлефоне.

Ад якіх-небудзь камэнтароў грузінскі дыплямат адмовіўся. Таксама ён адмовіўся перадаць тэлефон Георгію Кандэлакі і Луку Цуладзэ. “Гэта выключана”, – сказаў дыплямат. Свае далейшыя пляны ён не патлумачыў.

Адвакат грамадзянаў Грузіі Вера Страмкоўская раней паведаміла, што адразу пасьля вызваленьня зь ізалятару яе падабаронныя разам з консулам Зурабам Квачадзэ зьбіраліся выехаць ў менскі аэрапорт і адляцець у Кіеў. Самалёт з Менску на Кіеў адлятае ў другой палове дня.

Актывісты “Кмары” былі затрыманыя ў Менску 24 жніўня і абвінавачаныя ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. Праз 5 дзён іх асудзілі да 15 сутак арышту за дробнае хуліганства, якое яны нібыта ўчынілі ў камэры ізалятара на Акрэсьціна.
XS
SM
MD
LG