Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятнічны нумар "БДГ" надрукаваны ня будзе


Валер Каліноўскі, Менск “Белорусская деловая газета” дагэтуль не прайшла перарэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі ў сувязі з забаронай А.Лукашэнкам незалежным СМІ мець у назвах словы “беларускі” й “нацыянальны”. З гэтай прычыны пятнічны нумар газэты ня будзе надрукаваны. У Мінінфармацыі паведамляюць, што час на перарэгістрацыю газэты яшчэ застаўся — да канца працоўнага дня 2 верасьня.

Тое, што “Белорусскую деловую газету” дагэтуль не перарэгістравалі пад прапанаванай назвай “БДГ. Деловая газета” галоўны рэдактар выданьня Пётар Марцаў лічыць юрыдычна неабгрунтаваным. Але з гэтай прычыны падрыхтаваны рэдакцыяй пятнічны нумар газэты ня можа быць выпраўлены ў друк. “БДГ” даўно друкуецца за межамі Беларусі, у Смаленску, але цяпер і там выхад немагчымы — з адсутнасьці новага пасьведчаньня аб рэгістрацыі.

(Марцаў: ) “Смаленская друкарня ведае пра гэты Ўказ, і мы ня можам паказаць новае пасьведчаньне. Замова-нарад афармляецца на месяц. На якое пасьведчаньне мы будзем афармляць яго? На старое ня маем права, а новага ў нас няма. Таму мы й ня можам выйсьці”.

Пётар Марцаў паведаміў, што пятнічны нумар “БДГ” выйдзе толькі ў інтэрнэце. У Мінінфармацыі кажуць, што час на выкананьне палажэньняў Указу А.Лукашэнкі аб перарэгістарцыі СМІ яшчэ ёсьць.

(Супрацоўнік Міністэрства: ) “Яшчэ ёсьць час для перарэгістрацыі. Сёньня й заўтра яшчэ. Таму неправамерна казаць, што мы не даём камусьці магчымасьці выходзіць”.

Аднак ці атрымае “БДГ” за гэты час новае пасьведчаньне аб рэгістрацыі, у Мінінфармацыі спрагназаваць не ўзяліся.

Калі Мінінфармацыі не перарэгіструе газэты, Пётар Марцаў зьбіраецца абскардзіць дзеяньні Міністэрства ў судзе. Паводле спадара Марцава, улады спрабуюць закрыць іхную газэту з 2001 году: “БДГ” адмоўлена друкавацца на тэрыторыі краіны, распаўсюджваць выданьне празь “Белсаюздрук” і пошту. Нават забараняецца продаж выданьня ў прыватных крамах. Акрамя таго, сёлета газэта змушана аплаціць 50 тысяч даляраў — у выглядзе штрафаў падаткавай інспэкцыі й кампэнсацыяў паводле судовых рашэньняў. “Дый цяпер у рэдакцыі чарговую праверку праводзіць падаткавая інспэкцыя”, — паведаміў спадар Марцаў.

Нагадваем: у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім Указам ¹ 247 ад 31 траўня, недзяржаўныя СМІ мусяць адмовіцца ад выкарыстаньня ў назвах слоў “беларускі” й “нацыянальны” і цягам трох месяцаў прайсьці перарэгістрацыю. 31 жніўня Мінінфармацыі быў перарэгістраваны тыднёвік “Белорусская газета” пад новай назвай “Белгазета”. “Белорусский рынок” цяпер называецца “Белорусы и рынок”, а “Нацыянальная эканамічная газэта” стала папросту “Эканамічнай газэтай”.
XS
SM
MD
LG