Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злучаныя Штаты – "змучаны Атлянт"?


Юры Дракахруст, Прага “Трымайся, змучаны Атлянт” – у артыкуле пад такой назвай, надрукаваным у брытанскай “Guardian” вядомы палітоляг Тымаці Гартан Эш, параўноўвае цяперашнюю ролю Амэрыкі ў сьвеце са становішчам Брытанскай імпэрыі пасьля англа-бурскай вайны. “Калі вашы погляды прымушаюць вас радавацца, пачакайце хвілінку: наступны гаспадар становішча можа быць куды горш за цяперашняга” – піша Эш. Са зьместам публікацыі вас азнаёміць наш карэспандэнт.

“Хочаце ведаць, як выглядаў Лёндан у 1905 годзе? Прыяжджайце ў сёньняшні Вашынгтон” – пачынае свой артыкул Тымаці Гартан Эш. Адчуваньне, што вы – цэнтар сусьвету, і страх, што ўсясьветная гегемонія не настолькі моцная, як вам хацелася б. У 1902 годзе тагачасны брытанскі міністар калёніяў Джозэф Чэмбэрлен назваў імпэрыю “змучаным Атлянтам, які з апошніх сілаў трымае цяжкі небасхіл сваёй місіі”.

Сёньня такім змучаным Атлянтам зьяўляюцца Злучаныя Штаты – мяркуе Эш. Напачатку мінулага стагодзьдзя таго пачуцьцё ў Брытаніі ўзьнікла ў сувязі з бурскай вайной, калі купка паўстанцаў кінула выклік самай моцнай дзяржаве сьвету, з-за імклівага росту эканамічнай магутнасьці Нямеччыны і Злучаных Штатаў, з-за перанапружаньня сілаў пры пабудове імпэрыі і ўнутраных эканамічных праблемаў.

Эш праводзіць аналёгіі: Ірак для Амэрыкі – гэта яе англа-бурская вайна.

Вайна з бурамі цягнулася два гады. Лёндан накіраваў туды амаль паўмільённае войска і перамог нарэшце за кошт надзвычайнай жорсткасьці – чвэрць бурскага насельніцтва былі адпраўленыя ў канцлягеры, дзе многія зь іх загінулі. “Дэмакратычныя Злучаныя Штаты, дзе жывы дух антыкаляніялізму, на гэта ня здольныя” – адзначае брытанскі палітоляг.

Ён прыводзіць дадзеныя апошняга апытаньня CNN і інстытуту Гэлапа, паводле якіх ужо 54% амэрыканцаў лічаць, што ўвод войскаў у Ірак быў памылкай.

Эш адзначае, што нават калі ірацкія палітыкі прыйдуць да згоды наконт праекту Канстытуцыі, ня варта спадзявацца, што Ірак стане стабільнай дэмакратычнай дзяржавай. Тым часам ісламісцкі Іран няўхільны ўзмацняе свой уплыў на шыіцкім поўдні Іраку. Эш з горыччу цытуе найноўшы вашынгтонскі жарт: “Вайна ў Іраку скончылася, перамог Іран”.

Паводле Эша, аналёгія са станам Брытанскай імпэрыі больш глыбокая: тады Лёндан перасьцерагаўся імклівага росту Нямеччыны і ЗША, а цяперашняя Амэрыка стаіць перад такім жа выклікам з боку Кітаю і Індыі. Па ўзроўні спажываньня энэрганосьбітаў Кітай ужо выйшаў на другое месца ў сьвеце пасьля Злучаных Штатаў. Ён займае таксама другое месца ў сьвеце пасьля Японіі па аб''ёме золатавалютных рэзэрваў, Злучаныя Штаты – на 9-м месцы, паміж Сынгапурам і Малайзіяй.

Усё гэта не азначае – падкрэсьлівае Тымаці Гартан Эш – што “амэрыканская імпэрыя” абрынецца ледзьве ня заўтра. Тая ж Брытанская імпэрыя пасьля бурскай вайны пратрывала яшчэ паўстагодзьдзя, дасягнуўшы максымальнага памеру падкантрольных тэрыторыяў у 1918 годзе, і канчаткова надарваўшы свае сілы ў вайне з Гітлерам. Але на думку брытанскага палітоляга канец “Pax Americana” ужо не за гарамі.

Аднак Эш заклікае тых, каго такая пэрспэктыва натхняе, пачакаць радавацца: па-першае, заняпад старых вялікіх дзяржаваў і ўзвышэньне новых суправаджаюцца як правіла жорсткімі войнамі, па-другое, наступны “гаспадар становішча” мажа быць значна горш за цяперашняга.

Паводле Эша, дальнабачныя людзі ў Вашынгтоне ўжо цяпер распрацоўваюць доўгатэрміновую стратэгію пабудовы сьвету, якая магла б абараніць інтарэсы лібэральных дэмакратычных краінаў і тады, калі Амэрыка страціць статус звышдзяржавы.

“Менавіта аб гэтым і павінен сёньня клапаціцца змучаны Атлянт, а мы павінны яму дапамагчы” – піша ў “Гардзіян” брытанскі палітоляг Тымаці Гартан Эш.
XS
SM
MD
LG