Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дж.Буш: “Катрына” самая страшная стыхійная катастрофа ў гісторыі ЗША


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш назваў ураган “Катрына” самай страшнай стыхійнай катастрофай за ўсю гісторыю ЗША і заявіў, што запатрабуюцца гады, каб ліквідаваць яго наступствы. Мэр Новага Арлеану Рэй Наджын лічыць, што колькасьць ахвяраў стыхіі можа дасягнуць тысячаў людзей. Вынікам урагану сталі і вельмі сур''ёзныя разбурэньні ў штатах Луізіяна, Місісіпі і Алабама. Працягваюцца ратавальныя працы.

Рэпартэры, якія знаходзяцца на месцы падзеяў, паведамляюць, што нягледзячы на тое, што напярэдадні былі эвакуаваныя з Новага Арлеану сотні тысячаў чалавек, многія ўсё ж заставаліся ў горадзе. І цяпер можна пабачыць, як яны з дахаў дамоў падаюць сыгналы бяды, але дапамагчы ім могуць толькі гелікоптэры.

А ў вадзе знаходзяцца сотні, а можа і тысячы мёртвых, – кажа мэр Новага Арлеану Рэй Наджын. Але ратавальнікам ужо не да мёртвых, яны засяроджаныя на тых, каго яшчэ можна ўратаваць. Што да эвакуаваных, дык, як кажа мэр, яны змогуць сюды вярнуцца хіба што празь месяц, ці два.

Вада з суседняга возера працягвае затапляць горад, яе магутныя плыні прарвалі дамбы, якія абаранялі Новы Арлеан ад паводак. Гэты горад разьмешчаны ніжэй за ўзровень акіяну. І ўжо цяпер паўстае пытаньне: чаму дамбы не ўратавалі горад? Але ёсьць пытаньні, на якія трэба даваць адказ непасрэдна сёньня. І першае зь іх: як уратаваць горад ад інфэкцыйных захворваньняў, бо брудная вада можа распаўсюджваць хваробы.

Яшчэ адна вострая праблема, якую павінны вырашаць паліцыянты замест таго, каб ратаваць людзей. Яны і яшчэ тысячы дадатковых вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі змагаюцца з марадэрствам і гвалтам. Марадэры ж апраўдваюцца, што яны бяруць у крамах тое, чаго ім не стае – харчаваньне, ваду, простую вопратку.

Тым часам, страхавыя кампаніі ўжо падлічваюць страты. Адна са швайцарскіх страхавых кампаніяў назвала лічбу ў 20 мільярдаў даляраў. І, натуральна, страхоўкі будуць выплачаныя. Увогуле з эканамічнага гледзішча наступствы ўрагану “Катрына” многія называюць нават большымі, чым леташнія ад цунамі ў Індыйскім акіяне.

І, нават нягледзячы на тое, што ЗША – багатая краіна, і ёй лягчэй будзе аднавіць разбурэньні, гэта не зьмяншае пакуты людзей, асабліва тых, што жывуць у дэльце Місісіпі. А гэта – найбольш бедныя амэрыканцы, і вярнуцца ім да нармальнага жыцьця будзе нялёгка, бо з прычыны беднасьці яны не маглі застрахаваць сваю маёмасьць. Не прывязуць у найбліжэйшы час туды грошы і турысты.

Закладніцай ўрагану стала таксама нафтаперапрацоўчая індустрыя ЗША: затопленыя нафтавыя тэрміналы Нью-Арлеану.

Адміністрацыя Буша вырашыла ўскрыць стратэгічныя рэзэрвы, але ў іх захоўваецца сырая нафта.

Учора прэзыдэнт ЗША Джордж Буш перапыніў свой адпачынак і абляцеў пацярпелыя тэрыторыі. Тое, што убачыў, ён пасьля назваў адным з самых моцных стыхійных бед за ўсю гісторыю ЗША.

(Буш: ) “Цяпер тыя, хто пацярпеў ад урагану, перажываюць жахлівыя дні. Я разумею гэта. Але ж я перакананы, што зь цягам часу вы зможаце вярнуцца да нармальнага жыцьця. Расквітнеюць новыя гарадкі і паселішчы. Цудоўны Новы Арлеан зноў стане на ногі. Амэрыка стане яшчэ мацнейшай. Зараз уся краіна з вамі.”

Але тым, хто застаўся бяз дому, а то і бяз блізкіх, дарагіх ім людзей, вяртаньне да нармальнага жыцьця падаецца няхуткім.
XS
SM
MD
LG