Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз патрабуе зьняць абмежаваньні на тэхнічную дапамогу


Іна Студзінская, Менск Кіраўніцтва Эўразьвязу выказала сур’ёзную заклапочанасьць абмежаваньнямі на міжнародную тэхнічную дапамогу, уведзеную Указам Аляксандра Лукашэнкі №382 ад 17 жніўня. Паводле меркаваньня Эўразьвязу, гэты дакумэнт можа стаць сур’ёзнай перашкодай пры рэалізацыі шэрагу сумесных узаемавыгадных праграм і праектаў, а таксама прывесьці да самаізаляцыі Беларусі. Што думаюць наконт абмежаваньняў тэхнічнай дапамогі прадстаўнікі трэцяга сэктару і донары, каардынатары міжнародных праграм, якія дапамагаюць беларусам?

У межах міжнароднай тэхнічнай дапамогі многія замежныя фонды, праграмы працуюць з дзяржаўнымі арганізацыямі і структурамі. Да прыкладу, ТАCIS. Па праграме трансгранічнага супрацоўніцва ідзе фінансаваньне будаўніцтва памежнага пераходу Казловічы-2. Ёсьць праграма падтрымкі ўнівэрсытэцкіх сувязяў, Чарнобыльскія праекты. Міждзяржаўная праграма “БУМ-АD” – Беларусь, Украіна, Малдова супраць наркотыкаў, праграма барацьбы с гандлем жанчынамі …

Дарэчы, кіраўніцтва Эўразьвязу ў сваім звароце да беларускіх уладаў падкрэсьлівае: “наша дапамога накіравана на далейшае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, паляпшэньне ўмоваў у сацыяльнай сфэры і ахове здароўя, разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу”. Атрымліваецца, што замежнікі прапануюць дабрачынную дапамогу, а беларусы ад яе адмаўляюцца.

Грамадзкая аб’яднаньне “Фонд імя Сапегі” займаецца праблемамі мясцовага самакіраваньня, мае шмат партнэраў у Эўропе. Вось меркаваньне сябра праўленьня Фонду Аляксандра Жучкова.

(Жучкоў: ) “Унутраныя крыніцы не спрыяюць кантактам, абмену інфармацыяй. Адзіная магчымасьць – гэта сапраўды супрацоўніцтва па эўрапейскіх праграмах. А на сёньняшні дзень гэта ўсё абмяжоўваецца. І так мала людзей маюць магчымасьці наведаць эўрапейскія краіны, павучыцца, атрымаць вопыт у галіне мясцовага самакіраваньня, прыняць удзел у адукацыйных праграмах. А зараз будзе яшчэ менш магчымасьцяў. І атрымліваецца, што Эўропа ідзе насустрач Беларусі, а Беларусь быццам бы нейкай сьцяной адмяжоўваецца ад гэтых захадаў”.

Раней “Фонд імя Сапегі” штомесяц у рэгіёнах Беларусі праводзіў сэмінары і трэнінгі для дэпутатаў, грамадзкіх дзеячоў, выдаваў свой бюлетэнь. Цяпер гэтая дзейнасьць згортваецца.

На ўмовах ананімнасьці я размаўляла з прадстаўніком праграмы ТАCIS у Беларусі, якая шчыльна супрацоўнічае ня толькі з няўрадавымі арганізацыямі, але і з дзяржавай.

(Супрацоўнік ТАCIS: ) “Для праграмы ТАCIS там нічога новага няма. Як мы пачалі рэгістравацца па Указу № 460, так мы і будзем гэта рабіць. І ў Праграме ТАCIS няма праектаў, якія накіраваныя на зьвяржэньне існуючага ладу ці яшчэ чаго-небудзь незаконнага. Але як зараз будзе – я ня ведаю. Усе нашы праграмы складаюцца з сэмінараў, круглых сталоў, канфэрэнцыяў, трэнінгаў – з адукацыйнымі элемэнтамі. Як будзе цяпер – я не разумею. Рэгістраваць кожную падзею? Але мы не па падзеях працуем, а з праграмамі. У нас няма асобных сэмінараў, асобных лекцыяў, трэнінгаў. Усе яны ўваходзяць у пакет, таму я ня ведаю…”

Яшчэ калі ў 2003 годзе выйшаў Указ №460, які ўвёў шматлікія абмежаваньні, працаваць стала вельмі складана, заўважыў мой суразмоўца. Нават з Расеяй і Украінай не параўнаць, дзе трэба проста прадаставіць праграмы і праекты да ведама ўраду. У Беларусі ўсе ўзгадненьні і атрыманьні дазволу займаюць столькі часу, што шмат праграмаў і праектаў проста губляюцца. Да прыкладу, Міністэрства ўнутраных справаў праект па праблемах уцекачоў больш за год не можа зацьвердзіць ва ўрадзе. Распавядае прадстаўнік ТАCIS.

(Супрацоўнік ТАCIS: ) “Акрамя таго, што праграма ўхваленая, і стаіць подпіс, мы павінны ўзгадняць яшчэ кожны асобны праект. Прычым, такая складаная працэдура, што дзяржструктуры ня могуць яе пераадолець. А што казаць пра трэці сэктар? Нас не разумеюць: як можна праект у 5 тысяч эўра рэгістраваць у Савеце міністраў? І прэм’ер Сідорскі ставіць подпіс! Указ, так бы мовіць, наступіў нам на горла, але я да канца не магу зразумець мэханізм - што мелася на ўвазе? І што рабіць з праектамі, што не ўваходзяць у тэхнічную дапамогу, але элемэнтамі якіх – трэнінгі, адукацыйныя сэмінары?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG