Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася акцыя “Хачу вучыцца па-беларуску!” (фота)


Любоў Лунёва, Менск 1-га верасьня калектыў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа правёў урачыстую лінейку ля брамы свайго зачыненага будынку. Выкладчыкі павіншавалі дзяцей з новым навучальным годам і падзякавалі за добрую працу ўлетку, калі ліцэй знаходзіўся ў Польшчы. Пасьля лінейкі стартавала акцыя “Хочам вучыцца па-беларуску!”, якую ладзілі сябры моладзевых арганізацый і навучэнцы ліцэю.

Пасьля таго, як у ліцэістаў адабралі будынак, урачыстыя лінейкі традыцыйна адбываюцца ў двары, альбо ля брамы зачыненага ліцэю. Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі ўпэўнены, што будынак калі-небудзь ім вернуць.

(Баршчэўскі: ) “Тыя, хто зьбіраецца ўвайсьці ў гэты будынак, павінны ведаць, што будынак гэты вернецца абавязкова. Ліцэй — гэта ўжо гісторыя, тое, што стала сымбалем. Самае галоўнае, аднак, што ліцэй існуе далей, што ён папаўняецца новымі вучнямі. Да нас прыходзяць ахвочыя практычна кожны дзень. Мы ня ўсіх можам узяць пры цяперашніх умовах. Мы з аптымізмам глядзім у будучыню й будзем спрабаваць гэты тонус, гэты настрой трымаць і далей пасьля вакацыяў”.

Выкладчык Аляксей Крукоўскі дадаў.

(Крукоўскі: ) “Я хачу нагадаць словы, якія нам сказалі на разьвітаньне ў Польшчы: “Жадаем вам, каб вы ніколі не вучыліся на вакацыях. Каб вы на вакацыях адпачывалі, а вучыліся тады, калі трэба вучыцца”. Гэта былі цудоўныя вакацыі, цудоўная вучоба. Мы ўсе спадзяёмся, што ў бліжэйшы час усё зьменіцца. Вакацыі будуць вакацыямі, а школа будзе школай”.

Усе навучэнцы ліцэю забясьпечаны неабходнымі падручнікамі. Ува ўсіх —аптымістычны настрой. Нягледзячы на тое, што давялося вучыцца ўсё лета. Гаворыць Алена Андрусік, вучаніца Ш курсу.

(Андрусік: ) “Вучоба патрэбна нам для будучыні. Ну, часам ня вельмі хочацца… Але тая кампанія, якая ёсьць побач, неяк памяншае гэтую непрыемнасьць”.

Максім Русьць будзе вучыцца апошні год у ліцэі.

(Русьць: ) “Гэты навучальны год будзе асаблівым. Будзе цікава, хаця крыху страшнавата. Будуць выбары. Хто ведае, што здарыцца з апазыцыяй і зь ліцэем. Для часткі ліцэістаў гэта апошні год. Ніхто ня ведае, як атрымаецца з нашымі стажыроўкамі. Бо невядома, што будзе зь межамі краіны. Трэба трошкі адпачыць пасьля нашай польскай сэсіі. Ну, пасьля будзем вучыцца. Нас чакаюць цікавыя паездкі, сустрэчы”.

З раніцы сябры моладзевых арганізацый рассылаюць запыты ў мясцовыя аддзелы адукацыі. У Менску першымі атрымалі лісты чыноўнікі Савецкага й Цэнтральнага раёнаў. У запытах просяць назваць колькасьць беларускамоўных школ і клясаў, адказаць, ці забясьпечаны школы неабходнымі падручнікамі. Калі не, то чыноўнікаў просяць тэрмінова вырашыць гэтую праблему.

Студэнты ВНУ сёньня атрымліваюць коміксы палітычнага зьместу, у якіх таксама закранаюцца праблемы свабоды ва ўнівэрсытэтах і студэнцкага самакіраваньня.

У межах акцыі “Хачу вучыцца па-беларуску!” адбыліся дзьве падзеі — спачатку флэш-моб ля Палацу спорту й будынку гарадзкой ратушы, а потым — пікет на плошчы Якуба Коласа.

Першую акцыю ладзілі чацьвёра маладых людзей. Яны былі ў чырвона-зялёнай спартовай форме. На футболцы сьпераду было напісана: “Прадукт беларускай школы”, а ззаду: “Каманда “пабядітялей””. Яны прайшлі ад Палаца спорту на плошчу Свабоды, гуляючы ў хакей. Адзін з удзельнікаў патлумачыў мэту акцыі.

(Ігар: ) “Мы хочам паказаць, што тая адукацыя, якая ёсьць цяпер, вельмі неякасная. Людзі, якія выходзяць са школ, не заўсёды адукаваныя й маюць тыя веды, што павінны былі б мець. Агульная мэта акцыі давесьці, што моладзь хоча вучыцца па-беларуску. Імпрэзы будуць цягам дня”.

А 5 гадзіне на плошчы Якуба Коласа сабралася каля 30 чалавек. Яны сталі ланцугом у белых футболках з надпісам: “Хачу вучыцца па-беларуску!”.









Гл. таксама • Фотарэпартаж зь Ліцэйскай лінейкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG