Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 185 гадоў у старыя акадэмічныя муры ізноў прайшлі студэнты


Вінцэсь Мудроў, Полацак Сёньня ў Полацку ў адноўленым будынку былой Езуіцкай акадэміі ўрачыста адкрыўся гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржунівэрсытэту. Нагадаем, што Акадэмія была зачыненая царскімі ўладамі ў 1820 годзе, а сёньня ў старыя муры ізноў прыйшлі студэнты.

Гэтага дня старажытны Полацак чакаў 185 гадоў – менавіта столькі часу прайшло ад дня закрыцьця Акадэміі. І вось сёньня дзьверы старой акадэмічнай вучэльні ўрачыста расчыніліся.

Яшчэ пару дзён таму ва ўнівэрсытэцкім двары ляжалі горы будаўнічага сьмецьця, але высілкам воінаў полацкага гарнізону, якіх адмабілізавалі на ўборку тэрыторыі, ля галоўнага ўваходу быў наведзены парадак.

Ініцыятыва разьмяшчэньня тут гуманітарных факультэтаў Полацкага дзяржунівэрсытэту належыць былому рэктару Эрнсту Бабенку, які свойчас прыклаў дзеля гэтага шмат намаганьняў. Распачынаючы сёньняшнія ўрачыстасьці новы рэктар Дзьмітры Лазоўскі, які прамаўляў па-расейску, выказаў падзяку кіраўніку дзяржавы за рупеск у аднаўленьні акадэмічнай установы, а дырэктар Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музэя-запаведніка Мікалай Ільніцкі, прамаўляючы па-беларуску, падзякаваў, у сваю чаргу, усяму беларускаму народу.

Гаворыць загадчык катэдры гісторыі і сацыялёгіі Полацкага дзяржунівэрсытэту Дзяніс Дук:

(Дук: ) “Значнасьць сёньняшняй падзеі цяжка пераацаніць. Па-першае, гэта сапраўднае вяртаньне да вытокаў, а па-другое, гэта новы імпульс, які атрымала гістарычная навука тут, у Полацку. Я спадзяюся, што намаганьнямі гісторыкаў сумесна з філёлягамі мы зробім шмат. Ёсьць таленавітыя студэнты, ёсьць ня менш таленавітыя выкладчыкі, якія гэтых студэнтаў ня проста павядуць да ведаў, але створаць жыцьцёвую аснову, якая дазволіць ім раскрыць свой патэнцыял, каб да нас прыяжджалі вучоныя, каб гэта было пачэсна: вучыцца на гісторыка ў Полацку”.

Дарэчы, у Полацак на ўрачыстасьці прыехаў цэлы гурт навукоўцаў, сярод якіх быў і загадчык аддзелу Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Сяргей Тарасаў:

(Тарасаў: ) “Адкрыцьцё ў мурах былой Езуіцкай акадэміі гуманітарнага факультэту Полацкага дзяржунівэрсытэту, гэта, безумоўна, падзея знакавая. Таму што рана ці позна наша гісторыя вяртаецца да нас. І я думаю, калі сюды пераедзе факультэт, а ён ужо практычна пераехаў, гэта будзе яшчэ адзін асяродак нашай гісторыі, культуры, нашых ведаў і, я спадзяюся, нашай будучыні”.

Стары акадэмічны комплекс цалкам яшчэ не адрэстаўраваны. На чарзе аднаўленьне паўночнага крыла. Зрэшты, рэстаўрацыяй аднаўленчыя працы назваць нельга, бо шмат што са старога абсталюнку, у тым ліку і кахля пачатку пазамінулага стагодзьдзя былі выкінутыя як будаўнічае сьмецьце. Дзіўным выглядае і пакрыцьцё даху гістарычнага будынку ацынкаванай бляхай. Галоўнае, аднак, тое, што ў cтарыя муры ўдыхнулі жыцьцё, і дзень 1 верасьня 2005 году будзе па праву ўпісаны ў летапіс старажытнага места.
XS
SM
MD
LG