Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцтва ААН прэзэнтавала справаздачу аб разьвіцьці Беларусі


Іна Студзінская, Менск У Менску адбылася прэзэнтацыя Нацыянальнай справаздачы аб чалавечым разьвіцьці 2004-2005 гадоў “Эканоміка і грамадзтва Беларусі: дыспрапорцыі і пэрспэктывы разьвіцьця”. Гэта ўжо восьмая па ліку справаздача, якую рыхтуюць сумесна прадстаўніцтва ААН ў Рэспубліцы Беларусь і нацыянальныя экспэрты, грамадзяне Беларусі.

Стваральнікі справаздачы падкрэсьлівалі, што яна носіць рэкамэндацыйны характар. Нацыянальны каардынатар праекту Сьцяпан Палонік сьцьвярджае: менавіта такія справаздачы дапамагаюць распрацоўшчыкам прагнозаў і праграм сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця зарыентавацца на праблемах, якія неабходна вырашаць ураду. Сьцяпан Палонік:

(Палонік: ) “Тыя прапановы, якія паступаюць ва ўрад, адпавядаюць гэтым рэкамэндацыям. Разыходжаньняў амаль няма. Іншая справа – як ідзе рэалізацыя на практыцы. Тут ўжо дадаюцца тыя фактары, якія не залежаць ад ураду, зьнешнія і ўнутраныя фактары, якія ўплываюць на рэалізацыю гэтых праграм і прагнозаў”.

Прадстаўніца ААН/ПРААН ў Беларусі Джыган Султаналу зазначыла: у дакумэнце закранаюцца праблемы, што тычацца кожнага грамадзяніна Беларусі -- выбар адпаведных тэмпаў і пасьлядоўнасьці рэформ. І максымальнае зьніжэньне іх сацыяльных наступстваў. Але рашэньне праблемы няпростае і залежыць ад згоды, жаданьня ўраду праводзіць гэтыя рэформы.

Навуковы рэдактар справаздачы прафэсар Уладзімер Шымаў даў такое вызначэньне сёньняшняй сацыяльна-эканамічнай сытуацыі:

(Шымаў: ) “Этап, які можна характарызаваць як этап завяршэньня выкарыстаньня экстэнсыўных фактараў разьвіцьця эканомікі краіны. Пераход да інтэнсіўных фактараў патрабуе прынцыпова новых падыходаў”.

Ключавыя задачы ў эканоміцы – павышэньне канкурэнтаздольнасьці прадукцыі, рэзкае і істотнае скарачэньне падтрымкі стратных і беспэрспэктыўных вытворчасьцяў, паляпшэньне ўмоваў для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў, дывэрсыфікацыя імпарту…

У справаздачы ёсьць і нечаканыя высновы. Кіраўніцтва краіны заўсёды ганарыцца высокім узроўнем адукацыі і росквітам беларускай навукі. А вось заклапочанасьць экспэртаў ААН выклікае, цытую, “сур’ёзнае адставаньне Беларусі ад краінаў Эўразьвязу ў галіне інавацыяў і навукова-дасьледчай і канструктарскай дзейнасьці, нягледзячы на наяўнасьць кваліфікаваных кадраў і высокую долю работнікаў з вышэйшай адукацыяй”.

Каэфіцыенты “глыбіні” і “вастрыні” беднасьці ў Беларусі даволі нізкія, але доля людзей з даходам ніжэй за пражытковы мінімум і асобаў, якія жывуць у адноснай беднасьці, у суме складае больш за чвэрць насельніцтва краіны – амаль 29%.

Сур’ёзную заклапочанасьць выклікае працягласьць жыцьця: 63 гады ў мужчын і 75 у жанчын (у разьвітых эўрапейскіх краінах гадоў на 10 больш), зьніжэньне нараджальнасьці. Прафэсар Шымаў выкарыстаў нават тэрмін “дэпапуляцыя”. І гендэрная няроўнасьць – беларускія жанчыны зарабляюць амаль на чвэрць менш за мужчын.

Сёлета ўпершыню экспэрты ААН аналізуюць стан і дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў у Беларусі. У гэтай сфэры яны адзначаюць вельмі шмат праблем: абмежаваныя рэсурсы, надзвычай складная і дарагая працэдура рэгістрацыі і дзейнасьці NGO, татальны кантроль за іх дзейнасьцю з боку дзяржавы – бясконцыя праверкі, папярэджаньні, закрыцьцё... Супрацоўніцтва NGO з замежнымі партнэрамі таксама кантралюецца дзяржавай, вельмі цяжка атрымаць дазвол на дабрачынную замежную дапамогу.

Меркаваньне прадстаўніцы ААН/ПРААН ў Беларусі Джыхан Султанаглу:

(Султанаглу: ) “Адна з рэкамэндацыяў, якую мы даем у справаздачы – неабходнасьць пашырэньня прасторы для індывідуальных ініцыятываў і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Трэба даць больш шырокія магчымасьці грамадзянам Беларусі самастойна вырашаць уласныя праблемы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG