Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскае МЗС: пэрспэктыва Беларусі – інтэграцыя ў эўрапейскія структуры


Паўло Зубюк, Кіеў Украіна далучылася да заявы брытанскага старшынства ў Эўразьвязе, якая падтрымлівае ідэю тэхнічнае дапамогі Беларусі пры падрыхтоўцы выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў пракамэнтаваў пазыцыю Ўкраіны для Радыё Свабода.

Эўразьвяз, а зь ім і Ўкраіна, выказваюць заклапочанасьць указам беларускага прэзыдэнта ад 17 жніўня, які забараняе тэхнічную дапамогу з боку іншых дзяржаў. Нагадаем, што далучэньне Ўкраіны да заявы наконт тэхнічнае дапамогі адбылося на тле шэрагу ініцыятываў Украіны па дэмакратызацыі постсавецкай прасторы.

Сытуацыю камэнтуе прэс-сакратар украінскага Міністэрства замежных справаў Васіль Філіпчук:

(Філіпчук: ) "Я б хацеў адзначыць, што пасьля перамогі памаранчавай рэвалюцыі Ўкраіна зьвяртае асаблівую ўвагу да пытаньня датрывманьня правоў чалавека і вяршынства закону ва ўсіх краінах. Падтрымка дэмакратычных сілаў зьяўляецца неад''емнай часткай украінскай замежнай і ўнутранай палітыкі. Украіна, побач з другімі дэмакратычнымі дзяржавамі, у першую чаргу Эўразьвязам, вымагае ад усіх краінаў датрыманьня дэмакратычных прынцыпаў, у тым ліку і ў выбарчых працэсах. Сыходзячы з гэтага,Ўкраіна далучылася да гэтае і другіх заяваў Эўразьвязу.

Прынцыповая пазыцыя Ўкраіны ў тым, што нельга ізаляваць Беларусь. Зьвярніце ўвагу на інтэрвію ўкраінскага міністра замежных справаў Барыса Тарасюка польскай газэце «Rzeczpospolita», дзе ён дакладна падаў нашую пазыцыю: толькі інтэграваная ў эўрапейскія структуры Беларусь можа мець адпаведную пэрспэктыву. Такую, якую павінна мець такая эўрапейская дзяржава як Беларусь.

Мы будзем прыкладаць ўсе высілкі, каб Беларусь заняла дастойнае месца ў сям''і эўрапейскіх нацый".

Спадар Філіпчук таксама адзначыў, што ўкраінскі бок гатовы супрацоўнічаць з усімі сіламі, зацікаўленымі ў эўраінтэграцыі Беларусі, ў тым ліку не выключаецца і супрацоўніцтва зь беларускай уладай на гэтай глебе. Акрамя таго, украінскія дыпляматы прыкладуць усе намаганьні, каб імкненьні да дэмакратызацыі Беларусі ня сталі прычынай пахаладаньня паміж Кіевам і Менскам.
XS
SM
MD
LG