Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія аналітыкі лічаць, што перадачы "Нямецкай хвалі" будуць мець эфэкт


Алена Струвэ, Менск Нямецкі аналітык Райнэр Лінднэр і ягоны польскі калега Рафал Садоўскі лічаць, што Эўразьвяз мусіць прапанаваць недэмакратычнай Беларусі іншую пэрспэктыву разьвіцьця. Нягледзячы на некаторую адрознасьць у падыходах да вырашэньня беларускага пытаньня, абодва экспэрты надаюць найвялікшае значэньне замежнаму вяшчаньню на Беларусь, а таксама больш інтэнсіўнаму супрацоўніцтву Эўропы з тымі беларускімі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі, якія прагнуць пераменаў у Беларусі. Меркаваньні нямецкіх і польскіх экспэртаў прагучалі ў Варшаве падчас міжнароднай канфэрэнцыі з нагоды 25-гадовага юбілею стварэньня польскага прафсаюзнага руху "Салідарнасьць".

І нямецкі палітоляг Райнэр Лінднэр, і польскі экспэрт Рафал Садоўскі перакананыя, што для паўнавартаснага разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі неабходная інфармацыйная альтэрнатыва афіцыйнай лукашэнкавай прапагандзе.

З гэтае нагоды нямецкія назіральнікі надаюць вялікае значэньне таму, што ад 1 лістапада радыё "Deutsche Welle" распачне свае рэгулярнае вяшчаньне на Беларусь. Паводле апошніх паведамленьняў нямецкіх СМІ, гэтыя 15-хвілінныя праграмы будуць выходзіць (спачатку на расейскай, а потым, магчыма, і на беларускай мове) пяць разоў на тыдзень ад панядзелка да пятніцу і будуць ўздымаць такія тэмы як дэмакратыя, плюралізм, правы чалавека, свабода прэсы.

Паводле аналітыка Варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Рафала Садоўскага, найвялікшы ўплыў на дэмакратызацыю беларускага грамадзтва можа мець досьвед яе непасрэдных суседзяў – Украіны, Польшчы, Латвіі й Літвы.

Прычым, як мяркуе польскі экспэрт, першым канкрэтным і адчувальным крокам ў гэтым накірунку можа быць спроба стварэньня намаганьнямі ўсіх гэтых чатырох краінаў-суседак беларускамоўнага радыёвяшчаньня.

Рафал Садоўскі лічыць немагчымым дыялёг зь Менскам на міжурадавым узроўні. Найбольш аптымальнымі зь ягонага гледзішча могуць быць дачыненьні паміж няўрадавымі арганізацыямі. Паводле экспэрта, Эўразьвяз разглядае магчымасьці падтрымкі невялікіх сумесных двухбаковых альбо трохбаковых праектаў, напрыклад, з удзелам Польшчы, Украіны, Беларусі.

Што да нямецкага аналітыка Райнэра Лінднэра, то дачыненьні паміж Брусэлем і Менскам ў рамках палітыкі эўрапейскага добрасуседзтва фактычна замарожаныя і ня маюць такога разьвіцьця як ў выпадку з Украінай, Малдовай альбо Расеяй. У гэтым зьвязку неабходны пошук іншай стратэгіі дачыненьняў зь Беларусьсю, пошук кантакту з тымі беларускімі палітыкамі, які маюць альтэрнатыву ўрадаваму разьвіцьцю краіны.

Райнэр Лінднэр, аднак, перакананы, што пры гэтым вельмі важна было б не спыняць кантактаў зь цяперашнім беларускім кіраўніцтвам. Палітоляг настойвае на крытычным дыялёгу з афіцыйным Менскам, але пры гэтым заклікае Захад не даваць падставаў для абвінавачваньняў адносна ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі.
XS
SM
MD
LG