Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля беларускай амбасады ў Кіеве прайшлі танцы пратэсту (фотарэпартаж)


Юры Сьвірко, Кіеў Украінскія грамадзкія арганізацыі ды грузінскі дзіцячы харэаграфічны ансамбаль, які прыехаў у Кіеў на гастролі, зладзілі каля амбасады Беларусі паўгадзінную акцыю пратэсту супраць арышту ў Менску Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладдзэ. Гэтая акцыя 1 верасьня называлася “Ўрок дэмакратыі й культуры”.

Вядомыя ўкраінскія арганізацыі – “Пора”, "Знаю!", філія "Amnesty International" ды іншыя – арганізавалі тэатралізаваную акцыю пратэсту на тым самым месцы, дзе ў траўні стаялі намёты салідарнасьці з арыштаванымі ў Менску ўкраінскімі ўдзельнікамі акцыі “Чарнобыльскі шлях”.

Да пачатку акцыі ахоўваць амбасаду Беларусі прыехалі два "ўазікі" з міліцыянтамі, дзясятак якіх утварылі ланцуг перад будынкам дыпмісіі. Міліцыя ставілася да арганізатараў акцыі прыхільна, адзін зь міліцыянтаў на вачох у журналістаў нават падняў з асфальту й прымацаваў да слупа ўлётку з партрэтам спадара Кандэлакі ды надпісам “Ён журналіст, а не бандыт”.

Міліцыянт гэтак патлумачыў свае дзеяньні: “Непарадак – упала!” Шмат якія слупы ля амбасады былі абклееныя такімі ўлёткамі. На адной зь іх было слова грузінскай вязьзю й тлумачэньне: “Гэта грузінская мова, а не лаянка!”

Пасьля таго, як украінскія арганізатары праскандавалі “Свабоду палітвязьням!”, “Свабоду не спыніць”, “Кмара” й пераклад гэтага слова (“Досыць”), да іх далучыўся дзіцячы калектыў ансамблю “Імэдзі”.

Падлеткі ў нацыянальных строях таксама скандавалі “Грузія” й “Сакартвэло”, пасьля чаго пачалі танчыць – спачатку тры дзяўчыны разам, а потым два хлопцы паасобку. Яны выклікалі воплескі ў прысутных, якіх налічвалася каля паўсотні. Апрача таго, акцыю асьвятлялі ўсе буйныя тэлеканалы Ўкраіны.

“Урок дэмакратыі й культуры” скончыўся спробай перадаць у амбасаду пэтыцыю з просьбай вызваліць Георгія Кандэлакі, Луку Цуладзэ й трох іхніх беларускіх аднадумцаў. Аднак з амбасады ніхто ня выйшаў, таму арганізатары акцыі пратэсту паабяцалі даслаць гэты ліст зь некалькімі подпісамі наўпрост у Менск Аляксандру Лукашэнку.





XS
SM
MD
LG