Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень у менскім судзе разглядаюць скаргі актывістаў "Кмары"


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менскім гарадзкім судзе разглядаюць скаргі грамадзян Грузіі Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ на прысуд, вынесены да іх 29 жніўня. Тым часам арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала юнакоў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі, вязьнямі сумленьня.

Як паведаміла мне супрацоўніца адміністрацыйнай канцылярыі Менскага гарадзкога суду, скаргі Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ разглядае асабіста намесьнік старшыні суду Ўладзімер Турко, які цяпер выконвае абавязкі старшыні (у яго гэтыя скаргі знаходзяцца з 31 жніўня). Чаму гэтак зацягнуўся разгляд скаргаў, супрацоўніца ня ведае. На пытаньне, калі будзе гатова рашэньне, яна кожны раз паўтарае “пазваніце пазьней”.

Адвакат Вера Страмкоўская, якая абараняе грамадзян Грузіі, засуджаных на 15 сутак за дробнае хуліганства, ня лічыць іхныя справы складанымі. Аднак, пакуль няма рашэньня судзьдзі Ўладзімера Турко, яна не камэнтуе сытуацыі.

Вера Страмкоўская распавяла “Свабодзе” пра сваю сустрэчу з Георгіем Кандэлакі й Лукой Цуладзэ ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Паводле адваката, ейныя падабаронныя трымаюцца мужна.

(Страмкоўская: ) “Яны па-здароваму ацэньваюць становішча, філязафічна ставяцца да падзеяў, бо ведаюць, што нічога злачыннага не рабілі. Чакаюць рашэньня гарадзкога суду й спадзяюцца на яго. Аднак разумеюць: тое, што яны знаходзяцца на Акрэсьніца, — не выпадкова, але ніяк не абгрунтавана юрыдычна”.

Прадстаўнік амбасады Грузіі ва Ўкраіне Зураб Квачадзэ, адмыслова накіраваны для дапамогі грузінскім грамадзянам у Менск, сёньня ўстрымаўся ад нейкіх камэнтароў да сытуацыі. У тым ліку, — Зураб Квачадзэ не адказаў на пытаньне, ці вядуцца цяпер перамовы з афіцыйнымі асобамі Беларусі пра хуткае вызваленьне грамадзян Грузіі.

Нагадаем: актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кмара” затрымалі ў Менску 24 жніўня й зьвінавацілі за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі. Затым іх вырашылі дэпартаваць. Аднак 29 жніўня ў Маскоўскім раённым судзе засудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства. Напярэдадні прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі назваў затрыманьне грамадзян Грузіі ў Менску “палітычнай справай”.

Арганізацыя “Кмара” (па-грузінску “Хопіць”) узьнікла ў 2003 годзе. У адну з раніц жыхары Тбілісі ўбачылі на праспэкце Руставэлі надпіс на асфальце “Хопіць!” У “Кмару” уваходзілі маладыя людзі 18-20 гадоў, пераважна студэнты ВНУ. Яны насілі белыя майкі, на якіх была намаляваная чорная рука і слова “Хопіць”.

Асаблівую актыўнасьць “Кмара” праявіла падчас парлямэнцкіх выбараў у лістападзе 2003 году. Жыхарам Тбілісі запомнілася акцыя “Кмары” каля станцыі мэтро Руставэлі. З кардону была выразаная вялікая фігура Шэварднадзэ, які глядзеў з унітаза. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца побач з прэзыдэнтам. “Кмара” весяліла народ і здолела адвярнуць грамадзкую думку ад прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ.

“Кмара” мела моцную сувязь з сэрбскім моладзевым рухам “Отпор”, некаторыя нават лічылі яе філіялам “Отпору”. У такіх арганізацыях, як правіла, няма лідэра – усе члены нясуць аднолькавую адказнасьць за дзейнасьць суполкі. Але ў “Кмары” лідэр быў – гэта студэнтка юрыдычнага факультэту Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тэа Тутбэрыдзэ. У 2003 годзе Тэа Тутбэрыдзэ была студэнткай 5-га курсу і актыўна выступала супраць рэктара.

Сёньня арганізацыі “Кмара” як такой не існуе. Яе былыя члены працуюць у недзяржаўных структурах – большасьць, у тбіліскім “Істытуце Свабоды”. Супрацоўнікамі “Інстытуту Свабоды” зьяўляюцца і затрыманыя ў Менску Георгі Кандэлакі і Лука Цуладзэ.

“Кмара” ніколі не была зарэгістраваная афіцыйна. Формула, якой кіраваліся яе члены – “Нас мала, але нас лёгка заўважыць”. Журналісты тбіліскага бюро Радыё Свабода лічаць, што ў 2003-4 гадах у “Кмару” ўваходзіла да 100 чалавек.


Гл.таксама • Ля беларускай амбасады ў Кіеве прайшлі танцы пратэсту (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG