Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аэрапорце А.Лябедзьку трымалі 2.5 гадзіны, канфіскавалі “аранжавыя вершы”


Валер Каліноўскі, Менск Больш за дзьве з паловай гадзіны праходзіў памежную і мытную праверку ў Нацыянальным аэрапорце “Менск-2” лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька, які вяртаўся з Польшчы са сьвяткаваньняў, прысьвечаных 25-годзьдзю прафсаюзу “Салідарнасьць”. У выніку ў яго канфіскавалі кнігі і кампакт-дыскі, у тым ліку кнігу вершаў аб украінскай аранжавай рэвалюцыі.

Як паведаміў сам Анатоль Лябедзька пасьля вяртаньня зь лётнішча, спачатку памежнікі паўгадзіны правяралі ягоны пашпарт, узгаднялі з вышэйшым кіраўніцтвам нейкія дэталі.

Пазьней за справу ўзяліся мытнікі, якія ўчынілі агляд рэчаў палітыка. Іх зацікавілі матэрыялы канфэрэнцыі “Ад салідарнасьці да свабоды”, якая прайшла ў Варшаве і Гданьску.

(Лябедзька: ) “Недзе каля гадзіны доўжыліся кансультацыі паміж памежнікамі і спэцслужбамі, што рабіць. Яны пры мне чыталі, імкнуліся зачытваць нешта па-ангельску і па-польску, што там напісана. І пасьля гадзіннай кансультацыі было прынятае рашэньне на канфіскацыю.”

У пратаколе было запісана, што гэтая інфармацыя можа нанесьці ўрон палітычным і эканамічным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Усяго мытнікі забралі 11 носьбітаў інфармацыі: праграмы канфэрэнцыі, сьпісы яе ўдзельнікаў, іх біяграфіі, кампакт-дыскі, зборнік вершаў на украінскай і ангельскай мовах “Памаранчавая паэзія” ды кнігу “Канец Ялты”, прысьвечаную паўстаньню прафсаюза “Салідарнасьць”.

Анатоль Лябедзька кажа, што мытнікі таксама спрабавалі канфіскаваць ягоны мабільны тэлефон і лічбавы фотаапарат – як носьбіты інфармацыі.

Падазрэньне мытнікаў выклікаў здымак Лябедзькі і Саакашвілі, але гэтыя рэчы ўдалося адстаяць. Спадар Лябедзька мяркуе, што разьлічваць на вяртаньне кніг і іншых матэрыялаў не выпадае, паколькі раней канфіскаваныя кнігі яму дагэтуль не вярнулі.

Дзеяньні памежных і мытных службаў спадар Лябедзька лічыць незаконнымі і маральна прыніжальнымі. Асабліва гэта адчуваецца на кантрасьце з Польшчай, якая сьвяткавала 25-годзьдзе “Салідарнасьці”, адкуль прыехаў спадар Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Канечне, за тых людзей, якіх мы бачылі ў Гданьску і Варшаве, можна парадавацца, белай зайздрасьцю. Людзі сьвяткуюць і маюць на гэта права… Але ўсё ж скажу, што тыя людзі, якія ўдзельнічалі дзьве з паловай гадзіны ў гэтым працэсе ў аэрапорце, 95% зь іх разумеюць, што гэта поўны абсурд”.
XS
SM
MD
LG