Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Гавін: "Я адседзеў 30 сутак за свае палітычныя выказваньні"


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня пасьля месячнага арышту на волю выйшаў Тадэвуш Гавін — заснавальнік Саюзу палякаў. Тадэвуша Гавіна пасадзілі 2 жніўня на 15 сутак за ўдзел у "несанкцыянаваным сходзе" каля будынку Саюзу палякаў у Горадні. Пазьней міліцыянты, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён нібыта ўчыніў бойку з сукамэрнікам, завезьлі яго ў суд, дзе яго пакаралі чарговым арыштам на 15 сутак.

Такім чынам, улады схавалі за краты аднаго з найбольш актыўных дзеячаў СПБ на месяц – на ўвесь час падрыхтоўкі і правядзеньня групоўкай Тадэвуша Кручкоўскага паўторнага 6-га зьезду Саюзу палякаў, які адбыўся 27 жніўня у Ваўкавыску.

Тадэвуш Гавін гаворыць, што на дваццаць дробных хуліганаў за кратамі за палітыку сядзеў ён адзін. У краіне штосьці пачне мяняцца, калі большасьць будзе сядзець за палітыку, лічыць ён. Паводле адваката Ўладзімера Кісялевіча, да дзеяча Саюзу палякаў у спэцпрыёмніку ставіліся няблага: вазілі мыцца ў лазьню, нават укруцілі ў камэры больш моцную лямпачку, каб ён мог чытаць газэты.

Абраны на паўторным зьезьдзе у Ваўкавыску кіраўніком Саюзу палякаў Юзаф Лучнік быў некалі паплечнікам Тадэвушам Гавіна, яны жывуць на суседніх вуліцах у вёсцы Галавачы. Заснавальнік Саюзу прызнаецца, што ў яго даўно ўзьнікла здагадка, што ўлады могуць паставіць на Лучніка. Аднак той ня выратуе Саюз палякаў, як гаворыць, лічыць спадар Гавін.

(Гавін: ) “Ён ня выратуе Саюз, яго выратуюць тыя людзі, якія сёньня з Саюзу выкінуты яго паплечнікамі, уладамі, адсунуты ад кіраўніцтва. Толькі ня ведаю калі гэта адбудзецца—праз год-два ці праз пяць? Але я ўпэўнены, што як толькі зьменіцца палітычная сытуацыя, то ня трэба будзе праводзіць ніякіх зьездаў, а Анжаліка Борыс і тое кіраўніцтва, якое было абрана на сакавіцкім зьезьдзе, яны вернуцца ў сядзібу СПБ і пачнуць кіраваць Саюзам. Будучыня належыць гэтым людзям”.

Тым жа часам Тадэвуш Гавін станоўча ацэньвае словы Юзафа Лучніка, які ў інтэрвію “Народнай Волі” абвергнуў сьцьверджаньне, што Гавін і Борыс былі ўцягнуты ў палітычную барацьбу.

У апошнім нумары газэты “Glos znad Niemna” былы кіраўнік Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі напісаў, што за дзеяньнямі Анжалікі Борыс і яе паплечнікаў насамрэч стаіць Тадэвуш Гавін. Тым жа часам Кручкоўскі сьцьвердзіў, што яму невядомыя прыклады перасьледу ў Беларусі палякаў, хаця Гавін у той момант знаходзіўся за кратамі. Тадэвуш Гавін мяркуе, што спадар Кручкоўскі гаворыць тое, чаго ад яго чакаюць пачуць улады.

(Гавін: ) “Мне прыклады перасьледу палякаў вядомыя. А тое, што я адседзеў трыццаць сутак за кратамі за мае палітычныя выказваньні і за маю дзейнасьць на карысьць польскага адраджэньня — гэта не перасьлед? А тое, што Амон захапіў будынак галоўнай сядзібы Саюзу палякаў і выкінуў адтуль легальна абранае на вольных дэмакратычных выбарах на сакавіцкіх выбарах кіраўніцтва СПБ — гэта не перасьлед?”

І такія факты можна доўжыць, зазначыў спадар Гавін. Становішча польскай меншасьці ён называе значна горшым у параўнаньні з пачаткам 90-х гадоў, калі беларуская дзяржава стала незалежнай. Тадэвуш Гавін ведае пра абяцаньні беларускіх уладаў фінансаваць дзейнасьць цяперашняга Саюзу палякаў, але ён гаворыць, што паверыць у гэта цяжка.
XS
SM
MD
LG