Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ЦВК робіць прагнозы на прэзыдэнцкія выбары


Вячаслаў Кулік, Менск Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына заяўляе, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году, хутчэй за ўсё, ня будзе другога туру. У інтэрвію нашаму радыё спадарыня Ярмошына таксама зрабіла прагнозы наконт колькасьці магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта.

У гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода спадарыня Ярмошына адразу паведаміла, што яе сымпатыі на баку Аляксандра Лукашэнкі.

(Ярмошына: ) “На дадзены момант, калі паглядзець на палітычнае поле і гульцоў, якія на ім бачныя, то на дадзены момант я магу сказаць толькі аб дзеючым прэзыдэнце, які зьяўляецца самым яркім і вядомым палітыкам”.

На пытаньне: ці пачаў Лукашэнка сваю перадвыбарчую агітацыю, Лідзія Ярмошына адказала таксама пытаньнем.

(Ярмошына: ) “Прывядзіце мне прыклады, што выбарчая кампанія ўжо пачалася?”

Са старшынёй Цэнтрвыбаркаму палемізуюць вядомыя палітыкі Пятро Краўчанка і Анатоль Вайтовіч.

(Краўчанка: ) “Што тычыцца перадвыбарчай кампаніі Лукашэнка, то ён не перапыняў, пачынаючы ад 2001 году. І гэта бачна па заявах, па той інтанацыі, зь якой ён зьвяртаецца да народу. Па-сутнасьці, ён ужо стаіць перад народам з працягнутай рукой і просіць: “Ну, не праганяйце мяне, дайце мне магчымасьць яшчэ нешта зрабіць, як быццам ”.

(Вайтовіч: ) “Ня толькі словы прэзыдэнта - амаль у кожнай прамове і на кожным паседжаньні ён ўзгадвае пра выбарчую кампанію – але таксама і справы. Ня толькі гатэль “Эўропа” і Нацыянальная бібліятэка, але таксама спадарожнік, які непатрэбны Беларусі зусім. Выкарыстоўваючы народныя грошы, ён хоча тым самым паўплываць на выбары. Гэта ж усё прымеркавана да часу, вы ж глядзіце на час”.

Сказаў акадэмік Анатоль Вайтовіч. Па ягоным меркаваньні старшыня Цэнтрвыбаркаму парушае свае паўнамоцтвы, калі бярэ на сябе сьмеласьць прагназаваць расклад палітычных сілаў у 2006 годзе. У прыватнасьці, Лідзія Ярмошына заяўляе.

(Ярмошына: ) “100 тысяч подпісаў сабраць кандыдату вельмі цяжка. Мы ж рэальна. Тым больш цяжка, калі чалавек малавядомы. Мы ж разумеем рэальна, што 100 тысяч подпісаў зьбяруць ня больш як чатыры. Што датычыць майго меркаваньня, што другі тур наўрад ці будзе, то гэта меркаваньне, як практыка”.

Іншы погляд на агучаную Лідзіяй Ярмошынай пазыцыю ў Пятра Краўчанкі.

(Краўчанка: ) “Абсалютна розныя ўмовы для старту незалежнага кандыдата і таго чалавека, які пры ўладзе. Гэта цалкам недэмакратычная сытуацыя. А наконт спадарыні Ярмошынай? Якраз гэта і сьведчыць пра чалавека, зацікаўленага ў тым, каб кандыдатураў было менш. Наагул, сёньня ніхто ня можа сьцьвярджаць, што будзе два, чатыры ці шэсьць кандыдатаў у кандыдаты ў прэзыдэнты. Так што заява Ярмошынай гаворыць, што ёсьць пэўны плян дзеяньняў адміністрацыі, які ведае Ярмошына і ўжо падбіраюцца тыя кандыдатуры, якім дадуць магчымасьць па 100 тысяч подпісаў”.

Гаварыў Пятро Краўчанка. Як паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркаму, прэзыдэнцкія выбары павінны праводзіцца не пазьней чым за два месяцы да заканчэньня паўнамоцтваў дзеючага прэзыдэнта. Тэрмін Лукашэнкі пачаўся 20 верасьня 2001 году і павінен скончыцца 20 верасьня 2006 году. “Апошні магчымы дзень прэзыдэнцкіх выбараў – 16 ліпеня”, - кажа Лідзія Ярмошына. На заўвагу, што гэта разгар сэзону вакацыяў і адпачынкаў, старшыня ЦВК заўважыла наступнае.

(Ярмошына: ) “Так, вядома, я пагаджаюся, што студэнты, і водпускі, і гэтак далей. Але існуюць тэрміны, вызначаныя канстытуцыяй. І парлямэнт мае права ў гэтым калідоры вызначаць тэрмін. Галоўнае, каб ён быў не пазьнейшы за 16 ліпеня. Можна абмяркоўваць, мэтазгодна гэта ці не, але трэба зыходзіць з гледжаньня закону”.

Камэнтуе юрыст Міхаіл Пліска.

(Пліска: ) “Я думаю, што тэрмін, які вызначыла спадарыня Ярмошына, спраўдзіцца хутчэй за ўсё. Таму што яўка выбаршчыкаў для іх – справа другасная. Яны яе забясьпечаць як бы тым ні было. Што тычыцца перадвыбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, то менш будзе станоўчых умоваў для яе. Час адпачынкаў, людзі, студэнты не на месцы. А для уладаў гэта больш выгодная дата, чым увосень, ці вясной”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG