Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку ўлады адмянілі Скарынаўскае сьвята кнігі


Вячаслаў Кулік, Менск На радзіме беларускага першадрукара Францыска Скарыны сёлета ўпершыню за апошнія гады не адбудзецца традыцыйнае сьвята кнігі. Усе творчыя асобы і калектывы, якія раней атрымалі запрашэньне ў Полацак на 3-4 верасьня, цяпер папярэджаныя аб адмоўным рашэньні мясцовай улады.

Летапісец полацкай гісторыі Уладзімер Арлоў кажа, што не прапусьціў ніводнага сьвята кнігі ў горадзе свайго творчага сталеньня.

(Арлоў: ) “Яно праводзілася ад 1970-х гадоў. І ніколі не было ніякіх праблемаў. Бюджэт гэтага сьвята нельга параўнаць нават з тым самым “Славянскім базарам” - ён на некалькі парадкаў меншы. Запрашаліся пісьменьнікі, а ўсё астатняе рабілася за кошт полацкіх мастацкіх калектываў: касьцюміраванае шэсьце гістарычных пэрсанажаў; умоўна кажучы Скарына адкрываў гэтае шэсьце. Усё гэта вельмі падабалася дзецям. Былі выставы-продажы беларускіх кнігаў, сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі”.

Уладзімер Арлоў паведаміў таксама, што полацкія ўлады адмянілі сьвята нібыта з прычыны дэфіцыту сродкаў у гарадзкім бюджэце. На гэтую ж вэрсію спаслалася ў інтэрвію Радыё Свабода і чыноўніца Віцебскага аблвыканкаму Ірына Козіна.

(Козіна: ) “Гэта ініцыятыва Полацку. Няма грошай – значыць, не праводзім. Можа пазьней яго будуць праводзіць”.

У Полацку, аднак, Скарынаўскае сьвята кнігі асобна праводзіць не зьбіраюцца. Гаворыць загадчык аддзелу культуры Полацкага гарвыканкаму Віктар Вушак.

(Вушак: ) “Што тычыцца пэрспэктываў, мы плянуем праводзіць штогод 1 верасьня сьвята “Дзень ведаў у горадзе Полацку” і ў рамках гэтага сьвята будзе праводзіцца і Скарынаўскае сьвята кнігі”.

Заявіў Віктар Вушак, які кіруе сфэрай культуры ў Полацку. Паводле яго, у Беларусі ўсё большую падтрымку дзяржавы атрымліваюць Дні пісьменства і друку. Сёлета фінал іх 4 верасьня ў Камянцы. Мясцовы чыноўнік раіць пераключыць увагу туды. Процілеглыя меркаваньні ў палачанкі па духу Вольгі Іпатавай.

(Іпатава: ) “На маю думку, Дні пісьменства і друку ўсё больш становяцца нібыта днямі без пісьменьнікаў. Па сутнасьці, без мастацкага слова. Калі толькі ядуць, выпіваюць і гуляюць на сьвята пісьменства, то мяне гэта заўсёды пэўным чынам абражае. А на Скарынаўскім сьвяце пісьменьнікі выступалі ля помніка. Было вельмі хораша. Людзі гавораць зь пісьменьнікамі ці пісьменьнікі гавораць зь людзьмі. На жаль, у нас цяпер скокамі закрываюць голас пісьменьніка. Два дні таму я запытвала ў Алеся Пашкевіча, ці прыйшло запрашэньне Саюзу пісьменьнікаў альбо яму асабіста як старшыні. Ён адказаў: “Ды не, няма”. Гэта яшчэ адзін сумны рэкорд непавагі да пісьменьніцкага слова. Таму, як мне ўяўляецца, і адмена Скарынаўскага сьвята ў шэрагу перасьцярогі ўлады: як бы хто чаго не сказаў... Жадаеш ці не, але зьвязваеш перайменаваньне праспэкту Скарыны з тым, што адцясьняецца памяць пра яго. Скарына заўжды быў асялком нацыянальнай ідэі. У 1960-я гады ў друку можна было сустрэць, што гэта буржуазны нацыяналіст. Баюся, каб што-небудзь такое не запісалі ізноў Скарыну. Таму што гэтыя прыкметы, на мой погляд, проста злавесныя”.
XS
SM
MD
LG