Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя мультыплікатары абараняюць беларускіх калег


Любоў Лунёва, Менск Міжнародная арганізацыя абароны правоў мультыплікатараў і карыкатурыстаў выступіла ў абарону сяброў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”. 16 жніўня пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце ініцыятывы “Трэці шлях”. У Андрэя Абозава, Паўла Марозава ў Менску і ў Алега Мініча ў Горадні супрацоўнікі КГБ зрабілі ператрус, забралі ўсе кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. У Алега Мініча і ягонай жонкі Галіны супрацоўнік КГБ забраў пашпарты.

Раней Андрэй Абозаў і Павал Марозаў былі ў Кіеве, дзе ім выказалі падтрымку іх калегі з кампаніі “Дзіва прадакшн”, якія распаўсюджвалі мультфільмы ў інтэрнэце у часе прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Цяпер у абарону беларускіх калегаў выступіла міжнародная арганізацыя мультыплікатараў. Прадстаўніцтвы гэтай міжнароднай арганізацыі знаходзяцца амаль ва ўсіх краінах сьвету. Лідэр арганізацыі доктар Робэрт Расэл у Вашынгтоне заклікаў аніматараў накіроўваць свае заявы ў беларускія амбасады з патрабаваньнем спыніць перасьлед распаўсюднікаў мультфільмаў у інтэрнэце.

Сябры арганізацыі заяўляюць, што, калі беларускія ўлады не спыняць перасьлед іх беларускіх калегаў, то цягам тыдня ў інтэрнэце з’явяцца дзесяткі карыкатураў і мультфільмаў пра Аляксандра Лукашэнку і палітычную сытуацыю ў Беларусі. Некалькі заяваў ужо паступілі ў беларускую амбасаду ў ЗША. Сёньня іх атрымаюць амбасады ў Эўрапейскіх краінах. Сябра арганізацыі мультыплікатараў вядомы ўкраінскі карыкатурыст Алег Смаль далучаецца да гэтай акцыі. Ён шмат карыкатураў намаляваў у свой час на былога прэзідэнта Ўкраіны Леаніда Кучму. Аднойчы за свой малюнак у газэце меў судовы пазоў ад маёра нацыянальнай гвардыі. Той прасіў суд спагнаць з аўтара малюнку 40 мільярдаў даляраў. Гэта тры гадавых бюджэта краіны. Суд адмовіў вайскоўцу. Вось што Алег Смаль паведаміў Радыё Свабода наконт свайго ўдзелу ў акцыі:

(Cмаль:) “Улада занадта сур’ёзна ўспрымае карыкатуру. Яна, відаць, усяго баіцца, калі такая рэакцыя. Калі ўлада пачынае змагацца з карыкатурыстамі, то яна адчувае пагрозу і на іншых накірунках. Можна ёй толькі паспачуваць. Я некалькі разоў маляваў нашых палітыкаў і Лукашэнку. Некаторыя нашы палітыкі калекцыянуюць мае малюнкі. Напрыклад, прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка. А вось, калі ўлады пачынаюць змагацца з карыкатурыстамі, то гэта ж лепшая для іх рэкляма. Гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што працуюць яны не дарма. Спадзяюся, што ва ўлады хопіць розуму не змагацца са сьмехам, бо гэта марная праца.”

Алегу Мінічу і яго жонцы Галіне дагэтуль не вярнулі пашпарты. Мініч накіраваў скаргу ў менскую пракуратуру. Яму казалі, што адказ будзе цягам месяца. Мне кіраўнік сьледчай групы Віктар Шабан паведаміў, што скаргу яму перадалі і ён хутка дашле адказ. Ці патрабаваў ён ад сьледчага Алега Варанецкага, каб той вярнуў пашпарты, невядома. Ён казаў, што той фармальна мае права іх трымаць. Сьледчы патлумачыў, што службовае пасьведчаньне забіраць нельга, а пашпарт можна. Вось, што кажа на гэты конт Алег Мініч:

(Мініч:) “Я не чакаў, канешне, такой падтрымкі з боку міжнароднай грамадзкасьці. Я вельмі спадзяюся, што гэтыя лісты і словы падтрымкі будуць узьдзейнічаць на беларускія ўлады. Ужо два тыдні мы не маем грамадзянскіх пашпартоў. Практычна гэта параза нашых правоў. Я ў шоку ад такой сытуацыі.”

Днямі Алег Мініч мае атрымаць адказ на сваю скаргу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG