Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя вакол “Джэм-банку” набывае рысы палітычнага скандалу


Алег Грузьдзіловіч, Менск Рада дырэктараў “Джэм-банку” заявіла, што вышэйшае кіраўніцтва краіны "дэзынфармуюць". Гэта ўжо ня першая спроба кіраўніцтва банку прыцягнуць увагу да сытуацыі вакол генэральнага дырэктара Аляксандра Татарынцава, які знаходзіцца пад арыштам, паводле пастановы сьледчых дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Сытуацыя вакол “Джэм-банку” набывае характар палітычнага скандалу. 31 жніўня рада дырэктараў банку распаўсюдзіла заяву, у якой сказана, што перасьлед генэральнага дырэктара банку Аляксандра Татарынцава мае палітычныя прычыны.

Паводле кіраўнікоў “Джэм-банку”, “пярэваратні ў пагонах” сярод дзяржаўных чыноўнікаў спрабавалі зацягнуць Татарынцава ў сваю крымінальную сетку, а калі гэта не ўдалося, учынілі над ім расправу.

У вір скандальных падзеяў уцягнуты нават кіраўнік краіны, лічаць ў “Джэм-банку”. “Мы перакананыя ў тым, што палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь наўмысна і цягам доўгага часу дэзынфармуюць ня толькі адносна сытуацыі вакол нашага банку, але і, магчыма, іншых пытаньняў дзяржаўнага і эканамічнага жыцьця”, – сьцьвярджаецца ў заяве.

Далей банкіры выказваюць меркаваньне, што дзеяньні супроць “Джэм-банку” сталіся часткай больш шырокіх плянаў, мэтай якіх ёсьць "адхіленьне ад улады дзеючага прэзыдэнта".

Паводле аўтараў заявы, гэта плянуецца зрабіць праз кантроль над кіраўнікамі некаторых сілавых ведамстваў. Ніводнага прозьвішча чыноўніка "пярэваратня" ў заяве савета дырэктараў “Джэм-банку” не названае. Я паспрабаваў высьветліць, каго дакладна падазраюць у банку ў якасьці выканаўцаў змовы супроць Аляксандра Лукашэнкі, аднак супрацоўніца банку Натальля Комар, якая адказвае за сувязі з грамадзкасьцю, адмовілася дадаваць нешта да заявы савета дырэктараў.

(Камар: ) "На жаль, ніякіх камэнтароў ня будзе".

У Камітэце дзяржаўнага кантролю, сьледчыя якога вядуць справу Аляксандра Татарынцава, спакойна паставіліся да чарговых абвінавачваньняў кіраўніцтва “Джэм-банку”. Там нагадалі пра нядаўняе абвінавачваньне сьледчых у незаконным ператрусе банку. Супрацоўнік прэс-службы Дзяніс Барташ назваў тыя абвінавачваньні банкіраў “беспадстаўнымі”.

(Барташ: ) “Я ведаю адно, гэта іх права – пісаць, а ўсе неабходныя падставы для правядзеньня таго мерапрыемства былі, ператрус быў законны.”

Нагадаем, пра непрыемнасьці у “Джэм-банку” стала вядома ў ліпені, калі Нацыянальны банк увёў для банка рэжым зьнешняй адміністрацыі і часова прыпыніў дзеяньне некаторых ліцэнзіяў. Потым гэтыя захады былі адмененыя, але неўзабаве паводле пастановы сьледзтва быў арыштаваны генэральны дырэктар “Джэм-банку” Аляксандр Татарынцаў. Банкіра дагэтуль утрымліваюць у менскім сьледчым ізалятары.
XS
SM
MD
LG