Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дазваляе заробак Лукашэнкі набыць 10 аўтобусаў?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Аляксандр Лукашэнка будзе прысутнічаць на адкрыцьці школы у Петрыкаве. А крыху раней у пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёны накіраваліся 10 так званых “імянных аўтобусаў прэзыдэнта”. Што стаіць за гэтай акцыяй нібыта асабістай дабрачыннасьці кіраўніка дзяржавы?

Колькі цяпер зарабляе прэзыдэнт Беларусі людзі даведаліся ад Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу ТВЦ. Ягоны месячны аклад складае нібыта каля 1200 амэрыканскіх даляраў. “Міністры, - сказаў кіраўнік дзяржавы, - атрымліваюць 800 даляраў”. Па словах Лукашэнка, “гэта сьмешная сума”. Сапраўды даводзіцца сумнявацца ў рэальных прыбытках вышэйшага беларускага кіраўніцтва, бо неяк старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч падараваў аўтобус роднай Тамашоўскай школе на Берасьцейшчыне. Больш дробную тэхніку ад свайго імя прэзэнтуюць міністры, губэрнатары, дырэктары. Ну а зараз імя Лукашэнкі зьявілася на 10 аўтобусах. Афіцыйна за імянны караван разьлічыўся Дзяржкамчарнобыль, паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода прадстаўнік ведамства Канстанцін Анісімаў.

(Анісімаў: ) “У 2001 годзе было даручэньне ажыцьцявіць закупку аўтобусаў для падвозу дзяцей у школу. Там напісана: на пэрыяд да 2005 году”.

(Карэспандэнт: ) “Аплачана ўсё зь бюджэту?”

(Анісімаў: ) “Так. За 10 аўтобусаў 475 мільёнаў беларускіх рублёў”.

У Броніцкай школе Буда-Кашалёўскага раёну неабходнасьць у падвозе вучняў зьявілася толькі сёлета. Пяць суседніх вёсак не патрапілі пад прэзыдэнцкія указы аб сацыяльных стандартах і адну на ўсіх школу зачынілі. Зараз іх будуць вазіць на вучобу за 7 і больш кілямэтраў. Гаворыць настаўніца Нэля Гузава.

(Гузава: ) “Мы самі на валаску віселі. У нас было 53 вучні ў школе. Мы былі раней калгас “Зара”, наша школа па-за цэнтрам. Усё ж зараз упіраецца ў гэтыя сацыяльныя стандарты. Мы іх ужо вывучылі на зубок, як на экзамэн. У мяне самой адзін сын ўжо студэнт, а другі – вучань пятага кляса. Таму я таксама хвалююся. Адправіць дзіця, а там падоўжаная група, калі яшчэ зьявіцца? Думай і выглядай маці той аўтобус. Але што мы з вамі можам зрабіць?”

Пра адукацыйныя праблемы закінутых вёсак гутарым з пісьменьнікам Сяргеем Законьнікам. Вось ягоны камэнтар да сытуацыі сёньняшняга дня.

(Законьнікаў: ) “Тут справа ня толькі ў дэмаграфіі. У Эўропе вельмі многа маленькіх школ. Вось, скажам канкрэтная вёска Tanen Kirx, у якой я быў. Робіцца ўсё, каб нават у маленькім паселішчы былі створаныя ўсе ўмовы для разьвіцьця чалавека. Нашы людзі не разумеюць усіх базавых інстытутаў грамадзтва. Маю на ўвазе сям”ю, школу. І наіўна думаюць, што адна асоба у сілах наладзіць кожнаму чалавеку годнае жыцьцё. А наш лідэр замацоўвае ў народзе такое разуменьне: “Я даў! Дапамагло толькі маё ўмяшаньне”. Што тычыцца маральнага аспэкту – гэта добра, што аўтобусы выдзяляюцца такія. Але вось гэты факт абсалютна прагматычны. Нібыта прэзыдэнт са сваёй кішэні дастаў грошы і купіў аўтобусы і падарыў дзецям... Гэта мыльная бурбалка. І такіх мыльных бурбалак наша афіцыйная прапаганда запускае над Беларусьсю вялікае мноства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG