Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН заклікае беларускія ўлады спрасьціць рэгістрацыю няўрадавых арганізацый


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Беларусі прэзэнтавала чарговую Нацыянальную справаздачу аб чалавечым разьвіцьці за 2004-2005 гады. Справаздача прысьвечана дыспрапорцыям і пэрспэктывам разьвіцьця эканомікі й грамадзтва Беларусі. У дакумэнце крытычна ацэнена сыстэма рэглямэнтацыі структураў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Навуковы рэдактар Нацыянальнай справаздачы аб чалавечым разьвіцьці Ўладзімер Шымаў, ацэньваючы прэзэнтаваны сёньня зборнік, зазначыў, што ў ім аб’ектыўна выяўлены ключавыя праблемы цяперашняга этапу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі.

(Шымаў: ) “Этапу, які можна, па праўдзе, ахарактарызаваць як этап завяршэньня выкарыстаньня экстэнсіўных фактараў разьвіцьця эканомікі краіны. Пераход да інтэнсіўных фактараў патрабуе прынцыпова новых падыходаў”.

У эканоміцы аўтары справаздачы робяць акцэнт на неабходнасьці дывэрсыфікацыі беларускага экспарту; мадэрнізацыі прамысловасьці для вытворчасьці высокатэхналягічнай прадукцыі; паляпшэньня ўмоваў для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў; пераходу ў зьнешнім гандлі на прынцыпы Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Сярод істотных праблемаў эканомікі — высокая ступень зносу абсталяваньня, якая складае каля 75 адсоткаў, нізкі узровень інвэстыцыяў.

Справаздача заклікае да пераадоленьня праблемаў рэгіянальнай няроўнасьці й дэпрэсіўных рэгіёнаў. Да апошніх адносяцца перш за ўсё тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС.

Беларусь перажывае моцны дэмаграфічны крызыс, які спадар Шымаў нават назваў “дэпапуляцыяй” беларусаў. Высокімі застаюцца ўзровень беднасьці (17,8 адсотка насельніцтва маюць меней за пражыткавы мінімум, які летась складаў 126 тысяч рублёў на месяц), а таксама няроўнасьць мужчын і жанчын у аплаце працы — жанчыны атрымліваюць 80 адсоткаў ад сярэдняга заробку мужчын.

Навукоўцы таксама робяць выснову аб празьмернай цэнтралізацыі ўладных паўнамоцтваў у Беларусі, якая стрымлівае разьвіцьцё мясцовага самакіраваньня. “Моцная цэнтралізаваная ўлада, вертыкальна падначаленая прэзыдэнту, дазваляе цэнтру ў большай ступені ўплываць на працу заканадаўчай улады, чым насельніцтву, якое абрала Саветы”, — зазначаецца ў справаздачы.

Асаблівую ўвагу экспэрты зьвяртаюць на перашкоды сацыяльнай актыўнасьці грамадзян. Гаворыць прадстаўніца ААН/ПРААН у Беларусі Джыхан Султанаглу.

(Султанаглу: ) “Адна з рэкамэндацыяў, выкладзеных у справаздачы, датычыць неабходнасьці пашырэньня прасторы для індывідуальных ініцыятываў і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ды наданьня мясцовым грамадам магчымасьцяў самастойна вырашаць уласныя праблемы”.

Няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі, паводле аўтараў справаздачы, маюць абмежаваныя рэсурсы для сваёй дзейнасьці, церпяць ад празьмернай рэглямэнтацыі з боку дзяржавы. Рэгістрацыя новых няўрадавых арганізацыяў абцяжарана шматлікімі фармальнасьцямі.

“У цэлым, можна адзначыць тэндэнцыю да ўзмацненьня кантролю за дзейнасьцю беларускіх няўрадавых арганізацыяў з боку дзяржавы”, — сьцьвярджаюць аўтары справаздачы. Толькі ў 2003 годзе ўладамі была закрыта 51 такая арганізацыя. Экспэрты ПРААН заклікаюць беларускія ўлады спрасьціць рэгістрацыйныя працэдуры й падтрымліваць добраахвотныя аб’яднаньні грамадзян.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG