Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экалягічны турызм для Лукашэнкі – вёску Дарашэвічы агарадзілі плотам


Казімер Яноўскі, Петрыкаўскі раён, Гомельшчына Вёска Дарашэвічы Петрыкаўскага раёну стагодзьдзямі стаяла на левым беразе ракі Прыпяць. Нядаўна вёску адгарадзілі ад Прыпяці высокім драўляным плотам. Гэтак экспэрымэнтальная лесагаспадарка “Ляскавічы”, што належыць да кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, разьвівае на Палесьсі экалягічны турызм. Ані рыбакоў, ані вяскоўцаў да Прыпяці не пускаюць ахоўнікі. Распавядае наш гомельскі карэспандэнт.

Вёску Дарашэвічы ад ракі Прыпяць адгарадзілі плотам літаральна за тры дні. Апавядае мясцовы жыхар Мікалай:

(Мікалай: ) “Адгарадзілі вёску ад пляжу, ад ракі. Паставілі плот уздоўж вёскі. Дзе быў пляж, адгарадзілі. А нас адагналі ў кусты. Людзі з хатаў выходзяць і прама ў плот пазіраюць. Адгароджана ад Кабачка да самага клюбу ў Дарашэвічах – кілямэтраў два з паловай, тры будзе”, – кажа вясковец з Дарашэвічаў.

Урочышча Кабачок знакамітае тым, што тут знаходзіцца летняя рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Яна таксама наўкола абнесена агароджай.

Як сьцьвярджаюць вяскоўцы, экспэрымэнтальная лесагаспадарка “Ляскавічы”, якой кіруе Васіль Бамбіза, у Дарашэвічах на месцы зачыненай фэрмы вырашыла пабудаваць яшчэ і гатэль для турыстаў. Да гатэлю прырэзаная і прырэчная зона. Яна і адгароджана высокім плотам да самага Кабачка. Тут дзяжурыць ахова і нікога не пускае да Прыпяці – ні рыбакоў, ні вяскоўцаў.

Гаворыць былая калгасная даярка з Дарашэвічаў Клаўдзія Кульчыцкая:

(Кульчыцкая: ) “Я пражыла 70 гадоў, сорак зь іх працавала на фэрме. Я ўжо цэлую Прыпяць малака надаіла сваімі рукамі. А цяпер прыедзе маё дзіця, дык няма дзе толкам пакупацца. Ідзі ў лягушатнік, у гліну. А там, дзе пясок, яны ж усё занялі”.

У начальніка зямельнай службы Петрыкаўскага раёну Аляксандра Вяргея я пацікавіўся, хто ж распарадзіўся адгарадзіць у Дарашэвічах вяскоўцаў ад Прыпяці?

(Вяргей: ) “Пра гэты плот я толькі пачуў сёньня раніцаю. Таму нічога сказаць не магу. Я толькі з адпачынку, не магу зарыентавацца. Проста не займаўся гэтаю справаю. Сельскі Савет прымае рашэньне наконт адводу зямельных участкаў на сваёй тэрыторыі, а мы кантралюем”, – сказаў начальнік зямельнай службы Аляксандр Вяргей.

Сакратарка Ляскавіцкага сельскага Савету Надзея Стэльмашок у сваю чаргу паведаміла:

(Стэльмашок: ) “Усе рашэньні ідуць празь мяне. Такога рашэньня я нікому не давала. Ніякага рашэньня мы не падпіcвалі і не выдавалі. Заўтра на тэрыторыі сельскага Савета будзе прэзыдэнт. Думаю, пытаньні будуць і да прэзыдэнта на такую тэму”, – лічыць сакратарка Ляскавіцкага сельскага Савету спадарыня Стэльмашок.

У Дарашэвічах людзі ня маюць сумневу, хто насамрэч распараджаецца падобным пераразьмеркаваньнем тэрыторыі:

(Мікалай: ) “Хто начальнік, той і пан. Улада ўся ў іх. І зьвязана гэта з прэзыдэнтам. Бамбіза захацеў – робіць тут, захацеў – робіць там. А для людзей – хрэн з табакаю”.
XS
SM
MD
LG