Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Статкевіча і "Малады фронт" засталіся бяз офісу (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Паплечнікі Міколы Статкевіча і сябры "Маладога фронту" засталіся бяз офісу. Сябры зарэгістраванай мін''юстам сацыял-дэмакратычнай партыі на чале з Аляксандрам Казуліным занялі памяшканьне. Яны паведамілі, што цяпер партыйны архіў будзе здадзены ў дзяржаўныя структуры.

Некалькі сяброў "Маладога фронту" і намесьнік лідэра сацыял-дэмакратаў Аляксандр Арэстовіч прыйшлі раніцай у офіс і не змаглі адчыніць дзьверы. Высьветлілася, што былыя паплечнікі Міколы Статкевіча заключылі дамову з уласьніцай кватэры і зьмянілі замок.

Усё, што было ў офісе – аргтэхніка, сымболіка і партыйны архіў – цяпер у паплечнікаў Аляксандра Казуліна.

Гаворыць Аляксандар Арэстовіч:

(Арэстовіч: ) "Ляўковіч, калі быў старшынём новастворанай партыі, зьвярнуўся ў міліцыю з просьбай завесьці супраць Міколы Статкевіча крымінальную справу. Калі гэта не атрымалася, а Мікалай Віктаравіч быў ужо ў зьняволеньні, яны вырашылі папросту скрасьці ўсю маёмасьць партыі, а самае галоўнае – партыйны архіў. Мы лічым, што тут не абышлося без дапамогі ўладаў і ўпэўненыя, што адпаведныя дакумэнты апынуцца ў адпаведных структурах".

Намесьнік Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк патлумачыў Радыё Свабода.

(Нісьцюк: ) "Праваахоўныя органы спрабавалі растлумачыць, што архіў партыі, аргтэхніка, маёмасьць павінны знаходзіцца ў той арганізацыі, якая прызнаецца легітымнай. Нашы былыя калегі запазычылі гаспадыні кватэры амаль паўтары тысячы даляраў. Адзін з нас зьняў гэтую кватэру як фізычная асоба, падпісаў дамову з гаспадыняй, вось і ўсё. Ідзе рамонт, рыхтуецца памяшканьне. Лёс партыйнага архіву? Гэта і будзе архіў той партыі, якой ён належыць паводле закону. Цяпер ідзе структурызаця архіву, спэцыялісты займаюцца падрыхтоўкай папераў да здачы ў Дзяржаўны архіў Рэспублікі Беларусь”.

Паплечнікі Міколы Статкевіча паведамілі, што ня будуць зьвяртацца са скаргамі ў дзяржаўныя структуры, бо лічаць гэта бессэнсоўным.

Некалькі фактаў зь гісторыі канфлікту ў БСДП “Народная грамада”

Лістапад 2004 году. Лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч разам з кіраўнікамі Партыі жанчын “Надзея” і аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” дамовіліся аб стварэньні новай сацыял-дэмакратычнай партыі. Тым часам частка сяброў ЦК на чале зь першым намесьнікам Уладзімерам Нісьцюком правяла пленум ЦК, на які Мікола Статкевіч не прыйшоў. Там было прынята рашэньне аб правядзеньні 15 студзеня нечарговага зьезду “Народнай грамады”.

Сьнежань 2004. Канфлікт у кіраўніцтве БСДП “Народная Грамада” дасягнуў стадыі “аргвывадаў”. На двух альтэрнатыўных паседжаньнях менскага гаркаму партыі 8 і 11 сьнежня пры ўзаемным няўдзеле апанэнтаў былі выключаныя з партыі ў адным выпадку – Мікола Статкевіч, у другім выпадку – Уладзімер Нісьцюк, Віталі Малашка і Юры Маркоўскі.

11 студзеня 2005. Міністэрства юстыцыі палічыла правамоцным выключэньне зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” яе старшыні Міколы Статкевіча і прызнала выканаўцам абавязкаў старшыні партыі Ўладзімера Нісьцюка. Міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў даслаў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю “Народная грамада” ліст, зь якога вынікае, што міністэрства не прызнае правамоцным рашэньне Менскага гаркаму партыі ад 8 сьнежня аб выключэньні з “Народнай грамады” Ўладзімера Нісьцюка, Віталя Малашкі і Юр’я Маркоўскага, і ў той жа час лічыць правамоцным выключэньне з партыі яе старшыні Міколы Статкевіча.

15 студзеня 2005. Пад Менскам праведзены 9-ты пазачарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Новым старшынём партыі абраны былы кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Анатоль Ляўковіч. Удзельнікі зьезду падтрымалі ідэю аб’яднаньня “Народнай грамады” з БСДГ, якой кіруе Станіслаў Шушкевіч. Мікалай Статкевіч не прызнаў легітымнасьці гэтага зьезду. Ён заявіў, што ў выпадку прызнаньня правамоцнасьці гэтага зьезду Міністэрствам юстыцыі, партыя пад яго кіраўніцтвам будзе дзейнічаць без дзяржаўнай рэгістрацыі. У зьезьдзе “Народнай грамады” ўдзельнічала 87 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

26 лютага 2005. У Менску адбыўся зьезд часткі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада, якая падтрымлівае Міколу Статкевіча. На зьезьдзе, паводле спадара Статкевіча, былі прадстаўленыя больш за 80% рэгіянальных арганізацый. Пераважнай большасьцю галасоў Мікола Статкевіч абраны на пасаду старшыні БСДП (НГ). Зьезд прыняў рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што выключэньне з партыі спадара Статкевіча было беспадстаўным. Праведзены 15 студзеня зьезд, на якім старшынём “Народнай Грамады” быў абраны Анатоль Ляўковіч, дэлегаты прызналі неправамоцным. Праігнаравалі зьезд партыйныя структуры Берасьцейскай вобласьці, хаця і адтуль былі 2 прадстаўнікі зь Пінску і Баранавіч, а таксама некалькі рэгіянальных арганізацый зь іншых абласьцей ня ўдзельнічалі ў зьезьдзе. Усяго ў працы зьезда ўзялі ўдзел больш за 110 сяброў партыі.

10 красавіка 2005. Адбылося аб’яднаньне Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады пад кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Дэлегаты аб’яднаўчага зьезду ня здолелі трапіць у чатыры загадзя рэзэрваваныя памяшканьні і вымушаныя былі правесьці зьезд на ганку Палаца культуры ў Сеньніцы пад Менскам. Спачатку адбыўся VI пазачарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Зьезд зацьвердзіў Дамову і дэклярацыю аб аб''яднаньні БСДГ і БСДП (НГ). Аб’яднаўчы зьезд абраў кіраўніком партыі Аляксандра Казуліна. Станіслаў Шушкевіч і яго прыхільнікі аб’яднаньня з БСДП не прызналі і заявілі аб працягу сваёй дзейнасьці.

28 чэрвеня 2005. Мінюст прызнаў легітымнай Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю пад кіраўніцтвам Аляксандра Казуліна і пастанавіў, што пячатка і іншыя рэквізыты належаць ёй. У гэты ж дзень Мікола Статкевіч і Павал Севярынец былі асуджаныя да 2 гадоў абмежаваньня свабоды за арганізацыю вулічных пратэстаў пасьля рэфэрэндуму ўвосень 2004 году.
XS
SM
MD
LG