Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для беларускіх асуджаных могуць увесьці электронныя бранзалеты


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў абвясьціў пра намер увесьці для беларускіх асуджаных электронныя бранзалеты. Такім чынам мяркуецца узмацніць нагляд за вязьнямі і нават палепшыць умовы іхнага ўтрыманьня. Як ставяцца да магчымай “тэхнічнай рэвалюцыі” ў беларускіх турмах былыя вязьні і праваабаронцы?

У беларускіх турэмшчыкаў усё болей плянаў па выкарыстаньні тэхнікі ды электронікі ў сваёй справе. Зусім нядаўна яны заявілі пра намер увесьці паўсюдна сыстэму відэаназіраньня, і вось новая ідэя. Кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімір Коўчур расказаў, што плянуецца ўвесьці электронныя бранзалеты для асуджаных. Для “Свабоды” спадар Коўчур патлумачыў асаблівасьці выкарыстаньня гэтых прылад.

( Коўчур: ) “Гэта пэрспэктыўна , ва ўсім сьвеце гэтак робяць, і на Захадзе. Гэта для асобаў, якія асуджаныя да частковага абмежаваньня волі і будуць адбываць пакараньне ў хатніх умовах. Каб кантраляваць іх перамяшчэньні, бо ім будзе забаронена наведваць пэўныя месцы”.

Паводле Уладзіміра Коўчура, распрацоўка ды набыцьцё такіх бранзалетак – дарагая справа, на якую Дэпартамэнт зьбіраецца запрасіць грашовую дапамогу у Эўрасаюзу праз праграмы ТАСІС. А спатрэбяцца бранзалеты тады, калі парлямэнт зацьвердзіць новы Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Гэтым Кодэксам будзе прадугледжанае і такое пакараньне, як хатні арышт. Пакуль жа замест яго беларускія суды, калі дазваляе дзеючы Кодэкс, выкарыстоўваюць гэтак званую “хімію”. Рэдактар закрытай ўладамі газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч адбыў год у спэцкамэндатуры Баранавічаў, дзе зараз знаходзіцца адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч. Віктар Івашкевіч з асьцярогай паставіўся да плянаў увесьці электронныя бранзалеткі для тых асуджаных, каму воля абмежавана часткова.

(Івашкевіч : ) “ Мяркую, гэта накіравана ў пэрспэктыве на тое, каб абмежаваць магчымасьці асуджаных браць удзел у грамадзкім жыцьці, зрабіць больш жорсткім кантроль над імі. Бо для сапраўдных злодзеяў будзе нескладана пазбавіцца такіх бранзалетак, і пайсьці куды трэба, а што да людзей, якія ня злодзеі, якіх пакаралі абмежаваньнем волі, каб стрымаць і грамадзкую актыўнасьць, вось супроць іх гэта і будзе накіравана”.

Неадназначна ставіцца Віктар Івашкевіч і да ўвядзеньня відэакамэр ў турэмных установах. Ён згодны: такая навацыя дазваляе ў прыватнасьці прадухіляць канфлікты паміж вязьнямі, то бок размова і пра абарону правоў асуджаных. Але галоўная прычына канфліктаў, па думку Івашкевіча, у перанаселенасьці беларускіх турмаў. І вось тут ён ня бачыць рэальных крокаў у выпраўленьні сытуацыі.

У сваю чаргу праваабаронца з Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зьвяртае ўвагу на ролю беларускіх судоў у вырашэньні турэмных праблемаў. На яго думку, гэта важней за ўвядзеньне электронных прылад.

(Гулак: ) “Галоўная праблема ўсё ж у судах. У тым, што суды рэальна не думаюць аб пакараньні згодна з заканадаўствам. А гэта найперш індывідуальны падыход і пакараньне, якое адэкватна таму, што зроблена ды скіраванае на перавыхоўваньне чалавека, на яго паляпшэньне. Пакуль пакараньне не перастане быць помстай, ўсе нават разумныя захады не дадуць карысьці”.

Нагадаю прыклад лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, якога пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі за ўлёткі, у якіх было сказана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб за твой кошт нехта езьдзіў адпачываць ў Аўстрыю, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Больш за 4 месяцы Валер Леванеўскі спрабуе праз мясцовыя суды абскардзіць пакараньні, якія наклала на яго турэмная адміністрацыя, але суды адмаўляюцца разглядаць ягоныя скаргі. Валер Леванеўскі заявіў пра намер стварыць ў калёніі прафсаюз асуджаных, але адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі гэтаму перашкаджае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG