Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарам Петрыкава не дазволілі зьвярнуцца да Лукашэнкі


Казімер Яноўскі, Гомель 1 верасьня Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся з рабочым візытам на Гомельшчыне. У Петрыкаве ён адкрыў новапабудаваную школу. Людзей сабралася багата. Шмат хто хацеў задаць свае пытаньні кіраўніку дзяржаве, але ня змог – не падпускала ахова. Некаторыя людзі выказалі свае набалелыя праблемы нашаму гомельскаму карэспандэнту. Людзі спадзяваліся, што праз мэдыі іх пачуе грамадзкасьць і, мажліва, найвышэйшыя дзяржаўныя кіраўнікі. Аднак ахоўнікі Аляксандра Лукашэнкі адабралі ў журналіста два дыктафоны і фотаапарат.

Калі ад школы ў Петрыкаве Аляксандр Лукашэнка адляцеў на верталёце некуды на агляд палеткаў ці ў сваю летнюю рэзыдэнцыю на Прыпяці блізу вёскі Кабачок, мы з былым дэпутатам Вярхоўнага Савету Вячаславам Герасіменкам накіраваліся да яго на лецішча. Гэта ў тым баку, дзе і рэзыдэнцыя кіраўніка дзяржавы. Але першапачаткова мы заехалі ў вёску Дарашэвічы. Там апошнім часам экспэрымэнтальная лесагаспадарка “Ляскавічы”, якая належыць да кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, пабудавала гатэль і прырэзала да яго блізу кілямэтру прыбярэжнай зоны. Паміж ракою Прыпяць і вясковымі хатамі паставілі высокі плот. Палова вёскі аказалася адрэзанай ад ракі.

Плот гэты я сфатаграфаваў з надзеяй апублікаваць у “Народнай волі”. Заадно і даць да фотаздымкаў меркаваньне жыхароў Дарашэвічаў пра такія новаўвядзеньні.

І вось калі вясковяц Аляксандр Іванавіч апавядаў мне, што цяпер яму няма як выйсьці ў лясок пазьбіраць грыбоў, палюбавацца Прыпяцьцю, падкаціў чорны аўтобус і адтуль высыпала паўдзясятка узброеных людзей.

Размаўляў са мною чалавек у камуфляжнай форме з пагонамі маёра. На рукаве ў яго была нашыўка “Спецназ”. Назваўся ён маёрам Сяргеем Кутасавым.

Маёр запытаўся, хто я такі і што тут раблю. Я, вядома ж, назваўся, сказаў, што фатаграфую плот. Сяргей Кутасаў не зразумеў беларускага слова “плот”. Потым ён спрабаваў даказаць, што і без беларускай мовы можна быць патрыётам Беларусі.

Ад яго мы даведаліся, што кіраўнік дзяржавы зараз знаходзіцца ў сваёй рэзыдэнцыі ў Кабачку, таму вакол узмоцненая ахова. Мы, маўляў, можам сфатаграфаваць нейкую непатрэбшчыну. Ну калі б ў сасоньніку была там якаясьці гармата з разбуральным зарадам. А плот -- што плот… Падумаеш, адгарадзілі бабулек ды дзядуль ад Прыпяці. Затое для тых, хто адпачывае, раздольле.

Дарэчы, дарашэвіцкі пэнсіянэр Іван Іванавіч апавядаў мне, што вяскоўцаў запрашалі памыцца ў лазьні пры гатэлі. Гадзіна нібыта каштуе 30 тысяч рублёў. Пэнсіянэр падрахаваў: за гэтыя грошы ён можа амаль месяц жыць.

Маёр Кутасаў пацікавіўся ў мяне вайсковец Кутасаў, дзе апазыцыя бярэ грошы на ўлёткі. Я яму параіў з такім пытаньнем зьвяртацца да лідэраў апазыцыі, а не да журналіста. Некалькі разоў Сяргей Кутасаў зьвязваўся па рацыі са сваім начальствам. Пра што гаварылі, я ня чуў, але ехаць ахоўнікі мне забаранялі зьяжджаць. Патрабавалі чакаць начальства. Я пытаўся: “Што я парушыў”? Маёр адказваў, што нічога, але трэба пачакаць начальства. Яны ўсё патлумачаць.

Прыкладна праз гадзіну на белым мікрааўтобусе “мэрсэдэс” пад`ехаў з камандаю малады чалавек сярэдняга росту. Быў ён у цывільным. Назваўся кіраўнікам службы аховы Уладзімерам Мікалаевічам – і больш нічога пра сябе не сказаў. Заявіў, што маё прозьвішча яму вядомае, і ў сувязі з прыездам Аляксандра Лукашэнкі ў раёне праводзіцца спэцапэрацыя “Антытэрор”. Таму трэба прад`явіць дыктафоны, фатаапараты. Можа, там выбуховыя рэчывы. “Пластыт”, як выказаўся ахоўнік. Іншыя службоўцы абшукалі легкавік, забралі нават касэты з музыкаю. Усё сабралі ў паліэтыленавы мяшок.

Я настойваў, каб быў складзены акт адабранага. Але кіраўнік ахоўнікаў адказаў, што ён ня хоча пакідаць узор свайго почырку ды адбіткі пальцаў.

А хвалявацца за дыктафоны ды фотаапарат, маўляў, ня трэба. Дзён праз дзесяць усё можна будзе забраць у Менску. Адрас: вуліца Бабруйская, 3.

Склалася ўражаньне, што цікавіла ахоўнікаў перш за ўсё аўдыё- ды фотатэхніка -- як носьбіты інфармацыі. Яны празрыста намякалі, што цэнзура павінна быць.

На сканфіскаваных запісах людзі выказвалі свае пажаданьні, зь якімі хацелі б зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі. Найперш яны хацелі, каб ім у дамы ды кватэры правялі прыродны газ. Да райцэнтру газавую нітку працягнулі амаль два гады таму. Але ў бальшыні дамоў газу няма. “Газ! Газ! Газ!”, - так казала мне ў дыктафон жыхарка Петрыкава.

Вельмі ўзрушылі мяне словы Тацьцяны Тупчык, маці сямёх дзяцей. Спадарыня Тупчык адмыслова прыехала ў Петрыкаў з вёскі Запольле саўгаса “Ненач” Калінкавіцкага раёну. Хацела запрасіць Аляксандра Лукашэнку прыехаць ў іхні саўгас, каб ён разабраўся з тамтэйшымі парадкамі. Жанчына працуе даяркай. Зімою заробкі ў даярак не перавышаюць 70 тысячаў рублёў, летам найбольш – 180 тысячаў. “Як жыць”? – пыталася мнагадзетная маці.

Я прашу прабачэньня ў вас, спадарыня Тупчык, што вашы словы, ваш боль не гучаць сёньня ў эфіры. Не я ў гэтым вінаваты.

Сёння рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі у Гомельскай вобласьці працягваецца. Ён мае наведаць саўгас “Насовічы” Добрушскага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG