Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўнае радыё будзе круглыя суткі на FM


Ганна Соусь, Менск Сёньня Першы нацыянальны канал Беларускага радыё перайшоў на кругласуткавае вяшчаньне ў FM-дыяпазоне, а таксама ў інтэрнэце.

Як вынікае з паведамленьнем прэсавай службы Белдзяржтэлерадыёкампаніі, творчы калектыў даўно ўжо рыхтаваўся да гэтай падзеі. Што да канкрэтных зьменаў, то напрыклад ранішняя праграма будзе пачынацца на гадзіну раней, а 5-й раніцы. Зьявяцца і новыя праграмы. Напрыклад, “Радыё.by” адрасаваная ў першую чаргу карыстальнікам інтэрнэту, а таксама жыхарам замежжа. Іншыя перадачы будуць з большага сацыяльна накірунку – сямейныя, моладзевыя, дзіцячыя, для вясковай моладзі... Як патлумачыла ўчора кіраўніца прэсавай службы кампаніі Сьвятлана Краскоўская, пашырэньне эфіру будзе забясьпечваць той жа самы калектыў. А на пытаньне, колькі будзе каштаваць пашырэньне эфіру ў FM-дыяпазоне, да таго ж у рэжыме рэальнага часу і ў інтэрнэце, спадарыня Краскоўская зазначыла, што гэта камэрцыйная таямніца. Але, натуральна, размова пра вельмі вялікія грошы.

У анансаваным Белдзяржтэлерадыёкампаніяй пляне вяшчаньня няма прынцыпова новых інфармацыйных праектаў. Незалежны журналіст Уладзімер Дзюба, які ў 1996 годзе звольніўся з беларускага радыё на знак пратэсту супраць ужываньня цэнзуры і ідэалягічнага ціску, не чакае новых тэндэнцый у інфармацыйнай палітыцы першага каналу.

(Дзюба: ) “Думаю, што аднаўленьне беларускага радыё робіцца ў першую чаргу з палітычнай, прапагандысцкай мэтай напярэдадні маючых адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкіх выбараў. Зразумела, што грошы на гэты выдаткаваныя з бюджэту, з кішэняў падаткаплатнікаў”.

Зь бюджэту і раней укладаліся сродкі ў разьвіцьцё дзяржаўных друкаваных выданьняў. “Каляровымі” і шматпалоснымі сталі газэты “Саветская Белоруссия”, “Звязда”, “Рэспубліка”. Сярэднія заробкі журналістаў у гэтых выданьнях набліжаюцца да 2 мільёнаў рублёў – тысячы даляраў. Добрае бюджэтнае фінансаваньне атрымлівае і Першы нацыянальны тэлеканал. Але вернемся да гутаркі са спадаром Дзюбам і пагаворым, чаго хутчэй за ўсё ня будзе ў кругласуткавым вяшчаньні Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё.

(Дзюба: ) “Можна быць упэўненым на 100%, што ніколі ня будзе гучаць агляд беларускай незалежнай прэсы. Гэтаксама як і будзе закрыты гэты эфір для людзей, якія маюць свой пункт гледжаньня, у першую чаргу крытычны пункт гледжаньня на падзеі, якія адбываюцца ў нашым грамадзтве. Можна прадбачыць, што паўнавартасным дзяржаўны эфір ніколі ня будзе. У першую чаргу таму, што паўнавартасным можа быць друкаванае выданьне, інтэрнэт-выданьне, тэлеканал, радыёпраграма, калі адпаведна закону аб сродках масавай інфармацыі, адпаведна Канстытуцыі нашай краіны, там выказваюцца і гучаць розныя пункты гледжаньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG