Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: рэальны адзіны кандыдат вызначыцца пасьля збору подпісаў


Аляксей Знаткевіч, Прага Удзельнік ранішняга эфіру “Свабоды” – намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі.

(Знаткевіч: ) “Спадар Баршчэўскі, паводле міністэрства адукацыі, 27 працэнтаў школьнікаў будуць вучыцца ў школах зь беларускай мовай навучаньня. Для параўнаньня – у 1993 годзе у першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня пайшлі больш за 75 працэнтаў беларускіх дзяцей. Улады тлумачаць зьмяншэньне колькасьці беларускамоўных школ і клясаў тым, што, маўляў, такая пазыцыя бацькоў. На Вашую думку, пазыцыя бацькоў – гэта сапраўды асноўная прычына?”

(Баршчэўскі: ) "Вядома, не. Для таго, каб бацькі аддавалі дзяцей сьвядома ў школы зь беларускай мовай навучаньня, каб гэтыя школы функцыянавалі паўнавартасна, трэба шмат што зьмяніць у грамадзтве і дзяржаве. Калі ў ВНУ хаця б палову ўступных іспытаў трэба будзе здаваць па-беларуску або калі ўнівэрсытэты цалкам будуць працаваць па-беларуску, калі па-беларуску будуць сэрыялы і сусьветная клясыка, гэты выбар прыйдзе сам сабой. Тут няма пра што гаварыць. Іншая сытуацыя, калі людзей прымушаюць ня ведаць беларускай мовы. Адна школа гэтага ня зробіць. Пасьля ліквідацыі нашага ліцэя, няма ў Беларусі школы, дзе дзяцей вучаць паўнавартасна і бяз комплексаў гаварывць па-беларуску".

(Знаткевіч: ) “Яшчэ ў 2003 годзе беларускія ўлады пазбавілі гуманітарны ліцэй памяшканьня і афіцыйнай рэгістрацыі. Ад таго часу ліцэісты займаюцца фактычна ў паўпадпольных умовах – на кватэрах – і здаюць экзамэны экстэрнам. Спадар Баршчэўскі, наколькі я ведаю, новы навучальны год у ліцэі пачнецца толькі ў кастрычніку – з чым гэта зьвязана, і ці ёсьць у ліцэі сёлета новыя навучэнцы?”

(Баршчэўскі: ) "Гэта ня правільная інфармацыя. Навучальны год у нас пачаўся зь 1 ліпеня. І мы ўжо першую чвэрць новага навучальнага году закончылі. Цяпер у нас вакацыі. А ў кастрычніку наш навучальны год працягнецца. А новыя вучні, безумоўна, ёсьць. І колькасьць ахвочых расьце. Больш за 40 чалавек прыйшло да нас, ня гледзячы на адсутнасьць рэклямы. Рэклямы не было і яе ня можна ў прынцыпе даваць. Мы адабралі 24 лепшых. А агулам цяпер у нас вучняў 86 чалавек – гэта аптымальная лічба”.

(Знаткевіч: ) “Спадар Баршчэўскі, Вы таксама сябра Партыі БНФ, у свой час Вы былі дэпутатам Вярхоўнага Савету, таму наступнае пытаньне – палітычнае. Як Вы ацэньваеце цяперашнюю кампанію апазыцыі па вылучэньні адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары наступнага году, наколькі яна пасьпяхова ідзе?”

(Баршчэўскі: ) "Мне цяжка меркаваць, бо ў сувязі з абставінамі, пра якія я сказаў, актыўнага ўдзелу ў кампаніі я прымаць не магу. Я знаходзіўся разам зь ліцэем, а вучыліся мы за мяжой. Іншае пытаньне, што я ня бачу альтэрнатывы гэтай кампаніі. Як яна праходзіць – так праходзіць. Адзіным кандыдатам будзе той, каму ўдасца ў гэтых неверагодна цяжкіх умовах сабраць 100 зь лішкам тысяч подпісаў. Думаю, пасьля гэтай кампаніі застанецца адзін або два чалавекі – канкурэнты дзейнаму прэзыдэнту. Таму як гэтая кампанія праходзіць – так праходзіць. А рэальныя рэчы – ёсьць рэальныя рэчы”.

(Знаткевіч: ) "Але збор подпісаў будзе ў наступным годзе..."

(Баршчэўскі: ) "Так, але ён менавіта і вырашыць, хто будзе той адзіны, бо іншыя папросту не зьбяруць подпісаў. Памятаеце 2001 год – колькі было жадаючых, а на фінішы засталося чатыры чалавекі. А рэальна сабралі подпісы толькі двое”.

(Знаткевіч: ) "Спадар Баршчэўскі, партыя БНФ, да якой Вы належыце, гэта адзін з арганізатараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім мае быць вызначаны адзіны кандыдат апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары. Вашая партыя падтрымлівае Аляксандра Мілінкевіча. Аднак дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас, які таксама заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, крытыкуе працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата, гаворачы, што яна надае зашмат перавагі прадстаўнікам партыяў. Хто мае рацыю і каго Вы самі лічыце мацнейшым кандыдатам?”

(Баршчэўскі: ) "Я чалавек, які стаіць на цьвярозых, на рэалістычных пазыцыях. Можна крытыкаваць, можна гаварыць... Я, дарэчы, не прадстаўляю партыю БНФ. Я яе шараговы сябра і не магу гаварыць за яе. Я проста ведаю, што адзіны кандыдат вызначыцца ў выніку збору подпісаў. Можна быць добрым чалавекам, выдатным лідэрам, але калі няма каму за яго працаваць, тады нічога з гэтага ня будзе. А для гэтага трэба мець тысячы актывістаў па ўсёй Беларусі. Пакуль што "Пяцёрка+" – яна адзіная, хто можа гэтых актывістаў сабраць. Альтэрнатыўных фігураў я ня бачу. Можа, праз год нешта зьменіцца. Я ня ведаю, падтрымаю я Мілінкевіча ці некага іншага, але на сёньня трэба быць рэалістам і стаяць на рэальнай глебе”.

(Знаткевіч: ) "Апошняе пытаньне, якое мы задаем усім слухачам на гэтым тыдні: чаму, на Вашую думку, пагоршыліся дачыненьні Беларусі з большасьцю суседніх краінаў?”

(Баршчэўскі: ) "Я думаю, што тут два чыньнікі. Па-першае, гэта выгадна нашым усходнім суседзям, таму што яны хочуць трымаць Беларусь у арбіце свайго ўплыву, граюць на комплексах і нездаровых пачуцьцях часткі беларускага кіраўніцтва, каб ізаляваць Беларусь ад іншага сьвету. А па-другое, само беларускае кіраўніцтва не шукае выхаду, не шукае кантактаў, таму што зноў такі камплексуе – у яго ёсьць старыя забабоны, што вакол толькі ворагі, што ўсе вакол толькі і мараць, каб праглынуць Беларусь. Адсюль і пагаршэньне адносінаў. Гэта чыста асабістыя прычыны. Я вось быў два месяцы ў Польшчы і ведаю, што шараговыя палякі вельмі добра ставяцца да дэмакратычнай Беларусі, перажываюць, можа, нават болей, чым нашы суграмадзяне, калі ж будзе ў нас нейкі прадказальны лад, нармальны лад, калі можна будзе прыехаць спакойна і кантактаваць нармальна, не баючыся нечаканасьцяў і рэпрэсіяў. Усе хочуць спакойных адносінаў зь Беларусьсю. Але, падобна, што таго ня хоча беларускае кіраўніцтва”.
XS
SM
MD
LG