Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадэльныя агенцтвы, якія не прайшлі пераліцэнзаваньня, мусяць закрыцца


Ігар Карней, Менск Ад 1-га верасьня ўсе мадэльныя агенцтвы, якія не атрымалі ліцэнзій ад Міністэрства адукацыі, мусяць прыпыніць сваю дзейнасьць. Як удакладнілі ў аддзеле ліцэнзаваньня згаданага Міністэрства, пакуль што працягваць працу можа толькі Нацыянальная школа прыгажосьці, якая існуе пад эгідай Беларускага рэспубліканскага Саюзу моладзі. Прадстаўнікі іншых мадэльных школ параўноўваюць сытуацыю з “зачысткай” на мэдычным рынку: у абодвух выпадках гэтыя сфэры паступова манапалізуюцца дзяржаўнымі ўстановамі.

Кіраўнік аддзелу ліцэнзаваньня Мінстэрства адукацыі Леанід Дубяка паведаміў Радыё Свабода, што ад 1-га верасьня ўсе мадэльныя школы, якія не атрымалі ліцэнзій, мусяць прыпыніць дзейнасьць. Я пацікавіўся: колькі ўвогуле агенцтваў аказалася па-за законам?

(Дубяка: ) “Раней мы ліцэнзій не выдавалі, дзейнасьці гэтае не кантралявалі. Таму й уліку такога не вялі. Але ад 1 верасьня, калі нехта дзейнічаў без ліцэнзіі, павінен прыпыніць сваю дзейнасьць, падаць дакумэнты, атрымаць ліцэнзію — і толькі тады аднавіць працу”.

Тым часам, пакуль некаторыя мадэльныя школы яшчэ спадзяюцца на атрыманьне ліцэнзій, бальшыня змушаны зьмяняць спэцыялізацыю: як апавяла супрацоўніца агенцтва “Star’s”, выканаць міністэрскія патрабаваньні недзяржаўным агенцтвам нерэальна.

(Супрацоўніца “Star’s”: ) “Мяркую, ліцэнзію атрымае толькі Нацыянальная школа прыгажосьці: толькі на дзяржаўным узроўні, пры дзяржаўным фінансаваньні можна выканаць гэтыя ўмовы. Каб памяшканьне адпавядала пералічаным патрабаваньням, а для 80% выкладчыкаў гэта было асноўным месцам працы, — у прыватных школ няма ніякай магчымасьці. Таму законнай будзе толькі адна школа.

Але праблема ў тым, што рэгіёнаў шмат. У адным Менску колькі раёнаў! Дзецям кудысьці далёка езьдзіць будзе цяжка. Дый толькі адзінкі маюць за мэту стаць мадэлямі. Для бальшыні гэта — забава, вабнота “прасунутым” бацьком, якім хочацца, каб іхная дачка (сабе на карысьць!) схадзіла на ўрокі дэфіле, да касмэтоляга, на аэробіку — наагул, атрымала ўсё, што ўключае ў сябе праграма звычайных мадэльных школ”.

Кіраўнік Агенцтва моды Сяргея Нагорнага, які спадзяваўся да 1 верасьня атрымаць ліцэнзію, на неакрэсьлены тэрмін, аднак, застаецца бяз справы й мяркуе, што бальшыні ўстановаў давядзецца задавальняцца статусам гурткоў.

(Нагорны: ) “Некаторыя мадэльныя агенцтвы (асабліва — зь ліку яшчэ досыць маладых) будуць змушаны працаваць як гурткі эстэтычнага разьвіцьця. Прычым, з наборам дысцыплін, якія ня могуць быць падставай да атрыманьня сэртыфікату”.

А вось заснавальнік Агенцтва моды “Universum models” Саша Варламаў праблемай ліцэнзіі не заклапочаны.

(Варламаў: ) “Нам у нейкім сэнсе пашчасьціла: мы зьяўляемся структурным падразьдзяленьнем БДУ, а ўнівэрсытэт, натуральна, мае ліцэнзію на адукацыйную дзейнасьць. Таму нас гэтыя справы, па сутнасьці, ня тычацца. Але мы й раней займаліся адукацыйнымі праграмамі, зьяўляючыся цэнтрам сучаснага стылю й моды БДУ. Пачаць заняткі плянуем ужо 8 верасьня”.

Прадстаўнікі мадэльнага бізнэсу кажуць, што ў выніку пераліцэнзаваньня ранейшай працы пазбавяцца супрацоўнікі блізу двух дзясяткаў мадэльных школ. А наведнікамі кожнага з такіх агенцтваў было па некалькі дзясяткаў чалавек.
XS
SM
MD
LG