Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Сойму Літвы гатовы да кампрамісу для дэмакратызацыі Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Старшыня літоўскага Сойму Артурас Паўласкас сёньня заявіў, што Літва гатовая, магчыма, пайсьці і шляхам кампрамісу зь цяперашняй беларускай уладай. Літоўскі сьпікер падкрэсьлівае, што варта выкарыстаць усе магчымыя шляхі, у тым ліку і кампраміс, дзеля спрыяньня дэмакратычным працэсам у Беларусі.

Старшыня літоўскага парлямэнту сёньня пракамэнтаваў заявы і прапановы, якія гучалі апошнімі днямі ў Вільні на 14-й канфэрэнцыі Парлямэнцкай асамблеі краінаў Балтыйскага мора і ў часе сустрэчы кіраўніка ПА АБСЭ Элсі Гастынгса зь літоўскімі ўладцамі.

У інтэрвію літоўскаму радыё “Радыё навінаў”, дзе двойчы на тыдзень рэгулярна даецца час у жывым эфіры для кіраўнікоў краіны, Артурас Паўласкас сёньня тлумачыў, ці азначае гэтая ўвага да “беларускага пытаньня” новыя пляны Літвы ў стасунках зь Беларусьсю.

Літоўскі сьпікер спаслаўся на заявы кіраўніка парлямэнцкага камітэту замежных справаў Літвы Ю. Каросаса (учора беларуская “Свабода” паведамляла пра прапановы Ю.Каросаса зьмяніць палітыку ізаляцыі беларускага рэжыму на “палітыку балансаваньня”):

(Паўласкас: ) “Юсьцінас Каросас разважаў, што, магчыма, варта выкарыстаць іншыя формы дзеля спрыяньня дэмакратычным працэсам у Беларусі, што, можа, палітыка ігнараваньня не дала чаканых вынікаў. Ён прадставіў гэтыя ідэі на канфэрэнцыі [Парлямэнцкай Асамблеі краінаў Балтыйскага мора] і ў часе сустрэчы з кіраўніком АБСЭ. Мяркую, што, хаця б часткова, з гэтымі прапановамі трэба пагадзіцца – а менавіта, выкарыстаць усе формы, якімі б можна было спрыяць дэмакратычным працэсам у Беларусі. Можа быць, і шляхам кампрамісу зь цяперашнімі беларускімі ўладамі”.

Літоўскі сьпікер нагадаў, што Літва імкнецца падтрымліваць зь Беларусьсю добрасуседзкія і прагматычныя дачыненьні.

(Паўласкас: ) “Мы падпісалі дамову пра добрасуседзкія дачыненьні і супрацоўніцтва. Наш гандаль досыць інтэнсіўны. Ад ліпеня патаньнелі візы. Між намі досыць актыўнае супрацоўніцтва, у тым ліку і ў сфэры бізнэсу. Аднак мы ня можам ня бачыць недэмакратычныя крокі гэтай краіны што да правоў чалавека, свабоды друку, іншых прынцыпаў прававой дзяржавы, якія ў Беларусі не ажыцьцяўляюцца. Мы размаўлялі з кіраўніком АБСЭ, – арганізацыі, якая найперш рупіцца пра справядлівыя выбары, – каб яны ўжо цяпер падумалі, якія ўмовы ў Беларусі для дзейнасьці апазыцыі, чаму СМІ ня могуць свабодна выказваць свае думкі, – бо назіраньне ў часе выбараў нічога па сутнасьці зьмяніць ня можа. Яно толькі канстатуе існуючае становішча. А калі мы жадаем, каб у гэтай краіне насамрэч была дэмакратыя, каб грамадзяне маглі вольна выказваць сваю волю, трэба зьвярнуць увагу, трэба забясьпечыць, каб згаданыя мною дэмакратычныя прынцыпы сапраўды ажыцьцявіліся.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG