Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быў бы азадак, а лазы хопіць


Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Калі чытаеш беларускія прыказкі, не перастаеш зьдзіўляцца з таго, як дасьціпна й трапна перадаюць яны жыцьцёвыя рэаліі. Прыказка быў бы азадак, а лазы хопіць, трэба меркаваць, узьнікла яшчэ за часамі паншчыны. Біцьцё розгамі ў беларусаў здаўна мела найменьне сухой лазьні або бярозавай кашы (у залежнасьці ад таго, чым білі). Ня грэбавала такімі сродкамі й народная пэдагогіка. “Калі з навукай будзе туга, паможа бацькава папруга”, – такі мэтад выхаваньня занатаваў у “Новай зямлі” Якуб Колас. І хаця многія беларусы сваіх клясыкаў не чытаюць, такога кшталту выслоўі дагэтуль ня трацяць сваёй актуальнасьці. Мабыць, спрацоўвае генэтычная памяць.

Быў бы азадак, а лазы хопіць – у якасьці абазначэньня чалавекаадзінкі выступае не галава, як звычайна, а зусім іншая, дыямэтральна супрацьлеглая частка цела, якой, праўда, часам прыпісваюцца разумовыя функцыі.

Былі б дурні, а паны знойдуцца – сынанімічны народны афарызм, што дакладна перадае сутнасьць сучасных грамадзкіх працэсаў. Толькі, у адрозьненьне ад панскага часу, цяпер патрабуецца, каб дурні білі сябе самі. Весела й зухавата. Вось такі своеасаблівы садамазахізм беларусаў, пра які складзеныя дзясяткі показак. Зыгмунт Фройд сьпісаў бы не адзін нататнік, зьвярнуўшы ўвагу на гэтую паталёгію.

Зрэшты, падобныя прыказкі маюць ня толькі беларусы. Была бы спина, а кнут найдется – зазначаюць расейцы. A stick is quickly found to beat a dog (каб пабіць сабаку, кій хутка знойдзецца), – кажуць насельнікі Туманнага Альбіёну. Галоўнае – выстраіць усіх шэрагамі дзеля зручнасьці і загадаць спусьціць штаны. Быў бы азадак, а лазы хопіць.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG