Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Кмары” абскардзілі прысуд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывісты “Кмары” Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ, якіх утрымліваюць пад арыштам у менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, накіравалі скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Грамадзяне Грузіі просяць адмяніць рашэньне судзьдзі Маскоўскага раёну Віктара Казака, паводле якога іх засудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства.

Ад імя падабаронных скаргу накіравала ў гарадзкі суд адвакат Вера Страмкоўская. Яна кажа, што падставаў для адмены рашэньня судзьдзі дастаткова, раз былі парушаны адразу некалькі норм.

(Страмкоўская: ) “Іх прывезьлі ў суд. Нават ня выклікалі туды чалавека, якога яны, нібыта, абразілі: ня выклікалі сьведак. Ім адмовілі ў задавальненьні хадайніцтва аб выкліку сьведак, якіх яны заявілі”.

Паводле Веры Страмкоўскай, дробнае хуліганства, якое, нібыта, учынілі грамадзяне Грузіі ў ізалятары, — гэта абраза сукамэрніка. Са слоў Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ, у нядзелю, 28 жніўня, да іх у камэру быў зьмешчаны чалавек, які адразу пачаў лаяцца й крычаць, што ня хоча знаходзіцца ў адным памяшканьні з грузінамі. Пазьней ён напісаў заяву, быццам яго абразілі “брыдкаслоўем”.

Адвакат Вера Страмкоўская ніяк не пракамэнтавала гэтага інцыдэнту. Прытым, яна мяркуе, што ня ўся праўда пра яго была высьветлена падчас судовага разгляду.

Таксама Вера Страмкоўская паведаміла, што 31 жніўня ад імя грамадзян Грузіі накіравала скаргу ў пракуратуру Беларусі. У гэтым дакумэнце абскарджана пастанова пракурора Маскоўскага раёну Менску, на падставе якой Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ ўтрымлівалі ў ізалятары з 24 да 29 жніўня, нібыта, як замежнікаў, што парушылі правілы знаходжаньня ў Беларусі. Адвакат спаслалася на тое, што абодва грамадзяне Грузіі былі належным чынам зарэгістраваны ў гатэлі”Звязда”.

Тым часам консул амбасады Грузіі ва Ўкраіне Зураб Квачадзэ, які адмыслова накіраваны ў Менск для дапамогі арыштаваным, паведаміў Свабодзе, што працягваюцца перамовы аб іх вызваленьні й ад’езьдзе ў Грузію як мага раней.

Паводле дзяжурнага ізалятару на вуліцы Акрэсьціна, Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ цяпер знаходзяцца ў камэры разам і толькі ўдвох. Дзяжурны адмовіўся сказаць, ці зьмяшчалі каго раней ў камэру, дзе іх трымаюць. Паводле дзяжурнага, грамадзяне Грузіі на умовы ўтрыманьня ня скардзяцца.

30 жніўня ўвечары праваабаронцы з цэнтру “Вясна” перадалі Георгію Кандэлакі й Луку Цуладзэ садавіны, каўбасы, цыгаркі, рэчы асабістай гігіены.

Насёньня там жа, у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, знаходзяцца тры актывісты руху”Зубр”, засуджаныя на 10 сутак за акцыю салідарнасьці з грамадзянамі Грузіі. Гэта Наталя Ушко, Аляксандар Курбіцкі й Аляксей Ляўковіч. Пазаўчора актывістам “Зубру” ўдалося перадаць ім харчовыя перадачы.

Нагадаем: актывістаў “Кмары” затрымалі 24 жніўня й неўзабаве зьвінавацілі за ўмяшаньне ў справы Беларусі ды вырашылі дэпартаваць. Аднак 29 жніўня Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ засудзілі да 15 дзён адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства.

Падобным чынам сёлета ў красавіку некалькі актывістаў расейскай моладзевай арганізацыі “Идущие без Путина” былі затрыманы ў Менску падчас Чарнобыльскага шляху й засуджаны на розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту. Празь некалькі дзён прысуды былі перагледжаны ў гарадзкім судзе, і расейскіх грамадзян адпусьцілі.

Арганізацыя “Кмара” (па-грузінску “Хопіць”) узьнікла ў 2003 годзе. У адну з раніц жыхары Тбілісі ўбачылі на праспэкце Руставэлі надпіс на асфальце “Хопіць!” У “Кмару” уваходзілі маладыя людзі 18-20 гадоў, пераважна студэнты ВНУ. Яны насілі белыя майкі, на якіх была намаляваная чорная рука і слова “Хопіць”.

Асаблівую актыўнасьць “Кмара” праявіла падчас парлямэнцкіх выбараў у лістападзе 2003 году. Жыхарам Тбілісі запомнілася акцыя “Кмары” каля станцыі мэтро Руставэлі. З кардону была выразаная вялікая фігура Шэварднадзэ, які глядзеў з унітаза. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца побач з прэзыдэнтам. “Кмара” весяліла народ і здолела адвярнуць грамадзкую думку ад прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ.

“Кмара” мела моцную сувязь з сэрбскім моладзевым рухам “Отпор”, некаторыя нават лічылі яе філіялам “Отпору”. У такіх арганізацыях, як правіла, няма лідэра – усе члены нясуць аднолькавую адказнасьць за дзейнасьць суполкі. Але ў “Кмары” лідэр быў – гэта студэнтка юрыдычнага факультэту Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тэа Тутбэрыдзэ. У 2003 годзе Тэа Тутбэрыдзэ была студэнткай 5-га курсу і актыўна выступала супраць рэктара.

Сёньня арганізацыі “Кмара” як такой не існуе. Яе былыя члены працуюць у недзяржаўных структурах – большасьць, у тбіліскім “Істытуце Свабоды”. Супрацоўнікамі “Інстытуту Свабоды” зьяўляюцца і затрыманыя ў Менску Георгі Кандэлакі і Лука Цуладзэ.

“Кмара” ніколі не была зарэгістраваная афіцыйна. Формула, якой кіраваліся яе члены – “Нас мала, але нас лёгка заўважыць”. Журналісты тбіліскага бюро Радыё Свабода лічаць, што ў 2003-4 гадах у “Кмару” ўваходзіла да 100 чалавек.


Гл. таксама • Экспэртыза свабоды: За што пакаралі двух грамадзян Грузіі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG